Гісторыя з твітам апазыцыйнага палітыка Валера Цапкалы пра тое, што нібыта Аляксандар Лукашэнка трапіў у крамлёўскі шпіталь, займела вялікі розгалас. Яна ня толькі і ня столькі пра інфармаванасьць палітыкаў, беларускіх у прыватнасьці, колькі пра сьвет сучасных мэдыя.
Твіт палітыка па-ангельску набраў больш за 4 мільёны праглядаў. Дзясяткі, калі ня сотні СМІ ва ўсім сьвеце апублікавалі паведамленьне Цапкалы.
Але ўжо праз дзень Лукашэнка пад тэлекамэрамі сустрэўся са старшынёй Цэнтрабанку Расеі Эльвірай Набіулінай. Пры гэтым паміраючым ён зусім не выглядаў, нават тэмбар голасу вярнуўся да нормы ў параўнаньні са станам, калі ён зьявіўся на публіцы пасьля сапраўднай хваробы.
Атрымаўся гучны канфуз. Але з кім? Варта аддаць належнае Цапкалу: ён суправадзіў сваё сэнсацыйнае паведамленьне дысклэймэрам, папярэджаньнем — «Паводле папярэдняй інфармацыі, якая патрабуе дадатковага пацьверджаньня...».
Але вельмі многія СМІ падалі зьмест твіту ў безумоўнай форме: маўляў, Лукашэнка ў Цэнтральным клінічным шпіталі Масквы, «прамываньне крыві», «нетранспартабэльны» і г.д.
Распаўсюджваць чутку, гэтак яе і называючы, — для салідных мэдыя не комільфо. Таму агаворкі, дысклэймэры калі і захаваліся ў тэкстах паведамленьняў СМІ, то без асаблівага націску, а тым больш не ў загалоўках. А людзі ва ўсім сьвеце часта толькі іх і чытаюць. І «навіна» стала жыць сваім жыцьцём, стала часткай грамадзкай рэальнасьці.
У сур’ёзных СМІ (прынамсі, у заходніх) ёсьць жалезнае правіла: патрэбны дзьве незалежныя крыніцы, якія б пацьвярджалі навіну. Тут крыніца была адна. Але зразумела, што «расплавіла жалеза» гэтага правіла.
Па-першае, сацыяльная значнасьць падзеі, калі б яна сапраўды мела месца. Стан здароўя кіраўніка краіны, наўпрост уцягнутай у вайну, якая закранае ўвесь сьвет, — гэта важна.
Па-другое, кантэкст. Пасьля рэальнай хваробы, перанесенай Лукашэнкам у першай палове траўня (прызнанай і ім самім), інфармацыя аб пагаршэньні яго здароўя выглядала праўдападобнай, як паведамленьне пра працяг ці абвастрэньне хваробы, наконт якой ніякіх сумневаў ні ў кога не было.
Па-трэцяе, асабістае жыцьцё аўтарытарных кіраўнікоў — гэта таямніца, абазнаных крыніц інфармацыі пра яго небагата, гэта збольшага заўжды чуткі. Адна чутка, дзьве ці больш — а якая розьніца, калі дакладна спраўдзіць надзвычай складана.
Па-чацьвёртае, спрацавалі прынамсі фармальныя рэгаліі аўтара твіту — экс-прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзыдэнты (выбары 2020 году ў Беларусі многія памятаюць), былы дыплямат, былы буйны чыноўнік.
Вось камбінацыя гэтых 4 чыньнікаў і спарадзіла цунамі публікацыяў. Дарэчы, варта адзначыць, што беларускія незалежныя мэдыя пра твіт Валера Цапкалы альбо не паведамлялі, альбо рабілі гэта з асьцярожнасьцю, трактуючы яго як неправераную інфармацыю. Як той казаў, няма прарока дома пад бокам.
Многія цяпер папракаюць Цапкалу, што ён не прызнаў памылку, не пакаяўся, што запусьціў «качку». Але, фармальна кажучы, быў жа дысклэймэр. Цяпер палітык можа проста сказаць, што «дадатковага пацьверджаньня» агучаная ім інфармацыя не атрымала. Бывае.
Наконт матываў, дзеля якіх палітык апублікаваў «сэнсацыйную» інфармацыю, існуюць розныя вэрсіі. Ёсьць кансьпіралягічная: нехта сьвядома выкарыстаў яго для распаўсюду дэзынфармацыі, для маніпуляцыі грамадзкай думкай. Ёсьць вэрсія «сапсаванага тэлефона» — чуткі ў маскоўскіх калідорах ходзяць розныя і ўвесь час, у Цапкалы і ў яго паплечнікаў ёсьць знаёмыя ў Маскве. І зьвестка, скажам, пра магчымы візыт Лукашэнкі ў шпіталь у працэсе перадачы з вуснаў у вусны магла лёгка ператварыцца ў плётку пра амаль што каматозны стан.
Нарэшце, ня выключана, што Цапкала сам сьвядома вырашыў правесьці такую інфармацыйную апэрацыю.
Мне асабіста больш праўдападобным падаецца другое тлумачэньне. Але варта заўважыць, што апошні варыянт, калі меў месца менавіта ён, сьведчыць пра выдатнае разуменьне палітыкам таго, як функцыянуюць сусьветныя мэдыя. Цяпер прынамсі прозьвішча Валера Цапкалы пачулі, безь перабольшаньня, мільёны людзей у сьвеце.
Некаторыя пасьля гэтага, як у Булгакава, «сэансу чорнай магіі зь яе наступным выкрыцьцём» кажуць, што гэты казус цалкам зьнішчыць рэпутацыю Валера Цапкалы як палітыка.
А вось гэта насамрэч зусім не абавязкова.
Ужо колькі разоў выкрывалі хлусьню Лукашэнкі, прычым хлусьню без усялякіх дысклэймэраў. Але прынамсі да 2020 году для многіх ён быў кумірам. Ёсьць і іншыя прыклады. Амэрыканскі друк цэлыя газэтныя прасьцірадлы запаўняў выкрыцьцём fake news прэзыдэнта Дональда Трампа. А цяпер ён — самы папулярны кандыдат ад рэспубліканцаў на прэзыдэнцкіх выбарах наступнага году.
Калі гаварыць менавіта пра чуткі аб здароўі кіраўнікоў дзяржаваў, то ў Расеі вельмі папулярны палітычны экспэрт Валеры Салавей, які спэцыялізуецца на расповедах пра тое, што Ўладзімір Пуцін цяжка хворы і вось-вось памрэ. І ўжо колькі разоў.
Людзі хочуць слухаць пра тое, што яны хочуць пачуць. А калі гэта ня спраўджваецца, то многія на гэта проста не зьвяртаюць увагі ці вельмі хутка забываюць.
Далёка ня ўсе СМІ, асабліва заходнія, якія паведамілі пра твіт Цапкалы, паведамілі пра сустрэчу Лукашэнкі з Набіулінай. Цяжкая хвароба Лукашэнкі — гэта сэнсацыя, гэта топ-навіна. А ягоная сустрэча з расейскай банкіркай — што тут цікавага? Дык гэта ж абвяргае «сэнсацыю». Ну, так, але такі сылягізм занадта складаны для аўдыторыі, асабліва той, для якой Беларусь — далёкая малавядомая краіна.
Сацыяльная значнасьць, кантэкст, які стварае эфэкт праўдападобнасьці, складанасьць вэрыфікацыі навіны, фармальна высокая рэпутацыя крыніцы — вось інгрэдыенты чароўнага эліксіру «праўды». Часам хапае нават некаторых зь іх. Ну, а ўжо калі ўсе чатыры — хіба ёсьць сумневы, што сьвет яшчэ ня раз будуць частаваць гэтым «напоем»? І той будзе частавацца. З задавальненьнем.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.