Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За краты дзеля новай візы ня надта хочацца». Гісторыі беларусаў, якія падпалі пад папраўкі ў польскім заканадаўстве


Беларускі мітынг у Польшчы, архіўнае фота
Беларускі мітынг у Польшчы, архіўнае фота

Праз скасаваньне эпідэмічнага рэжыму ў Польшчы некаторыя беларусы і беларускі сутыкнуліся з праблемай: у іх засталося каля 30 дзён, каб атрымаць легалізацыю.

Беларусы могуць легалізавацца ў Польшчы цяпер як праз атрыманьне дазволу на жыхарства, так і праз хадайніцтва аб атрыманьні міжнароднай абароны. Атрымаць нацыянальную візу па гуманітарных абставінах на тэрыторыі Польшчы ўжо немагчыма.

Паводле паправак у польскім заканадаўстве, у іншаземцаў з пачатку ліпеня будзе толькі 30 дзён, каб легалізаваць сваё знаходжаньне ў Польшчы, калі яны знаходзіліся на падставе падоўжаных праз эпідэмічны рэжым дакумэнтаў.

«Хацела б я сказаць, што гэта танізуе і матывуе, але хутчэй злуе»

Воля мае часовы дазвол на жыхарства, які дзяўчына рабіла на падставе вучобы ў Польшчы.

«Цяпер усе ў максымальна падвешаным стане. Фармальна карта скончылася 11 чэрвеня, а вучоба на паперах да 30-га. Дзякуй ковідным захадам, што магу закрыць сэсію і абараніць дыплём».

Выехала зь Беларусі Воля ў 2020-м, са студэнцкай візай па стыпэндыі Каліноўскага.

«Тады ў мяне была „зэрувка“ (курс польскай мовы даўжынёй у год для падрыхтоўкі абітурыентаў для паступленьня. — РС). Далей я пачакала, пакуль віза амаль скончыцца, падала дакумэнты на карту часовага побыту (часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы. — РС), якую мне рабілі 8 месяцаў і далі на тэрмін, трошкі большы за год. Дзесьці ў красавіку я падумала паспрабаваць зрабіць гуманітарную візу тут, бо вярнуцца ня вельмі магу. Здавалася лягічным, што гэта падстава. Але не, бо папярэдняя мая віза не гуманітарная і я не выяжджала з Украіны».

Воля думала, што будзе мець час, каб спакойна скончыць унівэрсытэт, адпачыць і асэнсаваць, што рабіць далей.

«Разумею, што ўсе трэба вырашаць цяпер. І пляны В,С і D таксама зараз прапрацоўваць. Я пляную паступаць у дактарантуру — і хочацца, і легалізацыя на 4 гады. Ёсьць на прыкмеце адзін унівэр, дзе ёсьць тое, чым хачу займацца, і ведаю, што там добры ўзровень. Але і канкурэнцыя, і патрабаваньні ў іх таксама добрыя. Калі там возьмуць, то дамову я зь імі буду падпісваць у канцы ліпеня. Ну і пасьля ў мяне будзе толькі два дні, каб пасьпець гэта данесьці ўсё ва ўжонд (мясцовую адміністрацыю. — РС). А перад гэтым яшчэ знайсьці там жытло і пераехаць. Карацей, будзе цікава!»

Калі ў гэтай навучальнай установе не атрымаецца ўладкавацца, то Воля яшчэ мае варыянт. Гэтая сытуацыя вельмі не падабаецца дзяўчыне і пазбаўляе пачуцьця бясьпекі, прызнаецца яна.

«Часамі лаўлю напружаньне, з гэтым зьвязанае. Хацела б я сказаць, што гэта танізуе і матывуе, але гэта хутчэй злуе, — усьміхаецца Воля. — Часамі зьдзіўляюся спакою, бо пакуль веру ў плян. Ведаю, што будзе гэта непрыемна, але выканальна. Стараюся заўважаць, калі трывога разганяецца, вяртаць сябе ў „цяпер“, дзе, па-першае, легалізацыя яшчэ ёсьць, па-другое, ёсьць плян дзеяньняў. Як гэта спрацуе, буду ведаць у сярэдзіне ліпеня, там буду больш канкрэтна думаць».

«Вельмі супярэчліва з боку Польшчы запрашаць IT-спэцыяліста да сябе, а потым ставіць палкі ў колы»

Іван Скадорва працуе ў IT, пераехаў у Польшчу восеньню 2021 года.

«Спачатку я выехаў з працоўнай візай PBH (Polish Business Harbor — РС). Празь некаторы час вырашыў падацца на сталы побыт „па каранях“. Пашанцавала, што захаваліся адпаведныя дакумэнты ў сям’і. Калі выяжджаў зь Беларусі, адразу браў іх з сабой. Падаваўся я ва Ўроцлаве, гэта было яшчэ да вайны. Пажыўшы тут, скажу, што выбар быў далёка ня самым лепшым».

Пасьля 24 лютага 2022 году выйшла пастанова аб часовым прыпыненьні разгляду справаў з нагоды вайны і вялікай колькасьці ўцекачоў, кажа Іван.

«У выніку ўсё аказалася значна даўжэй, чым я чакаў. Праз 9 месяцаў не было ніякіх дзеяньняў з боку ўжонду Ўроцлава. Нават даты размовы з інспэктарам не прызначылі! Мяне гэта пачало непакоіць, бо віза ўжо тады канчалася, а мне па працы трэба было выехаць у Нямеччыну. Выслаў дзесьці 4-5 лістоў з запытамі аб паскарэньні справы і прад’яўленьні актуальнай інфармацыі. У адказ — цішыня. Увогуле ніводнага адказу. Калі падсумаваць, то ва Ўроцлаве ўжонд бязьдзейнічае».

Потым да гэтага дадаліся ковідныя і ваенныя пастановы, кажа Іван.

«На любы запыт яны маглі спасылацца на гэтыя пастановы. Так, хутчэй за ўсё, у іх было шмат дадатковай працы, бо прыехала вялікая колькасьць украінцаў, але не каб прыпыняць усе іншыя справы. У Варшаве такога прыпыненьня не было».

Тады Іван ужо жыў у Варшаве. Мужчына падкрэсьлівае, што тут справы разглядаюць значна хутчэй. Праз новую пастанову ў польскім заканадаўстве, пасьля кансультацыі з юрыстам, Іван зразумеў, што яго ІП прыйдзецца закрыць.

«Па сканчэньні візы застанецца толькі пячатка ў пашпарце, якую мне паставілі пры падачы дакумэнтаў на побыт. Яна дазваляе мне знаходзіцца ў Польшчы і працаваць у якасьці наёмнага супрацоўніка да дня выдачы рашэньня ў справе. Але ІП далей мець мне забаронена. Гэта было вельмі непрыемна».

Іван дадае, што яму яшчэ пашанцавала, што ён стала працуе толькі на адну фірму.

«У фірме згадзіліся перайсьці са мной на дамову аб працы. Да першага жніўня трэба будзе падпісаць новую дамову і закрыць ІП. Калі б у мяне было шмат кліентаў, як на фрылансе, напрыклад, то я ня ўпэўнены, што хтосьці б пагадзіўся падпісаць такую дамову. Гэта бы проста азначала страту працы. Ад майго заробку добрая частка будзе ісьці цяпер на дадатковыя падаткі. Частка на пэнсію нават. А якой мне пэнсіі тут чакаць, калі ў любы дзень мне з гэтым побытам могуць адмовіць і сказаць, што „ў цябе 30 дзён на выезд з краіны“?».

Іван вырашыў паспрабаваць змагацца за свае правы весьці індывідуальнае прадпрымальніцтва, таму наняў юрыста, каб пісаць скаргі ваяводзе, у Вярхоўную кантрольную палату Польшчы і ва Ўпраўленьне ў справах іншаземцаў.

«Шанец вельмі невялікі, што штосьці атрымаецца, але ён ёсьць. Калі трэба будзе, то буду судзіцца, бо празь бязьдзейнасьць ужонду я хутка пачну несьці фінансавыя страты. Пры адмове на побыт, буду падаваць на апэляцыю і судзіцца таксама. Ведаю, што я для іх — яшчэ адзін непатрэбны нумар у сыстэме, але судоў і дадатковай папяровай працы яны ня любяць. Калі зусім нічога не атрымаецца, то буду падавацца на міжнародную ахову».

Калі і зь міжнароднай аховай не атрымаецца, прыйдзецца ехаць у Грузію, Турэччыну альбо Казахстан, каб рабіць новую візу, кажа Іван.

«Адчуваю з гэтай нагоды сябе не надта. Вельмі шмат стрэсу апошні час з дакумэнтамі. Таксама гэта вельмі супярэчліва з боку Польшчы запрашаць IT-спэцыяліста да сябе, а потым ставіць палкі ў колы і не даваць спакойна жыць і працаваць. Ну і проста з чалавечага — з восені я не магу выяжджаць з краіны. Вельмі чакаю магчымасьці, каб кудысьці нарэшце зьезьдзіць, акрамя Польшчы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG