Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Эўрапейскай рады, гаварылі пра разьмяшчэньне ў Беларусі ПВК «Вагнэр»


Сьвятлана Ціханоўская і Шарль Мішэль. Брусэль, 28 чэрвеня 2023
Сьвятлана Ціханоўская і Шарль Мішэль. Брусэль, 28 чэрвеня 2023

Сьвятлана Ціханоўская 28 чэрвеня пачала двухдзённы працоўны візыт у Брусэль, паведаміў BPN яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль у Бруселі прыняў Сьвятлану Ціханоўскую. У сустрэчы таксама бралі ўдзел яе намесьнікі па Аб’яднаным Пераходным Кабінэце Павал Латушка і Валер Кавалеўскі.

Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, падчас сустрэчы абмяркоўвалі ваенна-палітычную сытуацыю ў Беларусі, прыезд Прыгожына і групы Вагнэра ў Беларусь, разьмяшчэнне ядзернай зброі, наступствы для рэгіянальнай бясьпекі.

Ціханоўская заявіла, што беларусы супраць знаходжаньня расейскіх войск, наёмнікаў і ўзбраеньня. Гэтае разьмяшчэньне зьяўляецца незаконным, заявіла Ціханоўская, яка папрасіла Шарля Мішэля ўзьняць пытаньне Беларусі падчас пасяджэньня Эўрапейскай рады, якое пачынае сваю працу 29 ліпеня.

Ціханоўская таксама распавяла пра працу Аб’яднанага Пераходнага Кабінэта і дэмакратычных сіл, адзначыла неабходнасьць падтрымліваць беларусаў, якія супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі і Пуціна.

Валер Кавалеўскі падкрэсьліў важнасьць актыўных палітычных камунікацый ЭЗ і яго чальцоў аб сытуацыі ў Беларусі і заклікаў да практычных дзеяньняў па падтрымцы намаганьняў беларусаў у барацьбе за вызваленьне Беларусі аб дыктатуры і расійскай ваеннай прысутнасьці.

Павел Латушка зьвярнуў увагу на неабходнасьць санкцый супраць Лукашэнкі і яго атачэньня, як за злачынствы супраць чалавечнасьці, так і саўдзел у ваеннай агрэсіі.

Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі на сустрэчы з Шарлем Мішэлем. Брусэль, 28 чэрвеня 2023
Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі на сустрэчы з Шарлем Мішэлем. Брусэль, 28 чэрвеня 2023

У сталіцы Бэльгіі ў Ціханоўскай яшчэ заплянаваная сустрэча зь вярхоўным прадстаўніком ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем, эўракамісарам у пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Олівэрам Варгеі.

29 чэрвеня з удзелам Ціханоўскай і Бурэля пройдзе сустрэча кіраўніцтва Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці.

«Гэта магчымасьць захоўваць Беларусь у міжнародным парадку дня, што даволі складана, бо ідзе вайна, і палітыкі занятыя Ўкраінай і Расеяй. Ня ўсе разумеюць важнасьць Беларусі ў гэтым кантэксьце», — адзначыў дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

На яго думку, на фоне актыўнасьці Лукашэнкі ў пытаньнях разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі і сытуацыі з ПВК «Вагнэр» у Захаду ёсьць запыт на «канкрэтныя стратэгіі і крокі», і ён «гатовы гэтыя крокі рабіць».

  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі і атрымаюць у сваё распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • Таксама 27 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што «значная частка» расейскай ядзернай зброі нібыта ўжо знаходзіцца ў Беларусі.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG