Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 траўня: У Горках затрымалі барбэра; у Менску новы вырак за ўдзел у пратэстах 2020-га


Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Затрыманьне ў Горках

У Горках Магілёўскай вобласьці затрымалі Паўла Шакоўскага, аднаго зь вядомых мясцовых барбэраў,​ паведамляе «Наша ніва». Увагу сілавікоў прыцягнулі бел-чырвона-белыя тату Паўла і пакінутыя ім камэнтары ў сацсетках.

На відэа, запісаным сілавікамі, Шакоўскі сядзіць са схаванымі за сьпінаю рукамі. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгах і «зьняважлівых камэнтарах» у адрас міліцыі і Лукашэнкі. Таксама сілавікі змусілі зьняволенага разьдзецца.

Калі Паўла Шакоўскага затрымалі і што яму інкрымінуюць, невядома. У Горках Паўла Шакоўскага лічаць адным з найлепшых цырульнікаў.

Бацьку і дачку пакаралі «хатняй хіміяй» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе

У судзе Савецкага раёну Менску асудзілі 60-гадовага Юрыя Машка і ягоную 24-гадовую дачку Валерыю Машок. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядаў Аляксандар Якунчыхін, паведамляюць праваабаронцы.

Юрыя і Валерыю Машкоў 27 красавіка ўнесьлі ў «Сьпіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці». Суд прызнаў іх вінаватымі і пакараў абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады кожнага («хатняй хіміяй»).

Меру стрыманьня ім зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе.

Палітвязьня Яўгена Петрачэнку будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»

Яўген – футбольны фанат з Барысава. Да затрыманьня працаваў зваршчыкам на мясцовым жалезабэтонным заводзе. Падчас пратэстаў у Барысаве ён нібыта штурхануў турнікет на міліцыянта, чым пашкодзіў яму нагу і твар. Пры затрыманьні хлопца ўдарылі дубінкай па галаве так, што ён страціў прытомнасьць.

У кастрычніку 2020-га Яўгена асудзілі паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў адносінах супрацоўніка ўнутраных спраў») на 3,5 года калёніі. Пазьней яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму.

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 26 траўня над хлопцам распачнецца суд паводле ч. 1 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Справу будзе разглядаць судзьдзя Вікторыя Палякова, піша «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG