У Гомельскім абласным судзе ў закрытым судовым пасяджэньні 10 траўня вынесьлі прысуд па крымінальнай справе Віктара Яроменкі. Яго абвінавацілі ў распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці альбо звады паводле ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу і іншых злачынствах.
Працэс, які пачаўся 21 красавіка, вёў судзьдзя Руслан Царук. Акалічнасьці справы, апроч прысуду, пакуль праваабаронцам невядомыя.
«Вясна» паведамляе, што Яроменка прызнаны вінаватым таксама ў заведамым пастаўленьні іншай асобы ў небясьпеку заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). На падставе ч.1 арт. 157 Крымінальнага кодэксу яму прызначылі 1 год і 6 месяцаў зьняволеньня.
Шляхам частковага складаньня вынесеных пакараньняў Яроменку канчаткова прысудзілі 5 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму. Мабільны тэлефон, які належыць абвінавачанаму, канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Выданьне Most і праект блогера Андрэя Павука «Рудабельская паказуха» прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»
Інтэрнэт-рэсурс Most прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Адпаведнае рашэнне МУС Беларусі прыняла 17 траўня, заўважыў праваабарончы цэнтар «Вясна».
У красавіку Most падаў скаргу ў Мінінфарм на «немэтазгоднае выкарыстаньне» сродкаў судом Крупскага раёну, які ўжо другі раз прызнаў ягоны TikTok «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Most — рэгіянальнае мэдыя ў Беластоку для беларусаў па абодва бакі мяжы. Рэдакцыя Most — каманда беларускіх журналістаў у вымушанай эміграцыі.
Таксама «экстрэмісцкім фармаваньнем» прызнаны Youtube-праект блогера Андрэя Павука «Рудабельская паказуха». Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, такое рашэньне прынятае МУС з прычыны «публічных заклікаў да санкцыяў, дыскрэдытацыі і абразы службовых асобаў, арганізацыі дзейнасьці па падрыхтоўцы зьдзяйсьненьня замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь».
Паведамляецца, што «асобы, якія ўдзельнічаюць ці ажыцьцяўляюць любую перадачу зьвестак прадстаўнікам „Рудабельскай паказухі“, прызнаюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармаваньня і будуць прыцягнутыя да адказнасьці па арт. 361-1 КК Беларусі (да 7 гадоў пазбаўленьня волі)».
Верхнядзьвінскую актывістку Валянціну Болбат адправілі за краты на 30 дзён
Валянціну Болбат затрымалі 30 красавіка, але пасьля гэтага жанчыне стала дрэнна, таму яна на некаторы час трапіла ў бальніцу.
Днямі яна напісала ў Фэйсбуку, што чакае суду паводле двух пратаколаў: па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне). 17 траўня яе знаёмыя ў сацсетках паведамілі, што Болбат асудзілі на 30 дзён арышту. Вядома, што працэс адбыўся 10 траўня ў судзе Верхнядзьвінскага раёну, пішуць праваабаронцы «Вясна назірае».
Напрыканцы 2022 году Валянціну Болбат ужо тройчы асудзілі паводле адміністрацыйных спраў. Таму яна таксама мусіць сплаціць 130 базавых велічыняў, а таксама заплаціць за ўтрыманьне ў ЦІПе. Вядома, што яна спрабавала ўзяць на гэта крэдыт, але ёй адмовілі.
Чарговае папаўненьне «Сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», у яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Научно-Технический·LAB-66·Лабораторный журнал беларуского химика», «Чат дартаньянов», «БЕЛАРУСКАЯ ВЫВЕДКА/BELARUSIAN INTELLIGENCE», «Двор НикРус», «Беларусы Замежжа»;
- Суполка ў «Одноклассниках» «Я ПРОТИВ ЭТОГО РЕЖИМА»;
- Інфармацыйная прадукцыя, разьмешчаная ў Telegram-канале «ByProsvet», у электронных газэтах «Беларускi час» (выпускі № 1, 2), «Голас Беларусі» (выпуск № 1);
- Электронная газэта «Слово Беларусов» (выпускі 23-25);
- Усе сацсеткі праекту «Сообщество железнодорожников Беларуси»;
- Facebook-старонка «Мой Минск: политика, история, социология».
- Тэлеграм-канал «Беларусы Замежжа» (пра гэта паведаміла «Берасьцейская Вясна»).