Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, прэзыдэнт Аўстрыі прыняў дэмакратычную лідэрку Беларусі ў сваім палацы ў Вене. Падчас перамоваў бакі абмеркавалі сытуацыю з разьмяшчэньнем ядзернай зброі ў Беларусі, узмацненьне ціску ўладаў на палітвязьняў, «паўзучую акупацыю» Беларусі Расеяй і ролю рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны. Таксама абмеркавалі падтрымку беларускіх кампаніяў у выгнаньні і спосабы ўзмацніць ціск на рэжым.
Паводле прэсавай службы, Ван дэр Бэлен запэўніў Ціханоўскую ў падтрымцы Аўстрыяй дэмакратычнай Беларусі. Ціханоўская заклікала аўстрыйскага прэзыдэнта заняць цьвёрдую пазыцыю ў справе недапушчэньня разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, захаваньня незалежнасьці Беларусі. Ціханоўская прапанавала Аўстрыі зрабіць захады, каб аўстрыйскія кампаніі спынілі супрацу з рэжымам.
Палітыкі таксама абмеркавалі магчымасьці для ўмацаваньня беларускай ідэнтычнасьці, для падтрымкі праваабаронцаў, дапамогі ў падрыхтоўцы спэцыялістаў і распрацоўцы рэформаў для новай Беларусі, падтрымкі беларускага бізнэсу, які быў вымушаны выехаць зь Беларусі пасьля рэпрэсіяў.
Ціханоўская падаравала прэзыдэнту Аўстрыі кнігу «Краіна Беларусь» Уладзімера Арлова на нямецкай мове.
- Ціханоўская і ван дэр Бэлен сустракаліся ў Вене ў красавіку 2021 году. Ван дэр Бэлен быў у ліку першых, хто асудзіў фальсыфікацыі на выбарах 2020 году і рэпрэсіі супраць беларусаў.
- Да гэтага ў лістападзе 2019 году ён прымаў Аляксандра Лукашэнку ў Вене, у чэрвені 2018 году ван дэр Бэлен прыяжджаў у Менск і наведваў Трасьцянец.
- Чакаецца, што падчас свайго візыту ў Аўстрыю Ціханоўская таксама правядзе перамовы зь міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбэргам, дэпутатамі парлямэнту, амбасадарам ЗША ў АБСЭ Майклам Карпэнтэрам.
- Таксама Ціханоўская выступіць на міжнароднай канфэрэнцыі «Нашы правы — наша будучыня», прымеркаванай да 30-годзьдзя правядзеньня ў Вене Сусьветнай канфэрэнцыі па правах чалавека.