Прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Віктар Бабарыка цяпер увесь час ходзіць у масцы, каб засьцерагчыся ад пандэміі.
Але адносна яго можна казаць пра маску і ў мэтафарычным сэнсе — у сэнсе таго палітычнага іміджу, які выбудоўвае сабе прэтэндэнт.
Сьцісла:
- Выбар іміджу, выбар пасланьня: Бабарыка — не рэвалюцыянэр, ён хоча палепшыць, а не разбурыць.
- Бабарыка намякае, што ў выпадку ягонай рэальнай перамогі Плошча адбудзецца ў форме намэнклятурнага бунту
- Рэч ня ў тым, што ён баіцца ісьці ў лабавую жорсткую канфрантацыю з Лукашэнкам. Ён так адчувае настрой сярэдняга, мэйнстрымнага беларуса, якому шмат што не падабаецца, але які ня хоча рэвалюцыяў
- Ня зьбеглася ж публіка ў колькасьці амаль 10 тысяч чалавек запісацца ў ініцыятыўную групу ані да Статкевіча, ані да некага іншага, прынцыповага і непахіснага
- Калі ён пачне набіраць рэйтынг, цікавасьць да яго ў Расеі зьявіцца
Нерэвалюцыянэр
Відавочна, якія іміджы, вобразы ён адрынае. Першы вобраз — апазыцыянэра, ворага сыстэмы. Ён ужо некалькі разоў у апошнія дні паўтарыў, што верыць у сумленнасьць выбарчай сыстэмы Беларусі і ня верыць, што можна сфальсыфікаваць сапраўдную волю народу.
Ці сапраўды ён такі наіўны? Наўрад ці. Пражыўшы ў Беларусі шмат гадоў, захаваць шчырую веру ў сумленнасьць ЦВК наўрад ці магчыма. Але гэта выбар іміджу, выбар пасланьня: Бабарыка — не рэвалюцыянэр, ён хоча палепшыць, а не разбурыць.
Ён сказаў, што ня верыць, быццам на папярэдніх выбарах былі масавыя фальсыфікацыі: «Я ня веру ў тое, што калі за мяне прагаласавалі 10 працэнтаў, нехта можа напісаць 80%. І наадварот, ня веру, што калі прагаласуюць 80%, то напішуць 5%. Я веру ў тое, што можна напісаць не 60%, а 70%, не 15%, а 10%. Я ўпэўнены ў прыблізнай дакладнасьці вынікаў галасаваньня — у межах 20%. Я ня веру ў магчымасьць фальсыфікацыі народнага галасаваньня».
З аднаго боку, ледзь не апалягетыка існай сыстэмы. З другога, такая завуаляваная пагроза: «Ня веру, што калі прагаласуюць 80%, то напішуць 5%». А чаму ня змогуць? Ды з розных прычын. Наўрад ці тады (але і толькі тады) Бабарыка гэтак жа захавае сваю веру ў чысьціню рызаў Лідзіі Ярмошынай. Тады (але і толькі тады), магчыма, ён і закліча людзей на Плошчу. Але ў гэтым гіпатэтычным варыянце гэта наўрад ці будзе традыцыйная Плошча. Хутчэй намэнклятурны, чынавенскі бунт, сабатаж указаньняў дзейнай улады. Бабарыка пра гэта не гаворыць, але празрыста на гэта намякае.
Яшчэ адзін кампанэнт гэтага вобразу нерэвалюцыянэра — практычная адсутнасьць асабістых абвінавачаньняў і нават крытыкі на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Сыстэма — кепская, эканамічная палітыка — кепская, правальная, тупіковая. А Лукашэнка... А нічога пра Лукашэнку.
І цікавае слоўца, якое паўтаралася ў адказ на спробы журналістаў выклікаць нейкую пэўную рэакцыю кандыдата — «гэта кепска». Не злачынства, ня здрада, ня зьдзек з народу — проста кепска.
Ну, і тлумачэньне наконт зьніклых грамадзкіх дзеячоў і палітыкаў — ведаеце, у 90-я шмат чаго было. Аднак бачыце — з 2000 году нікога ж не забівалі, ніхто не зьнікаў. І аналёгія зь першым мільёнам Ракфэлера, за які той ня мог даць справаздачу. Празрыстая аналёгія — за эксцэсы 90-х ня варта патрабаваць ні з кога справаздачу. У тым ліку і з таго ці тых, каго небеспадстаўна падазраюць у зьнікненьнях.
Разьлік на беларускі мэйнстрым
Гэта гаворыць не чалавек Бабарыка. Гэта гаворыць палітык Бабарыка. Ён так сабе пазыцыянуе, ён у такой ролі ідзе на выбары. І, магчыма, рэч ня ў тым, што ён баіцца ісьці ў лабавую жорсткую канфрантацыю з Лукашэнкам. А ў тым, што так ён адчувае настрой сярэдняга, мэйнстрымнага беларуса, якому шмат што не падабаецца, але які ня хоча рэвалюцыяў.
І Бабарыка як бы адказвае тым сваім крытыкам, якія хацелі б ад яго большай апазыцыйнасьці, паўтарэньня традыцыйнага апазыцыйнага набору словаў і каштоўнасьцяў — вы мяне ўсё роўна падтрымаеце. А вось з тымі словамі, якія я кажу (і бяз тых, якіх чакаеце вы), можа, падтрымаюць і многія іншыя.
Ня зьбеглася ж публіка ў колькасьці амаль 10 тысяч чалавек запісацца ў ініцыятыўную групу ані да Статкевіча, ані да некага іншага, прынцыповага і непахіснага. А да Бабарыкі — зьбеглася.
Ці будзе ён мець рацыю з такім выбарам іміджу? Можа і не. Аднак амаль 10 тысяч у групу сабраў.
Прабеларускі, але не антырасейскі
І яшчэ цікавае пазыцыянаваньне — наконт Расеі. Некалькі разоў паўтарыў, што ён прабеларускі, а не прарасейскі кандыдат. Сёньня заявіў, што Расея ніякай цікавасьці да яго кампаніі ня мае. І патлумачыў даволі двухсэнсоўныя рэчы, якія казаў пра Расею і стасункі зь ёй у шэрагу сваіх нядаўніх інтэрвію.
Паводле яго, пагроза незалежнасьці паходзіць не ад расейскай палітыкі, а ад слабасьці беларускай эканомікі. Будзе эканоміка такая ж слабая, будзе эканамічная палітыка такая ж згубная, як цяпер, — дык і страцім незалежнасьць. Але прэзыдэнт Бабарыка эканоміку выправіць, бо ведае як. Ну дык і незалежнасьць захавае, абароніць.
І пры гэтым напамін: 31-я інтэграцыйная мапа грунтуецца на саюзнай дамове, якую падпісваў зусім не Бабарыка.
Ну, а што тычыцца вялікай геапалітыкі, дык на пытаньне — Чый Крым? — адказ жартам: Грэцкі.
Нехта хацеў пачуць — украінскі, нехта — расейскі. Бабарыку патрэбныя і адны, і другія. Гледзячы па допісах пад ягонымі пастамі ў ФБ, сярод ягоных прыхільнікаў хапае і тых, і другіх. Ці не адштурхне шмат каго зь іх такі «грэцкі» адказ — гэта рызыка, выбар Бабарыкі.
Што Расеі нецікавая яго кампанія — можа, на гэты момант і праўда. Але не абавязкова так будзе і далей. І зусім не таму, што кандыдат — былы кіраўнік «Белгазпрамбанку». А таму, што ён, прынамсі, не антырасейскі і да таго ж пэрспэктыўны. Калі ён пачне набіраць рэйтынг, цікавасьць да яго ў Расеі зьявіцца. І гэтаму не супярэчыць ніводнае слова, сказанае Бабарыкам у апошнія дні. Ён ня кляўся ў любові да Расеі, але і ніводнага кепскага слова пра яе не сказаў.
Люстэрка, у якім кожны бачыць сябе
Мы любім прымяраць на сябе чужыя, у тым ліку і суседзкія, узоры. Але ў гэтым выпадку стылістыка Бабарыкі і праўда ў нечым нагадвае стылістыку леташняй выбарчай кампаніі Ўладзіміра Зяленскага, у якім самыя розныя выбарнікі бачылі тое, што хацелі ўбачыць.
Ці атрымаецца ў банкіра згуляць ролю, якая атрымалася ў актора — хто ведае. Але, прынамсі пакуль, выбар іміджу шмат у чым падобны.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.