Згодна з дакумэнтам, апублікаваным 27 сакавіка на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале, дзяржаўныя закупкі фарбаў, лякаў і аналягічных пакрыцьцяў «Лякафарбы», а таксама шынаў і новых гумовых камэраў «Белшыны» могуць адбывацца «з адной крыніцы».
Такія самыя ўмовы дзейнічалі для гэтых прадпрыемстваў у 2023–2024 гадах, нагадвае агенцтва «Позірк».
«Лякафарба» ўваходзіць у дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім», супраць якога восеньню 2021 году Злучаныя Штаты Амэрыкі аднавілі санкцыі. Украіна таксама ўвяла санкцыі супраць канцэрну, а ў канцы студзеня 2023 застасавала абмежавальныя захады непасрэдна да «Лякафарбы» і яшчэ 22 беларускіх арганізацыяў.
2 сьнежня 2021 году Эўразьвяз уключыў ААТ «Белшына» ў пяты пакет санкцыяў. 20 сьнежня таго ж году да абмежавальных захадаў ЭЗ далучылася Швайцарыя, 22 сьнежня — Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя, у сакавіку 2022 — Японія, у кастрычніку 2022 — Украіна.
9 жніўня 2021 году Андрэя Бунакова, які ў той час быў генэральным дырэктарам «Белшыны», уключылі ў санкцыйныя сьпісы ЗША.
У сакавіку 2024 году суд Эўразьвязу ў Люксэмбургу ў выніку разгляду пазову «Белшыны» зьняў санкцыі. У судовым рашэньні адзначалася: Рада Эўразьвязу як адказьнік не змагла даказаць, што прадпрыемства, якое ёсьць адным з галоўных у Беларусі, служыць «істотнай крыніцай даходаў для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі». На думку судовага органу, недаказаным засталося сьцьвярджэньне, што беларуская дзяржава «наўпрост атрымлівае выгаду з даходаў прадпрыемства».
У пастанове адзначалася, што на судзе пазоўнік падаў дакумэнты, якія сьведчаць аб стратнасьці заводу.
У кастрычніку летась беларускія журналісты-расьсьледнікі заявілі, што «Белшына» пасьля зьняцьця санкцыяў працягвае абслугоўваць расейскую вайсковую прамысловасьць.
Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.
Форум