Сьцісла:
- Улада ўжо рыхтуецца да выбарчай кампаніі 2024 году.
- Выбары 2024 году ня будуць свабоднымі, але такімі не былі і ўсе выбары ў Беларусі пасьля 1994-га.
- 2020 год паказаў, чаго можна дасягнуць удзелам нават у несвабодных выбарах.
- Байкоты парлямэнцкіх выбараў у 2000 і 2014 гадах ня мелі ніякіх грамадзкіх наступстваў.
- «Наіўнасьць» Віктара Бабарыкі ў 2020 годзе прывабіла масы.
- Пэўная колькасьць кандыдатаў — прыхільнікаў пераменаў — на выбары 2024 году пойдуць.
- Галасаваньне за добрых людзей — тактыка прынамсі ня горшая, чым байкот і ігнор.
- Для велізарнай колькасьці беларусаў галасаваньне ў 2020 годзе за Сьвятлану Ціханоўскую было галасаваньнем проста за добрага, годнага чалавека.
На 25 лютага 2024 году ў Беларусі прызначаны парлямэнцкія і мясцовыя выбары. На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў падрыхтоўку да гэтых кампаній са старшынём ЦВК Ігарам Карпенкам, сказаўшы, што «каля 80% адназначна сёньня падтрымліваюць той курс, які мы вызначылі».
Ужо як Лукашэнка падлічваў долю прыхільнікаў — гэта асобнае пытаньне, але выглядае, што агучаная лічба — менавіта той узровень падтрымкі праўладных кандыдатаў на выбарах, які, празь дзіўнае супадзеньне, агучаць выбарчыя камісіі пасьля 25.02.24.
Як бы там ні было, улада да выбарчай кампаніі рыхтуецца. Пра тое, як ставіцца да выбараў, думаюць і дэмакратычныя сілы, і беларусы дэмакратычных поглядаў.
Усе выбары з 1994 году — несвабодныя
Самы відавочны адказ: дык выбараў жа ня будзе, будзе фарс, таму — байкот і ігнор, ніхто тыя выбары не прызнае. Магчыма, хтосьці менавіта такі адказ і дасьць, не раздумваючы. Але ці найлепшы ён?
Свабодных, справядлівых, сумленных выбараў, сапраўды, пры Лукашэнку ня будзе. Ня будзе нават такіх, як нядаўна ў Турэччыне, дзе дзейны прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган у другім туры перамог кандыдата ад апазыцыі з «вартымі жалю» 52% галасоў.
Але ці былі свабоднымі выбары ў Беларусі ў 2006-м, 2010-м, нарэшце, у «неверагодным 2020-м»?
Не, не былі. Але ці ня меў удзел у тых выбарах апазыцыйных кандыдатаў ніякага плёну, ніякіх наступстваў? Вядома, што меў, і велізарны. Ня тое каб Лідзія Ярмошына ўрачыста абвясьціла пераможцам не Лукашэнку, а іншую асобу, але палітычны, грамадзкі, псыхалягічны эфэкт тыя выбары, безумоўна, далі.
Ці меў бы такі ж эфэкт байкот тых выбараў? Некаторыя паважаныя палітыкі і экспэрты, прынамсі ў 2020 годзе, да байкоту (ігнору) выбараў і заклікалі. Як і шмат разоў да таго практычна на кожных выбарах. Але пасьля ўступленьня ў выбарчую барацьбу Сяргея Ціханоўскага, Валера Цапкалы і Віктара Бабарыкі галасы прыхільнікаў байкоту ўжо ня чуў амаль ніхто.
Дарэчы, пару разоў у найноўшай гісторыі Беларусі апазыцыя больш-менш салідарна спрабавала байкатаваць выбары — прычым якраз парлямэнцкія, якія будуць і ў наступным годзе. Гэтыя кампаніі байкоту адбываліся ў 2000 і ў 2012 гадах. Я нават не пра тое, ці адбыліся байкоты тады. Я пра тое, ці мелі тыя кампаніі хоць які практычны палітычны вынік? Я ня памятаю. А вы, шаноўны чытач?
«Наіўны» Віктар Бабарыка
Хутчэй за ўсё, умовы правядзеньня выбараў у 2024 годзе будуць жахлівыя. Тэарэтычна магчымыя нечаканасьці. Але трэнд відавочны. На папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе зарэгістраваныя партыі маглі вылучаць сваіх кандыдатаў, была магчымасьць і зьбіраць подпісы грамадзян за кандыдатаў. Была магчымасьць рэгістравацца назіральнікамі на выбары.
Баюся, што многіх (калі ня ўсіх) такіх магчымасьцяў у 2024 годзе ня будзе. Хоць, дарэчы, іх наяўнасьць, у прыватнасьці, і ў 2019-м, і ў 2020-м не перашкаджала многім казаць, што выбараў няма і таму толькі байкот і ігнор.
Перш чым апісваць адну з магчымых тактык дэмакратычных сілаў у 2024 годзе, варта прыгадаць даволі дзіўныя першыя прамовы Бабарыкі пасьля вылучэньня ім сваёй кандыдатуры, у прыватнасьці пра тое, што «значных фальсыфікацый пры падліку галасоў на папярэдніх выбарах не было». Ён сапраўды верыў у гэта?
А можа, ня тое што глыбока верыў, проста палітыка для яго да 2020 году была на другім ці на сотым месцы. Або, што больш імаверна, проста разьлічваў на тых, у каго вочы пачалі адкрывацца толькі ў 2020 годзе.
Калі ў людзей адкрываюцца вочы?
Я гэта прыгадаў як ілюстрацыю таго, што розныя людзі адкрываюць вочы ў розны час. У кагосьці яны могуць упершыню адкрыцца акурат у 2024 годзе. Нехта скажа: а дзе гэтыя людзі былі ў 2020-м і ў наступныя гады, яны хіба ня бачылі, ня бачаць, што творыцца ў краіне? А дзе былі Ціханоўская, Ціханоўскі, Бабарыка, Цапкала ў 2006-м ці 2010-м?
Гэта я да таго, што і ў 2024 годзе могуць знайсьціся людзі, якія выступаюць за перамены і якія будуць балятавацца ў дэпутаты. Нехта будзе наіўны, нехта зробіць выгляд наіўнага ці наіўнай. І пойдуць на выбары — мо і не таму, што будуць упэўненыя ў перамозе, а для таго, каб... Ну, а дзеля чаго на іх ішлі Ўладзімер Ганчарык у 2001-м, Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін у 2006-м, Андрэй Саньнікаў, Уладзімер Някляеў і Мікола Статкевіч у 2010-м? Яны ня ведалі, якому рэжыму кідаюць выклік?
Вось гэтак жа ня ведаць (ці наадварот — выдатна ведаць) будуць іх пераемнікі, якія пойдуць на выбары 2024 году. Наўрад ці варта іх за гэта ганьбіць і лаяць.
Не зарэгіструюць нікога з такіх «наіўных»? Ну, значыць, іх у бюлетэнях і ня будзе. Але ня факт, што не зарэгіструюць.
Галасаваньне за добрых людзей
І ў такой сытуацыі не пазбаўлены рацыі заклік да выбаршчыкаў: калі ў вашай акрузе ёсьць годны кандыдат, які выклікае ў вас сымпатыі — пайдзіце і прагаласуйце за яго. Няма такога — дык і не хадзіце, навошта тады хадзіць?
Такая як бы непалітычная матывацыя. Многія стаміліся ад палітыкі, ад супрацьстаяньня ў грамадзтве, камусьці страшна зрабіць нешта адмыслова супраць улады. А за добрага чалавека — чаму б не прагаласаваць? Яно ж ня тое каб зусім ужо супраць улады.
Такі заклік, можа, ня надта натхніць зацятых праціўнікаў улады, хоць і іх ён не дэматывуе — кожны ж па-свойму ацэньвае, які кандыдат годны, а які — не. Але людзі памяркоўных ці няпэўных поглядаў — «нэўтралы» ці «балота» — такі заклік успрымуць, безумоўна, станоўча.
Дарэчы, такі заклік ня будзе абвастраць палярызацыю з зацятымі прыхільнікамі ўлады. Што ім сказаць супраць закліку галасаваць за добрых людзей? У іх свае ўяўленьні пра тое, хто гэтыя добрыя людзі? Ну і ладна, у іх свая думка, яны беларусы, грамадзяне. Хай яе маюць і яе адстойваюць.
Досьвед 2020 году паказаў, што прываблівае не адно палітычных актывістаў, а масы. Тут можна прыгадаць прынцыпы , сфармуляваныя францускім гуру палітычнага PR Жакам Сэгеля: «Галасуюць за чалавека, а не за партыю», «Галасуюць за вобраз сацыяльны, а не палітычны», «Галасуюць не за кандыдата, а за сябе».
Чаму галасавалі за Ціханоўскую ў 2020 годзе?
А ў выпадку, калі ўсіх «наіўных» нават не дапусьцяць да бюлетэняў — дык гэта і выходзіць заклік да байкоту, але зноў жа зь як бы непалітычнай подбіўкай, матывацыяй. Ня тое што рэжым людажэрны і дыктатарскі — проста годных кандыдатаў няма. Так атрымалася.
Не выпадае чакаць, што падобная тактыка гарантавана прынясе плён — альбо ў выглядзе арытмэтычных вынікаў галасаваньня ці нізкай яўкі, альбо масавай рэакцыі грамадзтва. Варыянтаў з гарантаваным посьпехам тут няма і быць ня можа. Дык і ў 2020 годзе не было. І матывацыя галасаваньня за Сьвятлану Ціханоўскую шмат у каго, можа ў большасьці яе выбаршчыкаў, была і тады менавіта такая — як бы непалітычная, у поўнай адпаведнасьці з правіламі Жака Сэгеля. Прагаласаваць за хатнюю гаспадыню, якая сьвядома не фармулюе палітычнай праграмы — гэта ж і ёсьць галасаваньне за добрага, годнага чалавека, за такую, як мы, за сябе.
Ну так, напішуць завоблачную яўку, напішуць кандыдатам ад улады 80% і болей. Не супадзе час выбараў з новай хваляй грамадзкага пад’ёму — дык і ня будзе нічога. Але і расчараваньня ад «наіўнай» тактыкі ня будзе. А калі супадзе — дык менавіта галасаваньне за добрых людзей можа прынесьці куды большы плён, чым любыя ігноры і байкоты.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.