Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя абвясьціла «найбуйнейшы плян пераўзбраеньня з часоў халоднай вайны»


Прэм’ер-міністар Швэцыі Ульф Крыстэрсан
Прэм’ер-міністар Швэцыі Ульф Крыстэрсан

Прэм’ер-міністар Швэцыі Ульф Крыстэрсан 26 сакавіка абвясьціў, што Швэцыя плянуе павялічыць выдаткі на абарону да 3,5% ВУП.

«Швэцыя і Эўропа сутыкаюцца з цалкам новымі ўмовамі бясьпекі. Вось чаму сёньня мы прэзэнтавалі найбуйнейшы плян вайсковага пераўзбраеньня Швэцыі з часоў халоднай вайны», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X (Twitter).

Паводле Крыстэрсана, выдаткі яго краіны на абарону ўжо перавышаюць 2%, але гэтага недастаткова. Мэтай Стакгольму ён назваў дасягненьне вышэйшых паказьнікаў да саміту NATO ў Гаазе.

«Сёньня мы прэзэнтавалі амбіцыйны плян павелічэньня выдаткаў Швэцыі на абарону прыкладна да 3,5% ВУП да 2030 году. Плян прадугледжвае інвэстыцыі за кошт крэдытаў на 300 млрд швэдзкіх крон (больш за 27,7 млрд эўра)», — дадаў кіраўнік ураду.

Швэцыя і Фінляндыя ўвайшлі ў NATO пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Да таго яны прытрымліваліся нэўтралітэту — больш за 200 і 77 гадоў адпаведна.

6 сакавіка лідэры ЭЗ на саміце ў Брусэлі ўхвалілі пляны рэзкага павелічэньня вайсковых выдаткаў пасьля таго, як адміністрацыя прэзыдэнта ЗША дала зразумець, што ў будучыні Эўропе давядзецца разьлічваць на ўласныя сілы ў пытаньнях абароны.

Краіны ЭЗ ухвалілі паслабленьне бюджэтных абмежаваньняў, якія дазваляюць павялічыць вайсковыя выдаткі. Паводле падлікаў Эўракамісіі, такім чынам можна вызваліць 650 мільярдаў эўра.

Таксама Польшча і краіны Балтыі анансавалі выхад з Канвэнцыі аб забароне проціпяхотных мінаў. Гэта абгрунтавалі пагрозамі з боку Расеі і Беларусі. Выхад з канвэнцыі дазволіць заміноўваць межы.

У Польшчы і Латвіі заявілі аб плянах дадатковай вытворчасьці зброі. Паводле ацэнак Варшавы, польская абаронная прамысловасьць здольная вырабіць да мільёна супрацьпяхотных мінаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG