Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Суд Эўразьвязу адхіліў пазоў лідэра ЛДПБ Гайдукевіча аб зьняцьці санкцыяў. Нядаўна ён прасіў больш санкцый

Суд Эўразьвязу адхіліў пазоў лідэра ЛДПБ Гайдукевіча аб зьняцьці санкцыяў. Нядаўна ён прасіў больш санкцый


Алег Гайдукевіч, архіўнае фота
Алег Гайдукевіч, архіўнае фота

Цяпер Алегу Гайдукевічу і Сяргею Гусачэнку давядзецца аплаціць судовыя выдаткі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, лідэр ЛДПБ Алег Гайдукевіч і намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка аспрэчвалі ўведзеныя супраць іх санкцыі Эўразьвязу, але Эўрапейскі суд 24 траўня адхіліў іхныя пазовы.

Як піша Reform.by, на думку Гайдукевіча і Гусачэнкі, санкцыі нібыта носяць характар калектыўнай адказнасьці, нясуць памылковую ацэнку і парушаюць прынцып суразмернасьці. Гайдукевіч запэўніваў, што выказваў свой асабісты пункт гледжаньня ў якасьці дэпутата, а Гусачэнка ўспомніў аб свабодзе выказваньня думак.

Рада Эўразьвязу, якая выступала як пазваны бок у судзе, прадставіла довады, якія абгрунтоўваюць санкцыі.

Эўрапейскі суд у Люксэмбургу. Архіўнае фота
Эўрапейскі суд у Люксэмбургу. Архіўнае фота

Суд разгледзеў довады бакоў і прыйшоў да высновы, што рашэньне аб увядзеньні санкцый абгрунтаванае, пазваны даў пераканаўчыя тлумачэньні свайго рашэньня: Гайдукевіч па сутнасьці зьяўляецца прадстаўніком рэжыму Лукашэнкі, а Гусачэнка займаецца прапагандай і ўзначальвае дзяржаўнае прапагандысцкае мэдыя.

Згодна з пастановамі (1 і 2) Пятай палаты Суду Эўразьвязу, Гайдукевічу і Гусачэнку прадпісана аплаціць, у дадатак да іхных уласных расходаў, расходы, панесеныя Радай Эўразьвязу.

Гайдукевіч і Гусачэнка трапілі пад санкцыі Эўразьвязу 21 чэрвеня 2021 году. Дзеячоў беларускага рэжыму прадстаўляў адвакат Адвакацкай палаты Парыжу Зьміцер Ліцвінскі.

Што казаў Гайдукевіч раней

У сеціве захавалася відэа ад 23 красавіка 2023 году, у якім Алег Гайдукевіч ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ кажа:

«Я ўдзячны Захаду за санкцыі, увядзіце, прашу, яшчэ 15 пакетаў санкцый, каб у апошняга чыноўніка і бізнэсоўца зь Беларусі і Расеі назаўсёды адпала жаданьне глядзець у ваш бок».

У базе суду ёсьць яшчэ некалькі пазоваў, пададзеных Ліцьвінскім ад імя грамадзян Беларусі Аляксандра Бахановіча, Сяргея Рубніковіча і Сяргея Срыбы. У адносінах да іх 21 чэрвеня 2021 года таксама былі ўведзены санкцыі ЭЗ. На момант увядзеньня санкцый Бахановіч зьяўляўся рэктарам Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, Рубніковіч — рэктарам Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсітэту, а Скрыба — прарэктарам у выхаваўчай рабоце БДЭУ. Рашэньні наконт іх, мяркуючы па базе, яшчэ не прынятыя.

24 траўня cуд Эўразьвязу таксама адхіліў пазовы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Сьвятланы Любецкай і Аляксандра Амельянюка. Яны спрабавалі аспрэчыць санкцыі, якія Эўрапейскі зьвяз наклаў на іх 21 чэрвеня 2021 году. Эўрапейскі суд у Люксэмбургу пастанавіў адхіліць пазоў і абавязаў заяўнікаў аплаціць выдаткі пазванага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG