Украінскі журналіст і палітычны камэнтатар Віталь Портнікаў лічыць, што Лукашэнка цяпер цалкам залежыць ад Крамля, тлумачыць, чаму любой краіне цяжка праводзіць дакладную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, і заяўляе, што «для Расеі Ўкраіна — толькі мішэнь. Зь мішэньню не размаўляюць, у яе страляюць».
Сьцісла:
- Я абсалютна ўпэўнены, што Расея не адмаўляецца ад ідэі захопу Кіева.
- Ніякай рэальнай магчымасьці для манэўру ў Лукашэнкі няма, магчымасьці манэўраваць і мець сваю пазыцыю ён ня мае ўжо даўно.
- Цяпер вельмі цяжка дакладна ўявіць, які сапраўдны ўзровень самастойнасьці беларускай дзяржавы.
- Той Украіне, якая будзе існаваць наступнае дзесяцігодзьдзе, будзе не да Беларусі.
- Расея не імкнецца ні да якіх перамоваў.
— На палігонах Беларусі цяпер разьмешчана каля 2800 расейскіх вайскоўцаў. Такую лічбу паведаміў украінскі генэрал Сяргей Наеў. Вядома, што раней гэтая лічба дасягала 10 тысяч. З улікам гэтага ці можна лічыць, што на сёньня афіцыйны Кіеў лічыць пагрозу нападу з тэрыторыі Беларусі маларэалістычнай?
— Што тычыцца аб’ектыўнай рэальнасьці, то зразумела, што расейскія войскі цяпер перш за ўсё рыхтуюцца да адбіцьця магчымага ўкраінскага наступу. І цалкам магчыма, што ў гэтай сытуацыі паўночны, беларускі кірунак ня лічыцца прыярытэтным. А прыярытэтам ёсьць утрыманьне тых пазыцыяў, якія былі занятыя Расеяй падчас анэксіі ў 2014–2022 гадах. Натуральна, што менавіта там знаходзяцца асноўныя ўзброеныя сілы Расеі, і таму гэтых сілаў становіцца меней на паўночным кірунку.
Але я не выключаю, што ў любы момант гэты паўночны кірунак зноў можа стаць актуальным. Я абсалютна ўпэўнены, што Расея не адмаўляецца ад ідэі захопу Кіева і, адпаведна, не адмаўляецца ад ідэі выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі ў якасьці пляцдарму для такіх дзеяньняў. Ня думаю, што тут што-небудзь у прынцыпе можа зьмяніцца.
— У Беларусі працягваюцца дыскусіі наконт таго, наколькі кароткі той павадок, на якім Масква трымае Лукашэнку. Ці кіраўнік менскага рэжыму абсалютная марыянэтка і ад яго нічога не залежыць, ці ён мае нейкую прастору для самастойнасьці?
— Я думаю, што прынамсі пасьля 2020 году Лукашэнка цалкам залежыць ад Крамля. Ніякай рэальнай магчымасьці для манэўру ў яго няма, магчымасьці манэўраваць і мець сваю пазыцыю ён ня мае ўжо даўно. І мы разумеем, што гэта кіраўнік, які не карыстаецца падтрымкай большасьці грамадзянаў краіны. Да 2020 году ён мог мець ілюзіі, што яго падтрымліваюць ягоныя суайчыньнікі. Пасьля 2020-га гэта ілюзія канчаткова зьнікла. Па сутнасьці, ён зьяўляецца лідэрам сілавога апарата, які стрымлівае народнае незадавальненьне. І калі гэты сілавы апарат пабачыць, што Лукашэнку не падтрымлівае Масква, то можа адпаведна адрэагаваць. Таму, я думаю, гэты павадок дастаткова кароткі.
— Чаму Крэмль не аддае загаду, каб беларускае войска ўступіла ў вайну? Ці Масква і Менск разумеюць, што ад гэтага будзе больш праблемаў для самога Лукашэнкі, ці проста пакуль у гэтым няма ваеннай неабходнасьці?
— Мы ўжо гаварылі, што зараз беларускі кірунак можа ня быць прыярытэтным з гледзішча найбліжэйшых ваенных інтарэсаў Пуціна. І было б дзіўна ўявіць, што беларускае войска можа быць выкарыстана недзе на поўдні Ўкраіны. Аднак, калі зноў будзе пастаўлена пытаньне аб дзеяньнях на паўночным кірунку (наступ на Валынь альбо зноў на Кіеў), думаю, спробы ўцягнуць у вайну беларускую армію могуць аднавіцца.
Трэба, аднак, разумець, што з прычыны сваёй колькасьці і ступені падрыхтаванасьці беларуская армія ня можа выконваць у вайне вырашальную ролю.
— Ня толькі беларускія, але і ўкраінскія экспэрты, якія займаюцца беларускай тэматыкай, часам кажуць, што ў афіцыйнага Кіева няма дакладнай стратэгіі наконт Беларусі. Гучаць рознаскіраваныя заявы, якія нярэдка яшчэ і абураюць беларусаў. Ці сапраўды няма такой стратэгіі? Альбо яна ёсьць і проста многім беларусам не падабаецца?
— Зараз вельмі цяжка дакладна ацаніць, які сапраўдны ўзровень самастойнасьці беларускай дзяржавы. Ня кажучы ўжо пра ўзровень уплыву беларускай апазыцыі. Таму любой краіне цяпер цяжка мець нейкую дакладную палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Гэтая палітыка будзе хутчэй рэакцыяй на нейкі імпульс і падзею.
У сувязі з гэтым я думаю, рэакцыя на Беларусь з боку афіцыйнага Кіева зьвязана з супярэчнасьцю наконт таго, што ж такое рэальная Беларусь. Гэта яшчэ сувэрэнная дзяржава альбо ўжо расейскі дамініён? Яшчэ расейскі дамініён альбо ўжо расейская калёнія? У любым выпадку мы разумеем, што Беларусь як дзяржава страціла нават тую невялікую частку свайго сувэрэнітэту, якую яна мела да 2020-га. Хаця і да 2020 году гаварыць аб сапраўдным сувэрэнітэце Беларусі ў прыняцьці ёй стратэгічных рашэньняў можна было толькі з пэўнай доляй умоўнасьці.
— Некаторыя ў Беларусі асьцерагаюцца, што пасьля таго, што можна назваць «перамогай Украіны», Кіеў можа вярнуцца да ранейшых, «дзелавых» адносінаў з Лукашэнкам. Альбо, як лічаць іншыя, Украіна ўсур’ёз зоймецца сваім паўночным суседам?
— Я б не рабіў ніякіх прагнозаў на гэты конт. Бо сам тэрмін «перамога Ўкраіны» зусім па-рознаму трактуецца кожным чалавекам. Той Украіне, якая будзе існаваць наступнае дзесяцігодзьдзе, будзе не да Беларусі. Украіне самой трэба зразумець, якое месца яна будзе мець у сучасным сьвеце і ці здолее яна гэтае месца займаць. Зразумела, што і ў Беларусі могуць адбывацца самыя розныя зьмены, якія зробяць любыя прагнозы цалкам бессэнсоўнымі. Мы ўсе жывём сёньняшнім днём, і любая новая падзея можа зьмяніць сытуацыю да непазнавальнасьці.
— Любая вайна заканчваецца альбо поўнай перамогай аднаго з бакоў, альбо нейкімі перамовамі. Па-вашаму, пры якіх умовах могуць пачацца перамовы, што на сёньняшні момант выглядае вельмі малаверагодным варыянтам?
— Перамовы залежаць не ад Украіны, а ад Расеі. Я ўпэўнены, што Расея не імкнецца ні да якіх перамоваў, бо яе мэта — паглынаньне Ўкраіны і выхад на межы Савецкага Саюзу.
І калі ідуць абмеркаваньні, што павінна адбыцца, каб Украіна пачала перамовы, то я заўсёды кажу: а чаму вы лічыце, што Расея зьбіраецца сядаць за стол перамоваў? Чаму вы не давяраеце расейскім кіраўнікам, якія заяўляюць, што зь Зяленскім ня трэба перамаўляцца, а трэба яго зьнішчыць. Гэта менавіта тое, чым яны і будуць займацца. Гэта адзінае, што іх цікавіць. Для Расеі Ўкраіна — толькі мішэнь. Зь мішэньню не размаўляюць, у яе страляюць.
Трэба быць гатовым да таго, што ўвесь канфлікт на постсавецкай прасторы будзе разьвівацца цягам доўгіх гадоў, без намёкаў на ягонае рашэньне. Паўплываць на ягонае заканчэньне можа толькі поўнае спусташэньне рэсурсаў бакоў ці аднаго з бакоў — нам, безумоўна, хацелася б, каб гэта была Расея. Калі гэта адбудзецца і пры якіх умовах, у якіх абставінах, гаварыць не прыходзіцца. Паўтаруся, што ўвесь гэты час Расея будзе рабіць намаганьні дзеля зьнішчэньня ўкраінскага кіраўніцтва. Яшчэ нічога нават не пачыналася.