Энтані Блінкен заявіў аб гэтым у інтэрвію нарвэскай тэлевізіі пасьля сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO ў Осла.
Паводле яго, усе сябры альянсу прытрымліваюцца раней дадзенага абяцаньня, што «дзьверы NATO цалкам адчыненыя для Ўкраіны, і яны застаюцца шырока адчыненымі».
«Аднак любое такое рашэньне ў нашым альянсе, вядома ж, павінна прымацца кансэнсусам, — растлумачыў Блінкен. — Зь ім павінен пагадзіцца кожны з 31 цяперашняга сябра».
Паводле яго, на сустрэчы міністраў «удзялялася пільная ўвага таму, як мы можам дапамагчы Ўкраіне ў яе намаганьнях вярнуць тэрыторыі, а таксама дапамагчы ёй ва ўмацаваньні сярэднетэрміновых і доўгатэрміновых магчымасьцяў у стрымліваньні агрэсіі».
Дзяржсакратар заявіў, што можна чакаць, што на саміце NATO ў Вільні ў ліпені будзе ўхвалены «вельмі магутны пакет як палітычнай, так і практычнай дапамогі Ўкраіне».
Адказваючы на пытаньне аб нядаўніх атаках на тэрыторыі Расеі, у тым ліку ўдарах бесьпілётнікаў у Маскве, Блінкен сказаў: «Мы ў ЗША не ўхваляем і не забясьпечваем магчымасьці, у практычным пляне, для любых атак за межамі ўласнай тэрыторыі Ўкраіны».
Пры гэтым ён дадаў, што «Ўкраіна павінна сама прымаць рашэньні аб тым, як ёй лепш абараняцца».
«Вельмі важна памятаць пра гэта, — працягнуў Блінкен. — Практычна кожны дзень Расея абвальвае на цывільнае насельніцтва ракеты і бесьпілётнікі — хваля за хваляй. І гэта было пастаянным, нязьменным становішчам спраў з таго часу, як год таму Расея зноў уварвалася на тэрыторыю Ўкраіны. Такая рэальнасьць, і мы ня можам выпускаць гэта з-пад увагі».