У эфіры тэлеканалу «Настоящего времени» пра гэта расказвае Юры Баранюк. Пераказваем матэрыял у скароце, цалкам чытайце па спасылцы.
Паводле ацэнак праекту Оryx, Узброеныя сілы Ўкраіны зьнішчаюць або захопліваюць да 150 адзінак цяжкай расейскай бронетэхнікі штомесяц. А ўсяго з 24 лютага 2022 году, паводле падлікаў аналітыкаў, войска Пуціна пазбавілася ўжо амаль дзьвюх тысяч танкаў. Прычым у Oryx улічваюць толькі тыя страты, якія пацьверджаныя фота- або відэакадрамі. Рэальныя лічбы могуць быць яшчэ вышэйшыя.
Перад уварваньнем ва Ўкраіну ў Крамля была, напэўна, самая вялікая танкавая армія ў сьвеце — больш за 3 тысячы адзінак баяздольнай тэхнікі, згодна з ацэнкамі са справаздачы The Military Balance, якую складае Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледаваньняў. Атрымліваецца, Расея магла страціць амаль дзьве траціна гэтага парка.
Уладзімір Пуцін паабяцаў паставіць на ўзбраеньне яшчэ 1600 танкаў, але не ўдакладніў, як хутка гэта здарыцца. Часткова пастаўкі адбываюцца за кошт новых Т-90, якія проста з канвэера сыходзяць на фронт, часткова гэта — машыны з захоўваньня, якія перад адпраўкай на фронт павінны прайсьці мадэрнізацыю, часам вельмі глыбокую (пасьля шматгадовага захоўваньня пад адкрытым небам). Аднаўляць старыя танкі Расеі становіцца ўсё складаней з прычыны дэфіцыту камплектуючых у сувязі з санкцыямі.
Колькі танкаў Масква можа штогод зьбіраць і мадэрнізаваць? Запрошаны навуковы супрацоўнік The Fletcher School of Law and Diplomacy Павел Лузін падлічыў, што на піку сваёй магутнасьці Расея аднаўляла ад 150 да 180 танкаў за год. Гэта практычна столькі ж, колькі Масква штомесяц губляе на вайне ва Ўкраіне. Але такія тэмпы аднаўленьня былі без дэфіцыту замежных камплектуючых. Таксама ў профільнай кампаніі «Ростеха» было пагадненьне з францускай Thales, якая робіць адны з самых сучасных цеплавізараў. Шмат у чым менавіта за кошт іх старыя савецкія танкі станавіліся прыдатнымі для сучасных баявых дзеяньняў.
У другой палове мінулага дзесяцігодзьдзя паказчыкі мадэрнізацыі сталі скарачаць на карысьць навейшых, але таксама яшчэ савецкіх танкаў Т-80. У іх больш магутны, але і больш складаны рухавік, таму, паводле ацэнкі Паўла Лузіна, у Расеі пасьпявалі мадэрнізаваць каля 40 такіх танкаў у год. Акрамя гэтага, ішла мадэрнізацыя танкаў Т-90 і Т-90А, але «ў нейкіх мікраскапічных колькасьцях». Таксама выраблялі «з нуля» новыя танкі Т-90М — ад 10 да 30 штук за год. Сумарна, паводле экспэрта, атрымліваецца максымум каля 200-220 танкаў. Гэта новыя і мадэрнізаваныя танкі Т-72, Т-80 і Т-90.
Каб дасягнуць лічбы ў 1600 адзінак, як абяцаў Уладзімір Пуцін, расейскай абароннай прамысловасьці давядзецца працаваць гадамі. Але ў Крамля ёсьць яшчэ адзін козыр у рукаве — «савецкая спадчына» ў выглядзе танкаў Т-62. За тры наступныя гады дэпутат расейскай Дзярждумы Андрэй Гурулёў паабяцаў мадэрнізаваць 800 такіх танкаў.
Ці ёсьць у Расеі грошы, каб будаваць новыя танкі? — Журналісты The Economist пісалі, што вайна ва Ўкраіне каштуе Крамлю каля 5 трыльёнаў рублёў за год. Гэта каля 62 млрд даляраў. Калі выказаць здагадку, што адзін танк Т-90М каштуе Расеі 2,5 млн даляраў, а гэта адна з самых сьціплых ацэнак, 1600 машын абыдуцца ў $4 млрд даляраў. Магчыма, у Крамлі і знойдуць грошы, урэзаўшы выдаткі іншых артыкулаў расейскага бюджэту, але адбудзецца гэта за кошт пагаршэньня ўзроўню жыцьця дзясяткаў мільёнаў расейцаў.