Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У консульства дакладна зьвяртацца ня буду». Гісторыі беларускіх палітуцекачоў, у якіх за мяжой скончыліся тэрміны дзеяньня пашпартоў


Пашпарт грамадзяніна Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Пашпарт грамадзяніна Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Паводле розных ацэнак, пасьля жніўня 2020 году зь Беларусі зьехалі сотні тысяч чалавек. Вялікая частка зь іх не вяртаецца ў краіну, баючыся палітычнага перасьледу. Раней ці пазьней усе гэтыя людзі сутыкнуцца з праблемай замены беларускіх дакумэнтаў.

«Яго робяць вельмі доўга паўсюль, акрамя Варшавы»

Марына (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) жыве ў Польшчы каля 6-7 гадоў. Летась у дзяўчыны скончыўся беларускі пашпарт, а ў Польшчы яна знаходзілася па візе, якая падаўжалася з прычыны пандэміі ковіду. Марына мае часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы.

«У мяне заканчваўся пашпарт у жніўні мінулага году, — расказвае суразмоўца. — І я думала, ехаць дадому ці не. Я хацела пабачыць сваю бабулю, але было складана сказаць, ці я ўвогуле атрымаю візу пазьней, якія захады трэба зрабіць, каб выехаць, і калі я прыеду ў Беларусь, то ці не завядуць нейкую справу на мяне. Ну і грошай на адваката, калі што, у мяне не было. Таму ў ліпені я падавалася на дадатковую ахову (працэдура атрыманьня прытулку ў Польшчы, адзін з варыянтаў палітуцякацтва. — РС), за тыдзень-два перад тым, як у мяне скончыўся пашпарт. Падавалася я ў Кракаве і было ок, бо я добра размаўляю па-польску, а гэта вельмі важна ва ўсялякіх такіх месцах, бо ёсьць шанец, што будуць добра да цябе ставіцца».

Пры падачы Марыну, па яе словах, апыталі, узялі адбіткі пальцаў і прынялі дакумэнты.

«Працэдура доўжылася, здаецца, 2-3 месяцы. Увесь гэты час я не магла працаваць і атрымлівала ад дзяржавы субсыдыю ў памеры 700-800 злотых. У мяне забралі пашпарт, і замест яго была такая зялёная паперка. Але праблема ў тым, што пошта ў Польшчы працуе па сваіх правілах і часам не ўдавалася атрымаць грошы ці важныя дакумэнты. Але проста трэба прыйсьці ў іншы дзень, паглядзець, каб быў іншы супрацоўнік».

Пасьля таго, як чалавек падаецца на ахову, можна таксама падацца на праграму ІРІ (Pomoc integracyjna — інтэграцыйная дапамога), кажа Марына. Падчас такой праграмы чалавек павінен штомесяц тэлефанаваць у адмысловыя органы, паведамляць, што ён вучыцца, высылаць плацежкі за кватэру. Пазьней дзяўчыне трэба было чакаць каля 2-3 месяцаў, каб атрымаць дазвол на жыхарства. Пасьля яго атрыманьня Марына спрабавала падацца на праязны дакумэнт для чужаземцаў, які разам з дазволам на жыхарства дазваляе падарожнічаць за межамі Польшчы.

«Каб зрабіць гэты дакумэнт, трэба прапісацца па месцы жыхарства. А ў Кракаве мне трапілася такая жанчына, што яна не магла мяне зарэгістраваць, бо ў мяне не было пашпарта. Атрымліваецца, я толькі вось зараз змагла прапісацца і падацца на гэты дакумэнт. Яго робяць вельмі доўга паўсюль, акрамя Варшавы, бо я яго спрабавала зрабіць у Катавіцах і ў Кракаве. Робяць мінімум 2 месяцы, і то гэта казка», — расказвае гераіня.

Марына кажа, што мае важную паездку ў ліпені і таму, каб паскорыць працэс атрыманьня дакумэнту, папрасіла знаёмых зарэгістраваць яе ў Варшаве.

«Так я падалася ў Варшаве. Табе даюць такі код, па якім можаш глядзець на старонцы праз інтэрнэт, калі твой дакумэнт будзе гатовы. Увогуле ў месцы, дзе прымаюць дакумэнты, вельмі клясныя людзі, яны табе дапамогуць. Мяне жанчына прыняла за пяць хвілін да заканчэньня працы і сказала: «О, у цябе чагосьці не хапае, але ты ці твае бацькі можаце заўтра данесьці гэта».

«Усё вырашаецца, усё дадуць. Проста трэба падрыхтавацца»

Беларуска Інга ўжо атрымала польскі праязны дакумэнт. Жанчына выехала зь Беларусі ў сьнежні 2021 году ва Ўкраіну, а ў сакавіку 2022 году трапіла ў Польшчу.

«У мяне не было візы. Я атрымала статус міжнароднай аховы, і ў пачатку лютага скончыўся пашпарт. Паехала ў Жэшуў, Падкарпацкае ваяводзтва, у мясцовую адміністрацыю. Ва ўжондзе (польская назва адміністрацыі горада. — РС) доўга не разумелі, чаго я ад іх хачу. Блыталі мяне з украінкай, хацелі, каб я прыехала зь перакладчыкам, а дзе яго ўзяць?.. Потым я напісала заяву на імя ваяводы аб сваіх правах і зьехала».

Празь некаторы час, каля месяца, Інзе патэлефанавалі і сказалі прыехаць падаць дакумэнты на атрыманьне праязнога дакумэнту.

«Трэба было заплаціць 350 злотых і чакаць. Потым выйшаў указ Дуды аб спрыяньні беларусам у атрыманьні дакумэнтаў. Тады я паехала зноў ва ўжонд, бо думала, што пра мяне забыліся. Мне сказалі, што дакумэнт не гатовы. Я папрасіла, каб мне вярнулі грошы згодна са зьменамі ў заканадаўстве. Усё раздрукавала на польскай мове, але мне сказалі, што нічога падобнага няма. Карацей, 9 траўня патэлефанавалі і паведамілі, што дакумэнт гатовы, ужо 10-га я яго забрала, але грошай мне так і не вярнулі».

Атрымліваецца, праязны дакумэнт каштуе 350 злотых, выдаецца на адзін год і з дванаццаці месяцаў робіцца тры, кажа Інга.

«Але ёсьць і добрыя навіны: правы кіроўцы мне зрабілі за месяц, як і абяцалі. Гэта каштавала 100 злотых, але яшчэ 150 — натарыяльны пераклад беларускіх правоў».

Людзям, якія трапілі ў падобную сытуацыю, Інга ўсё адно раіць рабіць польскі праязны дакумэнт.

«Усё вырашаецца, усё дадуць. Проста трэба падрыхтавацца, прыносіць раздрукоўкі на польскай мове, бо шмат чыноўнікаў не разумеюць, што такое міжнародная ахова. Я гэтак жа правы кіроўцы мяняла, прыносіла раздрукоўкі, тлумачыла, чаму яны ня могуць адправіць запыт у Беларусь. А з праграмай ІРІ (Pomoc integracyjna, інтэграцыйная дапамога. — РС) яшчэ складаней, бо мы тут першыя, хто пад яе падпаў. У OPS (Ośrodek Pomocy Społecznej, Цэнтар сацыяльнай дапамогі. — РС) пра гэта ня чулі. Але ўсё ў парадку, галоўнае самому разабрацца. Увогуле, варта адзначыць, што мы маем справу з Падкарпацкім ваяводзтвам, дзе раней беларусаў ня бачылі. Напрыклад, у нашым горадзе беларусаў толькі шасьцёра».

«У консульства дакладна зьвяртацца ня буду»

У Аляксандра (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) беларускі пашпарт скончыўся на пачатку чэрвеня.

«У консульства дакладна зьвяртацца ня буду, бо страх трохі ёсьць, што могуць забраць на радзіму. Аб сытуацыі, што не магу нікуды паехаць па Эўразьвязе, ня моцна хвалююся, бо нікуды пакуль не зьбіраюся».

Пакуль Аляксандр мае дазвол на жыхарства ў Польшчы, гэта адзіны ягоны дзейны дакумэнт.

«У далейшым пляную зрабіць праязны дакумэнт, ён заменіць беларускі пашпарт. І зь ім можна падарожнічаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG