Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Літвы папярэдзіў сваіх грамадзян, якія езьдзяць або зьбіраюцца ў Беларусь, што на мяжы актывізавалася дзейнасьць спэцслужбаў Беларусі.
«Дэпартамэнту вядома пра выпадкі, калі грамадзянам Літвы забаранялі ўезд у Беларусь, пасьля таго як выявілася, што яны падтрымліваюць Украіну і асуджаюць расейскую агрэсію. Грамадзяне Літвы зазнавалі шантаж і псыхалягічны ціск падчас апытаньняў, сьцьвярджалі, што забарона на ўезд у Беларусь будзе скасаваная, калі яны пагодзяцца супрацоўнічаць з спэцслужбамі Беларусі», — адзначаецца ў паведамленьні ДДБ Літвы.
Згодна з паведамленьнем, у грамадзян Літвы на мяжы правяраюць кампутары і мабільныя тэлефоны, кантакты, акаўнты ў сацыяльных сетках, фатаздымкі і мапы маршрутаў.
«Падчас апытаньняў беларускія чыноўнікі зьбіраюць інфармацыю пра палітычныя погляды і месца працы грамадзян Літвы, спрабуюць высьветліць дачыненьні з супрацоўнікамі памежных, праваахоўных і спэцыяльных службаў», — заявілі ў Дэпартамэнце дзяржбясьпекі Літвы.
Пры вярбоўцы спэцслужбы Беларусі выкарыстоўваюць розныя мэтады: ляяльнасьць да ўладаў Беларусі, кантрабанду ці іншыя незаконную дзейнасьць, зацікаўленасьць у прыезьдзе ў Беларусь зь дзелавымі мэтамі або каб наведаць сваякоў.
«Адмова ад супрацы можа прывесьці да шантажу, пагроз шпіянажу або крымінальнай адказнасьці».
Асобна ў паведамленьні зьвяртаюць увагу на тое, што вельмі часта атрыманую інфармацыю спэцслужбы Беларусі могуць выкарыстаць ня толькі супраць апытаных грамадзян Літвы, а і супраць іхных блізкіх і сваякоў дзеля кампрамату і вярбоўкі, асабліва калі яны будуць наведваць Беларусь ці Расею.
Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы заклікаў літоўцаў адмовіцца ад паездак у Беларусь і ў Расею.
«За апошнія гады большасьць выяўленых фактаў вярбоўкі і шпіянажу былі прыкладамі выведкі з тэрыторыі, то бок асобы, якія пагадзіліся супрацоўнічаць з варожымі выведкамі, былі завэрбаваныя падчас знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі ці Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні.
ДДБ Літвы заклікаў усіх грамадзян Літвы, якіх на беларускай мяжы апытвалі і правяралі кампутары ці мабільныя тэлефоны, паведаміць пра гэтыя факты.