І ня першы, хто, рыхтуючы свой сыход, ня хоча прызначаць пераемніка, а спрабуе захаваць у недатыкальнасьці дэспатыю і сваё «гістарычнае» месца ў ёй, стварыўшы сыстэму калектыўнага кіраваньня таталітарным рэжымам (у нашым выпадку — гэткага «калектыўнага Лукашэнку»). Ці атрымаецца?
Дзеля чаго на працягу апошняга году праводзяцца рознага кшталту маніпуляцыі з Канстытуцыяй, паўнамоцтвамі «усебеларускага народнага сходу», партыйным будаўніцтвам і г.д. І сам дыктатар, і набліжаныя да яго саноўнікі гэта не асабліва хаваюць. Тэрмін «калектыўны Лукашэнка» ўжо адкрыта гучыць у галоўным рупары афіцыйнай прапаганды — газэце «СБ. Беларусь сегодня» (18.11.2022):
«Беларусі дастаўся лідэр сусьветнага маштабу, так здарылася, пашанцавала нам. У многіх крутых момантах сучаснай гісторыі ён нас вывозіў — бясспрэчна. Зараз надышла пара заклапаціцца пытаньнем: як на будучыню стварыць „калектыўнага Лукашэнку“? УНС і павінен гэту функцыю ўзяць на сябе. Цяпер трэба прапісаць правілы — і ня думаць пра сябе. Менавіта таму, што наш лідэр пра сябе ня думае».
Відавочна, ставіцца на мэце, каб пасьля таго, як Лукашэнка сыдзе, створаная ім сыстэма засталася ў выглядзе своеасаблівага «калектыўнага Лукашэнкі», які захавае бяз зьменаў усе ейныя адметнасьці — адсутнасьць сумленных выбараў, незалежнага суду, дэмакратычных свабодаў. Але пры гэтым ня будзе пэрсаналізаваная ў асобе аднаго бясспрэчнага ўладара, дыктатара.
Лукашызм без Лукашэнкі?
З рацыянальнага пункту гледжаньня гэта выглядае даволі дзіўным. Ну сапраўды, чаму б загадзя не прызначыць пераемніка — новага, маладзейшага дыктатара зь ліку пасьлядоўных аднадумцаў і паплечнікаў, самых правераных, запэцканых агульнымі авантурамі і злачынствамі? Гэтага, аднак, у дыктатарскіх рэжымах часта не здараецца. Тут варта мець на ўвазе некаторыя псыхалягічныя асаблівасьці асобаў, якія дзесяцігодзьдзямі ўтрымліваюць аднаасобную неабмежаваную ўладу.
Працяглы час існуючы ў атмасфэры ўсеагульнага ўсхваленьня і ўзьвялічваньня, яны, відавочна, і самі ўрэшце пачынаюць верыць ва ўласную выключную ролю, надзвычайную гістарычную місію. І проста ня бачаць побач з сабой нікога вартага, роўнага сабе. Сама думка пра тое, што нехта канкрэтны (маладзейшы, жвавейшы, спрытнейшы) можа стаць на ягонае месца, зрынуць яго з п’едэстала, выкрасьліць з гісторыі і памяняць курс, выклікае непрыманьне і адмаўленьне.
Асьцярогі такія, што праўда, маюць пад сабой грунт. Тое, што патэнцыйны пераемнік сёньня клянецца табе ў вернасьці, ловіць кожнае слова і лісьліва зазірае ў вочы, зусім не засьцерагае ад таго, што, прыйшоўшы да ўлады, ён жа ня стане зьнішчаць твае помнікі і партрэты, выкрэсьліваць імя з падручнікаў і выкрываць усе твае злачынствы і злоўжываньні. Яркі казахстанскі прыклад ва ўсіх навідавоку. Нурсултан Назарбаеў яўна разьлічваў на тое, што ўласнаручна прызначаны ім удзячны пераемнік Касым-Жамарт Такаеў захавае ў недатыкальнасьці і створаную ім сыстэму, і ўсе прывілеі ягонай вялізнай сям’і, і створаны ім культ першага прэзыдэнта незалежнага Казахстана. Атрымалася ўсё, аднак, зусім па-іншаму. І так звычайна здараецца пасьля працяглых пэрыядаў аднаасобных дыктатур.
Боязь пераемніка
Адметны факт 70-гадовай савецкай гісторыі: ніводзін з камуністычных дыктатараў не падрыхтаваў сабе пераемніка. Хоць, напрыклад, і Ленін, і Сталін у апошнія гады жыцьця яўна адчувалі, што справа набліжаецца да непазьбежнага фіналу. І ўсё ж уявіць кагосьці на сваім правадырскім месцы ні адзін, ні другі ўпарта не хацелі (ці не маглі). Прынамсі, з рашэньнем зацягвалі да апошняй магчымасьці — гэтак жа, як зацягвае зь ім Лукашэнка. І гэтак жа, як Лукашэнка, ня бачылі на сваім месцы нікога вартага, а надзеі на захаваньне дыктатарскага рэжыму ўскладалі на нейкага «калектыўнага пераемніка».
У савецкі час гэта была дакладная прыкмета: загаварылі пра «калектыўнае кіраўніцтва» — значыць, пара разьвітвацца са старым дыктатарам і варта чакаць дыктатара новага. Пэрыяд «калектыўнага кіраўніцтва» ў Савецкім Саюзе заўсёды быў непрацяглым, кароткім, пераходным. Гэта толькі здавалася, што новым правадырам, якія ля труны ці падчас змовы супраць ранейшага дэспата падзялілі ўладу паміж сабой, удасца ў далейшым мірна суіснаваць і сукіраваць. У рэальнасьці мірнага суіснаваньня адразу некалькіх правадыроў ніколі ў савецкай гісторыі не атрымлівалася. Узаемныя падозраньні, інтрыгі, падседжваньні пачыналіся ці не адразу пасьля пахаваньня папярэдняга дыктатара.
Каму ледаруб у сьпіну, каму — кулю ў патыліцу
Стваральнік камуністычнай дыктатуры Ўладзімір Ленін, ужо быўшы безнадзейна хворым, не ўстаючы з ложка і прадчуваючы свой блізкі адыход, таксама ўскладаў надзею на «калектыўнае кіраўніцтва». У сваім «палітычным запавеце» («Лістах да зьезду» 1922-1923 гадоў) настойваў «на павелічэньні колькасьці членаў ЦК да 50 ці нават 100 чалавек, каб сваім кампактным ціскам яны маглі стрымліваць цэнтрабежныя тэндэнцыі ў Палітбюро»; засьцерагаў ад нэгатыўных рысаў характару Сталіна («Сталін, зрабіўшыся генсекам, засяродзіў у сваіх руках неабдымную ўладу, і я ня ўпэўнены, ці здолее ён дастаткова асьцярожна карыстацца гэтай уладай»). У сваім запавеце правадыр пералічыў і іншых сваіх галоўных паплечнікаў, якія маглі прэтэндаваць (і прэтэндавалі) на ўладу: Троцкага, Каменева, Бухарына, Зіноўева, Пятакова.
Нікога канкрэтна сваім пераемнікам ён не назваў. Відавочна, меў спадзеў на тое, што пасьля яго будзе не правадыр, а нейкі «калектыўны партыйны розум», які захавае ленінізм бязь Леніна, дыктатуру без дыктатара. Не атрымалася. Усіх пералічаных у ленінскім запавеце (акрамя Сталіна) напаткаў трагічны лёс: калі не ледаруб у сьпіну, дык куля ў патыліцу. Усе без выключэньня былі абвешчаны «ворагамі народа», «здраднікамі», «шпіёнамі» і «наймітамі імпэрыялізму». Бо ўсе яны былі перашкодай для аднаасобнай улады Сталіна.
Тры мядзьведзі ў адным берлагу
У 1953-м настала чарга Сталіна. Ці доўга пасьля сьмерці «вялікага правадыра» праіснаваў «трыюмвірат» Малянкоў — Бэрыя — Хрушчоў? Здавалася б, пра ўсё дамовіліся, усё падзялілі яшчэ ля сталінскай труны. У кожнага свая немалая дзялянка, свой цэнтар сілы (Малянкоў — урад, Хрушчоў — партыйны апарат, Бэрыя — сілавыя ведамствы). Усё рассыпалася ўжо празь некалькі месяцаў: тры мядзьведзі не маглі ўжыцца ў адным дыктатарскім берлагу. Не пасьпелі савецкія грамадзяне разьвесіць на сьценах новыя партрэты ў правільнай пасьлядоўнасьці, вывучыць імёны новых правадыроў, якія нібыта пачалі ажыцьцяўляць «калектыўнае кіраўніцтва», як 26 чэрвеня 1953 года Берыя быў абвешчаны шпіёнам і здраднікам і неўзабаве расстраляны.
Малянкову ўдалося пратрымацца даўжэй. Але і ён у 1955-м страціў высокую пасаду «за дапушчаныя памылкі», а ў 1957-м і ўвогуле быў абвінавачаны ў змове, стварэньні «антыпартыйнай групы» і разам зь іншымі колішнімі сталінскімі наркамамі Молатавым, Кагановічам «и примкнувшим к ним Шепиловым» быў абвешчаны здраднікам. На шчасьце для іх, часы ўжо былі адносна вэгетарыянскімі: апала для Малянкова скончылася не расстрэлам і не ГУЛАГам, а ўсяго толькі пасадай дырэктара электрастанцыі недзе ў Сібіры, выключэньнем з партыі і далейшым непрыкметным пэнсіянэрскім жыцьцём у маскоўскай двухпакаёвай кватэры.
Хрушчоў перамог усіх, але ў далейшым страціў пільнасьць. Брэжнеўска-шалепінская змова супраць Хрушчова ў 1964 годзе таксама першапачаткова аздаблялася рыторыкай пра «барацьбу з валюнтарызмам» і «аднаўленьне ленінскіх прынцыпаў калектыўнага кіраўніцтва». Рухавікі змовы — «маладыя ваўкі» Шалепін і Сямічасны (адзін былы, а другі — дзейны кіраўнік КДБ СССР) самі рваліся да ўлады, а Брэжнева лічылі часовай, пераходнай фігурай, гэткім прастачком, якім разьлічвалі маніпуляваць. Але пасьля таго, як змова ўдалася і Хрушчоў быў адхілены ад улады, паступова, як і звычайна ў савецкім кіраўніцтве, усчалася грызьня паміж пераможцамі за тое, хто ў Крамлі галоўны. У выніку перамог Брэжнеў — і «маладых ваўкоў» напаткала апала. У 1967 годзе Сямічасны з пасады ўсёмагутнага кіраўніка КДБ СССР вымушаны быў на доўгія гады зьехаць на другарадную пасаду ў Кіеў, а Шалепін з адной з галоўных партыйных пасад быў кінуты «на прафсаюзы» (кіраўніком ВЦСПС). Нягледзячы на параўнальна малады ўзрост, вярнуцца ў Крэмль ім ужо ніколі не ўдалося.
Адметна тое, што ўсе гэтыя (і многія іншыя) вырашальныя для партыі і краіны рашэньні дружна (а найчасьцей і аднагалосна) падтрымліваліся на пленумах ЦК, зьездах КПСС і сэсіях Вярхоўнага Савета. Па-іншаму ў таталітарнай сыстэме, дзе любыя калегіяльныя органы служылі толькі дэкарацыяй, не было і быць не магло.
Паслухмяная машына для галасаваньня
Даволі дзіўна, што ў вырашальны момант дыктатарскай кар’еры, пры набліжэньні свайго непазьбежнага адыходу, правадыры ўскладаюць такія надзеі на «калектыўнае кіраўніцтва» — ці то на ЦК партыі, ці то сынкліт наркомаў, ці то на «ўсебеларускі народны сход». Самі ўсё жыцьцё ні ўва што ня ставячы дэмакратычныя працэдуры, законы і Канстытуцыю, усе палітычныя праблемы прывыкшы вырашаць з дапамогай гвалту, сілы і закулісных інтрыг, чамусьці разьлічваюць, што пасьля іх нехта будзе сьвята выконваць прапісаныя імі правілы і працэдуры.
Вось Лукашэнка разважае пра тое, што будзе пасьля яго:
«Уявіце, прэм’ер-міністар у выпадку адыходу прэзыдэнта праводзіць прэзыдэнцкія выбары (ён павінен арганізаваць як выканаўца абавязкаў прэзыдэнта). Бюджэт, эканоміка, фінансы і іншае аказваюцца ў адных руках. Так? Гэтак. Вынік амаль наканаваны пры любой дэмакратыі... Гэта, мусіць, не зусім правільна. Усё-ткі сыстэма стрымак-процівагаў. Павінны быць процівагі».
І якая «процівага» прыдумана? Так званы «ўсебеларускі народны сход», зь ідэяй якога Лукашэнка носіцца ўсе 28 гадоў свайго прэзыдэнцтва, амаль дакладна скапіяваны ім з колішніх зьездаў КПСС. Лічылася, што некалькі соцень адмыслова адабраных ва ўсіх рэгіёнах краіны перадавых рабочых, калгасьнікаў, вайскоўцаў і чыноўнікаў вызначаюць эканамічны і палітычны курс дзяржавы. У рэальнасьці гэта была паслухмяная машына для галасаваньня. Сабраныя такім чынам людзі былі гатовыя падымаць рукі за што заўгодна — за любое рашэньне, падрыхтаванае ў нетрах апарату ЦК і агучанае з трыбуны першай асобай. Учора галасавалі за татальную сталінскую калектывізацыю, сёньня — за скасаваньне культу асобы Сталіна, заўтра — за пабудову камунізму да 1980 года, пасьлязаўтра — за барацьбу з валюнтарызмам Хрушчова...
У свой час мне даводзілася сустракацца з дэлегатамі колішніх зьездаў КПСС. Самыя яркія ўражаньні, якія засталіся ў іх ад тых «эпахальных форумаў» — тое, у якіх шыкоўных гатэлях яны жылі, у якіх цудоўных рэстаранах харчаваліся і якія багатыя падарункі кожны зь іх атрымаў. Успаміны пра «лёсавызначальныя рашэньні», якія прымаліся на зьезьдзе, зводзіліся пераважна да фразы: «Усе галасавалі — і я галасаваў».
Каго ў адстаўку, каго — у турму
Якія б мудрагелістыя схемы ўладных «процівагаў» ні выдумляў Лукашэнка, якія б пераразьмеркаваньні паўнамоцтваў ні праводзіў і як бы ні маніпуляваў пасадамі і тытуламі сваіх набліжаных, ягоны сыход непазьбежна скончыцца «грызьнёй бульдогаў пад дываном» — жорсткай, бязьлітаснай, а магчыма, нават і крывавай барацьбой за ўладу паміж тымі, у чыім распараджэньні на момант яго адыходу будуць рэсурсы — сілавыя, фінансавыя, людзкія, прапагандысцкія. Хто гэта будзе — Галоўчанка, Качанава, Тэртэль, Кубракоў, Вальфовіч, Хрэнін ці Макей — вялікай розьніцы няма. Урэшце ўладу перахопіць той, хто акажацца больш спрытным, больш беспрынцыпным і больш жорсткім.
Адолеўшы «партнэраў у калектыўным кіраўніцтве» (каго ў адстаўку, каго — у турму, а каго — і на той сьвет), пераможца з прамяністай усьмешкай на твары выйдзе на трыбуну адмыслова скліканага дзеля гэтага «ўсебеларускага народнага сходу» і абвесьціць што-небудзь пра «поўную перамогу здаровых сілаў грамадзтва», «заканчэньне эпохі палітычнай нестабільнасьці», «аднаўленьне дэмакратычных прынцыпаў кіраўніцтва» і «пераадоленьне наступстваў таталітарызму Лукашэнкі». І ўсе 1200 дэлегатаў УНС дружна падымуць рукі — падтрымаюць, як заўсёды, аднагалосна. Пры той сыстэме, якую стварыў і імкнецца захаваць Лукашэнка, па-іншаму быць ня можа.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.