Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь не прапусьцілі аўтобус зь Вільні, пасажыраў высадзілі пасярод ночы, кіроўцу павялі. Што здарылася


Памежны пераход Каменны Лог. Ілюстрацыйнае фота.
Памежны пераход Каменны Лог. Ілюстрацыйнае фота.

Партал «Зеркало» са спасылкай на сваіх чытачоў расказаў, як 7 ліпеня аўтобус, які ехаў зь Вільні ў Менск, спынілі на беларускай мяжы. Пасажыраў пратрымалі некалькі гадзін, пасьля высадзілі і прапанавалі дабірацца сваім ходам.

Аўтобус кампаніі PL Int выехаў 7 ліпеня са сталіцы Літвы па раскладзе ў 17.00 і меўся быць у Менску ў 21.00. Што адбывалася далей, расказвае чытачка «Зеркала»:

— На літоўскай мяжы ўсё было добра, прапусьцілі без праблем. На беларускай пачалося: супрацоўнікі сказалі чакаць, некуды пайшлі, і ў выніку аўтобус прастаяў чатыры гадзіны! Потым яны вярнуліся і сказалі чакаць яшчэ. Каля паўночы да пасажыраў падышоў памежнік і сказаў выходзіць разам з рэчамі. Пункт пропуску «Каменны Лог» не прызначаны для пераходу мяжы пешшу, але супрацоўнік прайшоў яго разам з пасажырамі. Памежнік сказаў: «Дзякуйце за гэта сваёй Літве».

Па словах суразмоўцы партала, прычынай прыпынку аўтобуса стала прэтэнзія памежнікаў да кіроўцы — той нібыта вёз кантрабанду. Хоць сам кіроўца тлумачыў, што гэта стандартныя запчасткі на выпадак паломкі транспарту.

У кампаніі PL Int «Зеркалу» расказалі, што такі інцыдэнт на мяжы сапраўды быў. Па словах прадстаўніка перавозчыка, кіроўцу спынілі нібыта з прычыны кантрабанды:

— У аўтобусе знайшлі нейкія рэчы, якія нельга было везьці. Тамака былі запчасткі. Чаму праз гэта затрымалі... Недэкляраванае, атрымліваецца, было. З кіроўцам нічога [ня здарылася], яго вярнулі назад. Потым ён зноў паехаў у Беларусь, і больш праблемаў ніякіх не было. Такое з намі першы раз, але пасьля гэтага інцыдэнту наступстваў ніякіх не было. У пасажыраў былі прэтэнзіі, але ўсё ўдалося вырашыць: вярнулі грошы.

Такі камэнтар даў прадстаўнік Смаргонскай памежнай групы:

— У адносінах да грамадзян праведзены пагранічны кантроль, людзі перасеклі мяжу. Пасьля прапановы ім дапамогі па пасадцы ў аўтобусы сказалі, што едуць самастойна... З боку памежнікаў людзям была прапанаваная пасадка ў аўтобусы, якія ехалі празь дзяржаўную мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG