Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Францыі Макрон заявіў, што Лукашэнка імкнуўся ў NATO

абноўлена

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Парыж, травень 2023
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Парыж, травень 2023

Заява прагучала ў Браціславе на міжнародным форуме па бясьпецы GLOBSEC.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у выступе на традыцыйным форуме GLOBSEC зьвярнуў увагу на апошнія падзеі ў беларуска-расейскіх адносінах, заявіўшы пра «паступовую васалізацыю і падпарадкаваньне Беларусі» Расеяй.

Адказваючы на пытаньні ўдзельнікаў, Макрон заявіў, што да 2020 году частка адміністрацыі Лукашэнкі выступала за больш шчыльныя адносіны з Эўропай і NATO, бо асьцерагалася Расеі.

«Я думаю, што ў 2020 годзе мы прынялі вельмі ясныя рашэньні, увёўшы санкцыі. Але давайце таксама будзем шчырымі — мы падштурхнулі Беларусь і яе палітычную сыстэму да Расеі.

І ня варта забывацца, што Беларусь — якім бы ні быў Лукашэнка, і ясна, што выбары былі сфальшаваныя і што гэта не дзяржава, дзе шануецца вяршэнства закону, там не было павагі да выбараў і мы правільна зрабілі, што занялі жорсткую пазыцыю, — але фактычна гэта была краіна, дзе прэзыдэнт і частка ягонай адміністрацыі хацелі далучыцца да NATO і былі вельмі асьцярожныя з Расеяй.

Мы паставілі яго ў сытуацыю, дзе ён апынуўся ў пастцы Расеі».

Макрон таксама заклікаў пакінуць рэжыму Лукашэнкі магчымасьць «выхаду».

«Калі вы пытаецеся, ці павінны мы мець больш агрэсіўны падыход да Беларусі, мой адказ — не. Я думаю, гэта было б памылкай для нас пашыраць канфлікт і браць на сябе ініцыятыву пашыраць канфлікт на Беларусь.

Па-другое, мы павінны працягваць ціснуць на іх, каб яны не далучыліся да ваенных дзеяньняў. Сёньня расейскія войскі разьмешчаныя ў Беларусі, але Беларусь не зьяўляецца часткай гэтай вайны і ня шле свае войскі — салдатаў і вайсковую тэхніку — ва Ўкраіну супраць украінцаў. У гэтым пытаньні яны нявызначаныя.

Я лічу, што мы павінны карыстацца шматбаковым падыходам. Па-першае, дапамагаць грамадзянскай супольнасьці, як мы ўжо робім. Я лічу, што гэта вельмі важна. Трэба ціснуць, каб у Беларусі стала магчымым весьці свабодныя і адкрытыя дыскусіі.

Па-другое, трэба прапанаваць ім пэрспэктывы, калі яны вернуцца ў наш клюб і арганізуюць свабодныя выбары. Мы павінны паказаць ім пазытыўныя бакі таго, што можа быць у выніку свабодных выбараў — што мы ім прапануем.

А па-трэцяе, трэба ясна ціснуць на Лукашэнку і ягоную адміністрацыю, але таксама даць ім „стратэгію выхаду“. Калі вы толькі ўводзіце санкцыі і не даяце „стратэгіі выхаду“, вы заахвочваеце людзей не мяняць пазыцыі. І гэта пытаньне бясьпекі для асобнай дыскусіі».

Прэзыдэнт Францыі таксама сказаў, што Расея не разьлічвала, што Эўразьвяз так адрэагуе на яе напад на Ўкраіну.

Макрон выказаў спадзяваньні на пасьпяховы контранаступ Украіны:

«Мір ва Ўкраіне немагчымы праз ахвяраваньне тэрыторыямі. Умовы міру павінны вызначаць тыя, на каго напалі, гэта значыць украінцы. Калі мы зьменшым падтрымку Ўкраіны і дапусьцім замарожаны канфлікт, час будзе на баку Расеі».

Уладзімір Пуцін разбудзіў NATO ўварваньнем ва Ўкраіну летась.

«У сьнежні 2019 году я жорстка выказаўся на адрас NATO»,— сказаў Макрон журналістам у Браціславе, нагадаўшы, як ён тады сказаў, што заходні абарончы альянс знаходзіцца ў стане «сьмерці мозгу».

«Магу сказаць, што сёньня Ўладзімір Пуцін апрытомніў яго самым брутальным электрычным шокам»,— дадаў ён.

Макрон таксама заявіў, што Эўразьвяз будзе далей пазбаўляцца энэргетычнай залежнасьці ад Расеі.

Ад Беларусі ў дыскусіях на канфэрэнцыі GLOBSEC бралі ўдзел дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская і жонка зьняволенага нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG