Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бахарэвіч у Ляйпцыгу атрымаў прэстыжную прэмію за свой «экстрэмісцкі раман»


Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

Прэмію Ляйпцыскага кніжнага кірмашу «За ўклад у эўрапейскае паразуменьне» Альгерду Бахарэвічу ўручылі 26 сакавіка.

Альгерд Бахарэвіч атрымаў прэстыжную прэмію на сцэне канцэртнай залі Ґевандгаўс. Аўтар выступіў з прамоваю з гэтай нагоды, якую перадала нямецкая тэлевізія ZDF.

У выступе Бахарэвіч нагадаў, што раман «Сабакі Эўропы», за які яму ўручылі прэмію, прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім, а беларускі выдавец гэтай кнігі 28 дзён правёў за яе ў турме, піша Reform.news. Увогуле, усе творы Бахарэвіча афіцыйна ці негалосна забароненыя ў Беларусі. Аўтар расказаў, як іх палілі, выкідвалі зь бібліятэк, закопвалі трактарам.

За што ж так ненавідзяць дыктатары творчасьць Бахарэвіча, якога яны, напэўна, нават і не чыталі? — задаўся пытаньнем аўтар.

«Усё, што там ёсьць, — гэта літаратура. Літаратура, якая нікому і нічому ня служыць. Бо літаратура заўсёды ёсьць індывідуальным актам чыстай свабоды. Больш за тое — адзінай негвалтоўнай формай свабоды. У маіх кнігах жыве іронія. Жывуць сарказм і гульня. Літаратура заўсёды — вялікая і цікавая гульня! Мае кнігі — візіі будучыні, яны пра творчую апантанасьць чалавека...

Больш за ўсё тыраны баяцца будучыні. Будучыня ёсьць адзінай абсалютнай свабодай. Будучыня заўсёды азначае сьмерць дэспата. Сапраўдная літаратура заўсёды спрабуе бачыць рэальнасьць адразу ў трох вымярэньнях. Яна адначасова гаворыць з тымі, хто быў, з тымі, хто ёсьць, і з тымі, хто будзе. Таму пісьменьнік мусіць мець гістарычнае мысьленьне. Чытаць сыгналы трывогі, распазнаваць небясьпеку задоўга да таго, як здарыцца катастрофа», — заявіў у сваёй прамове Бахарэвіч.

Нямецкія СМІ паведамілі пра ўзнагароджаньне Бахарэвіча ў кантэксьце чарговай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсьліўшы, што ў Беларусі не засталося свабоды ні для творчасьці, ні для пратэсту, раздушанага «драконаўскімі мерамі».

Хто такі Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч — пісьменьнік, аўтар паўтара дзясятка кніг прозы, у тым ліку раманаў «Сарока на шыбеніцы» (2009), «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня» (2012), «Дзеці Аліндаркі» (2014).

У Беларусі раман Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» ў 2022 годзе атрымаў статус «экстрэмісцкага матэрыялу». Сьцьвярджалася, што ў кнізе нібыта «актыўна прапагандуецца распальваньне сацыяльнай, палітычнай і ідэалягічнай варожасьці паміж грамадзянамі краіны і прадстаўнікамі дзяржаўнага кіравання, людзей заклікаюць да масавых беспарадкаў для незаконнага захопу ўлады».

900-старонкавы раман з шасьці частак «Сабакі Эўропы» выйшаў у 2017 годзе ў менскім выдавецтве «Логвінаў» і быў высока ацэнены крытыкамі. На радзіме Бахарэвіч атрымаў за яго прэмію «Кніга году» Беларускага ПЭН-цэнтру, незалежную Чытацкую прэмію і другую прэмію Ежы Гедройця. Расейская вэрсія раману «Сабакі Эўропы» выйшла ў 2019 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Время».

У 2023 годзе «экстрэмісцкім матэрыялам» прызналі кнігу Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А.» (выдавецтва «Янушкевіч», 2020).


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG