Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з трох прадстаўнікоў беларускіх ВНУ, вінаватых у рэпрэсіях студэнтаў


Пратэст студэнтаў у Менску, 2020 год
Пратэст студэнтаў у Менску, 2020 год

Эўрапейскі суд у Люксэмбургу не задаволіў скаргі і адмовіўся здымаць санкцыі ў дачыненьні да Аляксандра Бахановіча, Сяргея Рубніковіча і Сяргея Скрыбы.

Усе яны былі ўключаныя ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу за датычнасьць да рэпрэсій беларускіх студэнтаў.

На момант увядзеньня санкцый 21 чэрвеня 2021 году Бахановіч быў рэктарам Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Цяпер ён займае пасаду першага намесьніка міністра адукацыі. Рубніковіч быў і застаецца рэктарам Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, а Скрыба — прарэктарам па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту.

Згодна з судовым дакумэнтам, Рубніковіч быў унесены ў санкцыйны сьпіс, паколькі «нясе адказнасьць за рашэньне адміністрацыі ВНУ аб адлічэньні студэнтаў, якія прынялі ўдзел у мірных акцыях пратэсту». Гэтае рашэньне, зазначае суд, было прынята «пасьля закліку Лукашэнкі 27 кастрычніка 2020 году забараніць студэнтам удзельнічаць у акцыях пратэсту і страйках у ВНУ».

«Такім чынам, падавальнік скаргі нясе адказнасьць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і падтрымлівае рэжым Лукашэнкі», — зазначаецца ў рашэньні Эўрапейскага суду.

Аналягічным чынам суд патлумачыў, чаму ў санкцыйны сьпіс унесьлі Скрыбу і Бахановіча.

7 чэрвеня Эўрапейскі суд у Люксэмбургу адхіліў пазоў беларускага бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна, які аспрэчваў уключэньне яго ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.

Раней адхілілі пазовы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Сьвятланы Любецкай, Аляксандра Амельянюка, Алега Гайдукевіча (таксама ўзначальвае Лібэральна-дэмакратычную партыю) і намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргея Гусачэнкі, якія спрабавалі аспрэчыць уключэньне іх у санкцыйны сьпіс ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG