Даўно заўважана: найбольш жорстка Лукашэнка перасьледуе і карае тых сваіх палітычных апанэнтаў, якія раней былі ягонымі паплечнікамі альбо працавалі ў дзяржструктурах. І тое, што пасьля падзеяў 2020 года ён у сваіх публічных выступах неаднаразова згадваў і працягвае час ад часу ў зьдзеклівым тоне называць імёны Паўла Латушкі і Валера Цапкалы, зусім не выпадкова.
Пасьпешлівая падрыхтоўка так званых «завочных судоў» над палітычнымі выгнаньнікамі, увядзеньне сьмяротнага пакараньня за «здраду дзяржаве» — гэта найперш працяг гісторыі помсты Лукашэнкі ім, а таксама ўсім тым сотням і тысячам людзей, якіх ён лічыць здраднікамі толькі за тое, што наважыліся яму пярэчыць, захацелі сумленных выбараў, замахнуліся на «сьвятое» — ягоную аднаасобную, непадзельную і бестэрміновую ўладу.
Першы з «завочных судоў» адбудзецца ў Беларусі неўзабаве, у сьнежні. Дзяржаўная прапаганда ўжо распачала агітацыйную падрыхтоўку.
Хоць фігурантаў у справе шмат, найбольш дастаецца Паўлу Латушку. Ягоныя імя і прозьвішча на ўсе лады зьдзекліва скажаюцца (прыём, які неаднаразова выкарыстоўваў і Лукашэнка). Ён загадзя, яшчэ да суду выстаўляецца «змоўшчыкам з мэтай захопу ўлады», «стваральнікам экстрэмісцкага фармаваньня», «кіраўніком мяцяжу», «удзельнікам акту тэрарызму». А пры гэтым яшчэ і «хабарнікам»: «Бо ніякі ня дэман ПалПадлыч, не фігура, не дзеяч, а бытавы дробны жулік, які паспрабаваў ухапіць момант» (цытата з аднаго з апошніх нумароў прэзыдэнцкага рупара, «СБ. Беларусь сегодня»).
І нават будучае пакараньне для яго і ягоных паплечнікаў дзяржаўныя прапагандысты ўжо прагназуюць: «Домікі, пакінутыя імі ў Беларусі, будуць сканфіскаваныя ў даход дзяржавы».
Падазронасьць і помсьлівасьць
Падазронасьць, помсьлівасьць, татальны недавер да атачэньня — звыклыя рысы многіх аўтарытарных правіцеляў. Лукашэнка ў гэтым сэнсе не выключэньне.
Ужо ў першыя гады ягонага прэзыдэнцтва стала відавочна: найбольшая небясьпека падсьцерагае якраз тых, хто быў найбліжэй да яго, хто прывёў яго да ўлады. Ягоная каманда 1994 года была вельмі стракатая і ў значнай ступені выпадковая. Многія зь іх былі значна больш адукаванымі і дасьведчанымі, чым ён. Некаторыя ўжо тады ня ўтойвалі, што далучыліся да каманды Лукашэнкі ў разьліку на тое, што неспрактыкаваны папуліст будзе часовай фігурай, а яны ў яго за сьпінай працягнуць весьці ўласную палітычную гульню.
Лёс іх, за рэдкім выключэньнем, склаўся драматычна. Даўно няма на гэтым сьвеце Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Булахава; толькі ўцёкамі ўратаваліся ад арышту Валер Цапкала і Анатоль Лябедзька; шматгадовы тэрмін адбывае ў турме Аляксандр Фядута; змоўклі, зьніклі з палітычнай сцэны (і, магчыма, толькі гэтым і ўратаваліся) Леанід Сініцын і Віктар Кучынскі... І гэтая гісторыя яшчэ ня скончаная, яна працягваецца і сёньня.
Нават дзіўна, што пасьля красамоўных трагічных гісторый зьнікненьня палітычных апанэнтаў Лукашэнкі ў ягоным атачэньні на працягу наступных двух дзясяткаў гадоў працягвалі зьяўляцца асобы, якія адважваліся кідаць яму выклік, станавіліся супернікамі на выбарах, зыход якіх загадзя быў прадвырашаны.
Асабліва выразна гэта стала відаць на прыкладзе Аляксандра Казуліна, пасьля 2006 года. У мінулым — рэктар БДУ ў рангу міністра, яркая харызматычная асоба. У выніку той памятнай выбарчай кампаніі быў пабіты, абылганы, прыніжаны, кінуты на некалькі гадоў у турму. І пасьля гэтага ўжо ніколі не вярнуўся ў палітыку. На ягоным прыкладзе Лукашэнка паказваў усім патэнцыйным супернікам, што іх чакае, калі наважацца перайсьці яму дарогу.
Як ні дзіўна, спыніла гэта ня ўсіх. Відавочна, сярод прэтэндэнтаў на ўдзел у беларускай палітыцы вельмі доўга захоўвалася інэрцыя першай паловы 90-х — з уласьцівай таму пэрыяду палітычнай свабодай, плюралізмам, спадзяваньнем на выбары, разьлікам на тое, што грамадзкая думка шмат што значыць...
Многія нібы не маглі паверыць у тое, што стаўленьне да іх як да халопаў Ягонай Вялікасьці, да прыгонных — гэта не фантазіі, не прыдумка апазыцыі, а рэальнасьць. Зрэшты, такіх саманадзейных з часам станавілася ўсё меней. Пасьля 2020-га яны, выглядае, зьніклі канчаткова. Але колькі імёнаў і лёсаў апынулася пад гэтымі руінамі падманутых спадзяваньняў!
«Схіляю галаву перад пралетарскай сякерай»
Пры роздуме над тым, што адбываецца ў сёньняшняй Беларусі, цяжка пазьбегнуць гістарычных аналёгій і паралеляў. І найперш — са сталінскім пэрыядам, з разгулам масавых палітычных рэпрэсіяў у 30-я гады. Відавочна, мэханізм таталітарных рэжымаў дзейнічае паводле адных і тых жа правілаў.
Калі «вялікі правадыр» толькі распачынаў сваё крывавае жніво, пад нож ішлі найперш тыя, хто памяталі ягонае мінулае. Хто лічылі сябе лепшымі, спрытнейшымі, разумнейшымі, больш вартымі высокіх партыйных пасад.
Некаторыя перад сьмерцю спрабавалі асэнсаваць, што ўсё ж адбылося. Як гэта зрабіў Мікалай Бухарын — улюбёнец Леніна і адзін з галоўных прэтэндэнтаў на першую ролю ў партыі. Ён і сапраўды быў адным з найбольш адукаваных і дасьведчаных у ленінскім атачэньні. Свабодна размаўляў па-француску, па-ангельску і па-нямецку. Прыязны і дружалюбны, даступны ў зносінах. За гаваркі нораў калегі часам жартам называлі яго «Коля-балаболка». І ўся «ленінская гвардыя» ведала, што ён куды больш варты лідэрства ў дзяржаве, чым Сталін.
У 1928-м, калі ў партыі ішлі гарачыя дыскусіі наконт навязанай Сталіным калектывізацыі, ён, зацяты праціўнік калгасаў, у запале палемікі назваў неяк Сталіна на пасяджэньні Палітбюро «дробным усходнім дэспатам». У 1928-м гэта яшчэ было магчыма. Але Сталін крыўды не забыў. І не дараваў.
У 1937-м, пазбаўлены ўсіх тытулаў і званьняў, чакаючы суду ва ўнутранай турме НКВД на Лубянцы, у сваім лісьце да Сталіна як пра вялікую ласку ён прасіў:
«Калі мяне чакае сьмяротны прысуд, то я загадзя цябе прашу, заклінаю проста ўсім, што для цябе дарагое, замяніць расстрэл тым, што я сам вып’ю ў камэры атруту (даць мне морфію, каб я заснуў і не прачынаўся)... Дайце мне правесьці апошнія сэкунды так, як я хачу. Зьлітуйцеся!»
Яшчэ ён прасіў магчымасьці разьвітацца з жонкай і сынам. Не атрымаў ні аднаго, ні другога. Яго, як і іншых «ворагаў народа», расстралялі і пахавалі ў агульнай безыменнай магіле. А жонку Анну Ларыну больш як на 20 гадоў кінулі ў лягеры...
Незадоўга да арышту Бухарын склаў кароткае пасланьне будучаму пакаленьню кіраўнікоў партыі, якое Анна Ларына завучыла на памяць. У ім ён спрабаваў асэнсаваць тое, што адбылося:
«Пакідаю жыцьцё. Схіляю галаву перад пралетарскай сякерай, якая павінна быць бязьлітаснай, але і цнатлівай. Адчуваю сваю бездапаможнасьць перад пякельнай машынай, якая, карыстаючыся, пэўна, мэтадамі сярэднявечча, валодае велізарнай сілай, фабрыкуе арганізаваны паклёп, дзейнічае адважна і ўпэўнена...У цяперашні час так званыя органы НКВД — гэта перароджаная арганізацыя безыдэйных, разбэшчаных, добра забясьпечаных чыноўнікаў, якія, карыстаючыся былым аўтарытэтам ЧК, каб дагадзіць хваравітай падазронасьці Сталіна, баюся сказаць больш, у пагоні за ордэнамі і славай чыняць свае гнюсныя справы, дарэчы, не разумеючы, што адначасова зьнішчаюць саміх сябе — гісторыя не выносіць сьведак брудных спраў!».
Ці былі ў чым-небудзь вінаватыя Бухарын, Зіноўеў, Каменеў, Рыкаў, Тухачэўскі і дзясяткі іншых былых сталінскіх паплечнікаў, чые галовы трапілі пад «пралетарскую сякеру»? Кожны паасобку нібыта не. Прынамсі, тыя абвінавачаньні, якія гучалі на судзе ў іхны адрас (у шпіянажы, шкодніцтве, «стварэньні антысавецкага праватрацкісцкага блёку») былі абсурднымі. Іхная сапраўдная, рэальная віна была ў іншым: яны, безумоўна, прыклалі руку да стварэньня тэрарыстычнага нялюдзкага рэжыму і выгадоўваньня гэтай пачвары на чырвоным троне, якая ўрэшце іх жа і зьнішчыла.
Ачалавечваньне аўтарытарызму
Амаль ніхто зь сёньняшніх беларусаў асабіста з досьведам сталінскіх рэпрэсіяў не сутыкаўся. Увогуле, ужо ў брэжнеўскія часы цяжка было паверыць у тое, што гэта можа вярнуцца ці паўтарыцца. У 60-80-я гады пэрыяд сталінскай дыктатуры ўспрымаўся моладзьдзю ўжо як вельмі далёкая гісторыя, якая мела мала дачыненьня да сучаснасьці.
Тлумачыцца гэта тым, што на працягу некалькіх пасьлясталінскіх дзесяцігодзьдзяў адбывалася зьмякчэньне і палітычнага рэжыму, і нораваў. Ачалавечваньне аўтарытарызму. І ў грамадзтве, і сярод эліты было прыкметным імкненьне хутчэй пазбыцца ад цяжкой спадчыны.
Хрушчоў і ягоныя наступнікі нібы стараліся забыць, выкрасьліць тое з памяці — і сваёй, і грамадзкай. Тэрмін «палітычныя рэпрэсіі» разам зь імем Сталіна проста прыбралі з падручнікаў гісторыі, з кніг і фільмаў. Памятаю, на пачатку 80-х гадоў быў выдадзены біяграфічны даведнік «Пісьменьнікі савецкай Беларусі». У біяграфіях даваенных пісьменьнікаў у кожнага другога ці трэцяга — радок: «у 1937–1953 працаваў на лесанарыхтоўках (ці на шахтах) на Поўначы». Але пра тое, што літаратар стаў ахвярай рэпрэсіяў, што адбываў пакараньне ў сталінскім ГУЛАГу — ні слова. Такі вось позьнесавецкі эўфэмізм.
Тады ж сярод партыйнай эліты, якая ўтрымлівала ўладу, усталявалася негалоснае правіла: нават рэальных палітычных праціўнікаў, ворагаў НЕ ДАБІВАЦЬ.
Напрыклад, Вячаслаў Молатаў быў сапраўдным, а не прыдуманым ворагам Мікіты Хрушчова — змоўшчыкам і арганізатарам няўдалага дзяржаўнага перавароту. У 1957 годзе ён узначаліў так званую «антыпартыйную групу»: аб’яднаўшыся з Лазарам Кагановічам і Георгіем Малянковым, зрабіў спробу адхіліць Хрушчова ад улады. Не атрымалася. У паядынку за ўладу Хрушчоў выявіў большыя спрыт і абазнанасьць у пляценьні палітычных інтрыг. І як жа абышоўся з ворагамі? Так, іх выключылі з партыі і зьнялі з высокіх пасадаў. Але нікога не арыштавалі, ні ў кога не адабралі маёмасьці, не пазбавілі кавалка хлеба.
Молатава да выхаду на пэнсію накіравалі амбасадарам у далёкую Манголію. Ня надта крыўдзілі і пазьней, хоць і хадзілі чуткі, што ён нібыта бядуе. Тагачасны супрацоўнік апарату савецкага ўраду Міхаіл Сьмірцюкоў у сваіх мэмуарах пісаў:
«Жыў Молатаў у маленькай драўлянай дачы ў Жукаўцы, якую мы (Саўмін) выдзелілі... Неяк мой таварыш, які жыў на дачы побач з Молатавым, расказаў мне, што Вячаслаў Міхайлавіч з жонкай бядуюць. Пэнсія ў яго была 300 рублёў у месяц, але зь яе яны цалкам плацілі за дачу, вугаль, аплочвалі качагара і жанчыну, якая дапамагала ім па гаспадарцы. І ў выніку ў іх не заставалася практычна нічога. Мы прынялі рашэньне падвысіць ім з Кагановічам пэнсіі на 50 рублёў, вызвалілі ад платы за дачу і вугаль. Качагару і сястры-гаспадыні вызначылі заробак....»
Тут варта заўважыць, што сярэдні заробак у Савецкім Саюзе ў той час не перавышаў 120 рублёў. А пра такую «бядоту», як цяжкасьці з аплатай працы пакаёўкі і асабістага качагара, 99 працэнтаў савецкіх людзей маглі толькі марыць.
Зрынутага суперніка не дабіваць
Адным з найбольш відавочных і яркіх палітычных супернікаў Леаніда Брэжнева быў Аляксандар Шэлепін. У свой час ён дапамог Леаніду Ільічу зрынуць Хрушчова, але пазьней сам пачаў плесьці інтрыгі за сьпінай новага генэральнага сакратара, прэтэндуючы на галоўную пасаду ў партыі і дзяржаве. Брэжнеў помсьціў сваім ворагам пасьлядоўна, але параўнальна мякка. У 1967 годзе Шэлепіна з пасады сакратара ЦК КПСС нечакана «кінулі» на прафсаюзы.
А ў 1975-м падчас афіцыйнага візыту ў Лёндан зь ім здарыўся скандал: на вуліцы закідалі гнілымі памідорамі як апантанага сталініста і былога кіраўніка карных органаў. Хадзілі чуткі, што тут не абышлося без удзелу савецкіх спэцслужбаў, якімі тады кіраваў блізкі паплечнік Брэжнева Юрый Андропаў. Як бы тое ні было, скандал стаў падставай для выгнаньня Шэлепіна з Палітбюро.
Як сьцьвярджаў пазьней гісторык Дзьмітрый Валкагонаў, Шэлепіну ў віну, сярод іншага, было пастаўлена тое, што ён стаў праяўляць, паводле слоў Брэжнева, «ілжывы дэмакратызм»: паехаў адпачываць не на спэцдачу, а ў звычайны санаторый, і стаў хадзіць харчавацца ў агульную сталоўку.
Як і ў многіх іншых падобных выпадках, Леанід Ільіч зрынутага суперніка не дабіваў. У 1975-м яму знайшлі ня надта высокую, але даволі цёплую пасаду намесьніка старшыні Дзяржкамітэта прафтэхадукацыі СССР. З 1984 года Шэлепін — пэрсанальны пэнсіянэр саюзнага значэньня. Кажуць, да апошніх дзён шкадаваў, што ў свой час (калі быў старшынём КДБ) адмовіўся ад званьня генэрал-палкоўніка, якое яму хацеў прысвоіць Хрушчоў. Генэральская пэнсія ўсё ж была значна вышэйшай, чым «цывільная», чыноўніцкая.
Гэтак жа Леанід Ільіч рабіў і з многімі іншымі былымі паплечнікамі, западозранымі ў неляяльнасьці ці здрадзе. Тое, што «здраднік» трапляў у апалу, зусім не азначала, што ён заставаўся без пасады, бяз пэнсіі ці безь дзяржаўнай дачы. Пра турму гаворка ўвогуле не ішла. Пераможаных супернікаў Леанід Ільіч ніколі не дабіваў. Дабіць і зьнішчыць — гэта было сталінскай мэтодыкай і стылістыкай.
Салодкае слова «помста»
Тое, што адбываецца сёньня ў Беларусі, сам Лукашэнка, як ні дзіўна, рэпрэсіямі ня лічыць. Прынамсі, так ён сьцьвярджаў яшчэ летась, падчас сваёй «Вялікай размовы» 9 верасьня 2021 года:
«Ніякіх рэпрэсій не было і ня будзе ў маёй краіне. Таму што мне гэта ня трэба, мне гэта на шкоду. Я не страляў сабе ў нагу, а тым больш у галаву. Разгарнуць у Беларусі рэпрэсіі — гэта самога сябе застрэліць».
Дзясяткі тысяч людзей, якія пасьля 2020 году пацярпелі і працягваюць цярпець перасьлед за ўдзел у мірных пратэстах ці нават за спачуваньне гэтаму пратэсту, хацелі б спытаць: «Што ж гэта, калі не рэпрэсіі?» Але магчымасьці задаць такое пытаньне ініцыятару тэрору яны ня маюць.
Магчыма, Лукашэнка і праўда, верыць у тое, што гаворыць: што ніякіх палітычных рэпрэсіяў у Беларусі няма? Сам жа ён у дачыненьні да сябе і сваёй сям’і ніколі з гэтым не сутыкаўся (пакуль не сутыкаўся). А ягоная нядаўняя фраза пра тое, што пасьля сыходу «ніхто ў мяне камень па вялікім рахунку ня кіне» на тле апошніх падзеяў увогуле гучыць надзвычай саманадзейна і дзіўна.
Тым часам за некалькі тыдняў да суду над Паўлам Латушкам і іншымі ўдзельнікамі Каардынацыйнай рады апазыцыі Палата прадстаўнікоў у сьпешным парадку ўводзіць сьмяротную кару для чыноўнікаў і вайскоўцаў «за здраду дзяржаве». Выпадковасьць? Магчыма.
Мне чамусьці ў гэтай сувязі згадваецца рэпліка з інтэрвію Лукашэнкі расейскаму прапагандысту Салаўёву на пачатку гэтага году. Адказваючы на пытаньне пра стаўленьне да «здраднікаў» (і ў прыватнасьці да Латушкі) Лукашэнка згадаў такі эпізод. Прызначаючы Латушку на пасаду дырэктара Купалаўскага тэатра, ён яму нібыта сказаў:
«Ведаеш, Павел, ня дай Бог, ты здрадзіш краіне... Ладна мне, але калі здрадзіш краіне, я цябе павешу».
Пра «павешу», як удакладніў Лукашэнка Салаўёву, было сказана «ну так, жартам». Зусім хутка даведаемся, наколькі сьмешным у выніку стане гэты «жарт».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.