Амэрыканскі пакет дапамогі Ўкраіне прадугледжвае трату выдзеленых сродкаў на працягу месяцаў ці нават гадоў. Як паведамляецца на сайце Мінабароны ЗША, новы пакет дапамогі ўключае:
- дадатковыя сродкі СПА і боепрыпасы;
- абсталяваньне для інтэграцыі заходніх пускавых установак СПА, ракет і радараў з сыстэмамі СПА Украіны;
- боепрыпасы для супрацьдзеяньня бесьпілётнікам;
- 155-мм артылерыйскія снарады;
- паслугі камэрцыйных спадарожнікавых здымак;
- падтрымку навучаньня і тэхнічнае абслугоўваньне.
У той жа час Мінабароны Вялікай Брытаніі паведамляе, што разглядаецца магчымасьць паставак Украіне ракетаў з далёкасьцю дзеяньня да 300 кілямэтраў. Паводле брытанскага чыноўніка, канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае. Таксама ён адмовіўся раскрыць тып, тэрміны і колькасьць меркаваных паставак. Аднак гэты намер — «істотны крок» на шляху да таго, каб Вялікая Брытанія пастаўляла боепрыпасы, у якіх Украіне адмаўляюць ЗША, піша The Washington Post.
Украіна ўжо даўно просіць заходнія краіны даць ёй ракеты далёкага радыюсу дзеяньня. Яна сьцьвярджае, што такая зброя можа зьмяніць хаду вайны, бо дазволіць ёй паражаць расейскія камандныя цэнтры, склады боепрыпасаў і паліва ў глыбіні анэксаванага Крыму і на акупаваных Расеяй тэрыторыях.
- Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. З тых часоў краіны NATO аказалі дапамогу Ўкраіне на мільярды даляраў — вайсковую, фінансавую і гуманітарную. ЗША ўжо выдзелілі Ўкраіне больш за 71 мільярд даляраў, Вялікая Брытанія — амаль дзесяць мільярдаў, Нямеччына — больш за сем мільярдаў. Дапамога іншых краінаў меншая.
- Раней прадстаўнікі Расеі ня раз камэнтавалі дапамогу заходніх краінаў Украіне. На думку Масквы, пастаўляючы зброю ва Ўкраіну, NATO «гуляе з агнём». Таксама Расея з прычыны паставак узбраеньня ва Ўкраіну разаслала некалькім краінам ноту з асуджэньнем падобных дзеяньняў.