Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Візавая спрэчка выгодная Пуціну і Лукашэнку». Ці перастануць беларусам выдаваць турыстычны «шэнген»?


Фінская шэнгенская віза
Фінская шэнгенская віза

Сёньня ў Празе пачалася нефармальная нарада міністраў замежных спраў дзяржаваў Эўразьвязу, адно з галоўных пытаньняў на парадку дня — разгляд прапановы аб спыненьні выдачы турыстычных шэнгенскіх візаў грамадзянам Беларусі і Расеі.

Сьцісла

  • Прапанова спыніць выдачу турыстычных шэнгенскіх візаў выклікала гарачыя спрэчкі паміж дзяржавамі Эўразьвязу.
  • Канцэптуальны падмурак спрэчкі — пытаньне, ці нясуць народы Беларусі і Расеі адказнасьць за вайну.
  • У эўрапейскай візавай спрэчцы абодва бакі апэруюць аргумэнтамі маральнага характару.
  • Бэнэфіціяры візавай спрэчкі — Пуцін і Лукашэнка.
  • Найбольш імаверны вынік нарады кіраўнікоў МЗС — кампраміс у выглядзе скасаваньня дамоваў паміж ЭЗ і Беларусьсю ды Расеяй аб лібэралізацыі візавага рэжыму.
  • Як рашэньні нарады міністраў у Празе, гэтак і атмасфэра візавай дыскусіі ў ЭЗ зробяць атрыманьне шэнгенскіх візаў для беларусаў і расейцаў больш складаным.
  • Імаверны цяперашні кампраміс у візавым пытаньні — хутчэй за ўсё не апошняя кропка ў эўрапейскай візавай спрэчцы.

Упершыню гэтую ідэю агучыў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Шэраг краінаў Зьвязу — дзяржавы Балтыі, Фінляндыя, Польшча, Чэхія — на нацыянальным узроўні ўжо рэалізавалі гэтую меру і заклікалі іншыя дзяржавы ЭЗ падтрымаць адпаведнае супольнае рашэньне ў маштабах усяго Зьвязу.

Але гэтая прапанова сустрэлася з крытыкай і пярэчаньнямі як асобных дзяржаваў ЭЗ, гэтак і яго інстытуцыяў — публічна выказаліся супраць Нямеччына, Грэцыя, Кіпр, а таксама Эўракамісія і вышэйшы прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Жузэп Бурэль.

Выдаваць нельга забараніць. Дзе паставіць коску?

Разгарэлася гарачая канцэптуальная спрэчка. Аргумэнты прыхільнікаў забароны: грамадзяне краіны-агрэсара і краіны-суагрэсара не павінны мець раскошу рэляксаваць у Эўропе ў той час, калі расейскія войскі забіваюць украінцаў, калі на ўкраінскія гарады падаюць ракеты, якія ляцяць у тым ліку і зь Беларусі.

У прымежных краінах да гэтага дадаюцца і меркаваньні бясьпекі — як бы турысты з краіны-агрэсара і краіны-суагрэсара не аказаліся перадавым атрадам уварваньня гібрыднай, а то і гарачай, вайны.

Выказваецца таксама меркаваньне, што пазбаўленьне значнай колькасьці грамадзян Расеі і Беларусі магчымасьці езьдзіць у Эўропу можа стаць стымулам для іх змаганьня супраць вайны.

Канцэптуальная база прапановы — тэза аб адказнасьці, датычнасьці народаў Беларусі і Расеі да агрэсіі, якую чыняць улады гэтых краінаў. Спыніць выдачу турыстычных візаў грамадзянам гэтых краінаў, пазбавіць іх гэтай даброты — гэта падвысіць для гэтых грамадзтваў цану вайны.

Але свае аргумэнты ёсьць і ў апанэнтаў прапановы. Паводле іх, ладная частка беларусаў і расейцаў, якія едуць у Эўропу, у тым ліку і па турыстычных візах, — праціўнікі рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, праціўнікі агрэсіі, яны ўцякаюць ад рэжымаў у сваіх краінах, часам ратуючыся ад прамога жорсткага перасьледу за сваю палітычную пазыцыю. Зачыняць браму Эўропы перад гэтымі людзьмі амаральна — лічаць праціўнікі татальнай візавай забароны.

Канцэптуальная база такой пазыцыі: цяперашняя вайна — вайна Пуціна і яго памагатага Лукашэнкі, а не расейскага і беларускага народаў, якія ня варта караць. Менавіта так днямі сфармуляваў сваю пазыцыю канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. Ён і яго прыхільнікі напэўна ведаюць, што ладная частка расейцаў і пэўная частка беларусаў падтрымліваюць вайну, але са стратэгічных меркаваньняў, з пэрспэктывы пасьляваеннага міру прыхільнікі такой пазыцыі лічаць, што трактоўка вайны як вайны Пуціна і Лукашэнкі будзе мець большы палітычны плён.

Спрэчка разгаралася, на аргумэнты выказваліся контраргумэнты. Прыхільнікі забароны казалі, што для рэальных апанэнтаў рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна варта рабіць выключэньне, а вось аматараў эўрапейскага адпачынку і рэляксу пускаць ня варта. Дарэчы, і прэзыдэнт Зяленскі скарэктаваў сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні. Праціўнікі забароны даводзілі, што высьвятленьне асабістых абставінаў кожнага прэтэндэнта на візу ўскладніць працу дыпляматычных прадстаўніцтваў, якія і так істотна зьменшыліся ў выніку ўзаемных высылак дыпляматаў як зь Беларусі і Расеі, так і з Эўразьвязу.

Хто выйграе ад палкай візавай спрэчкі?

Варта зьвярнуць увагу на некалькі асаблівасьцяў гэтай дыскусіі. Дзяржавы, якія ўжо ўвялі візавую забарону, апынуцца ў крыху недарэчным становішчы, калі гэта ня стане палітыкай усяго Зьвязу. Шэнген — гэта візавы саюз, адзіная візавая прастора. Скажам, Літва можа прыняць рашэньне не выдаваць візы беларусам ці расейцам. Але калі, напрыклад, Нямеччына будзе працягваць іх выдаваць, то грамадзянін Беларусі ці Расеі зь нямецкай шэнгенскай візай пры жаданьні можа паехаць у Нямеччыну, а адтуль — у Літву. І забараніць яму ўехаць у Літву літоўскія ўлады ня могуць — адзіная візавая прастора. Дый тэхнічнай магчымасьці ня маюць — мяжы ж няма.

У выніку візавая забарона, якую практыкуюць толькі некаторыя краіны Зьвязу, аказваецца больш жэстам, чым мерай, якая прыводзіць да пажаданага выніку.

Яшчэ адна асаблівасьць спрэчкі — гэта тое, што абодва яе бакі апэруюць маральнымі аргумэнтамі. Паводле адных, амаральна пускаць расейцаў і беларусаў у Эўропу, паводле іншых — амаральна не пускаць. У падтэксьце гэта азначае, што, скажам, Талін і Бэрлін лічаць пазыцыю саюзьніка, але ў гэтым пытаньні апанэнта, ня проста памылковай, але і амаральнай.

І хто бэнэфіцыяр такой спрэчкі пра базавыя прынцыпы Зьвязу? Ну зразумела ж, Пуцін і Лукашэнка. Прычым сутнасьць спрэчкі іх якраз мала турбуе. Увядзе Эўропа забарону — ну дык мо і да лепшага, ня будзе «народзец» швэндацца па «Гейропе», набірацца чужога духу. Не ўвядзе — таксама не бяды, нават і някепска, адной мерай сымбалічнага асуджэньня іх рэжымаў менш.

А вось тое, што Эўропа паміж сабой спрачаецца, лаецца, адна краіна абвінавачвае іншую ў здрадзе маральным каштоўнасьцям, на якім збудаваны Зьвяз, — вось гэтаму ўладары ў Менску і Маскве пляскаюць у ладкі. Тут той выпадак, калі прыемны ня вынік, а сам працэс.

Формула кампрамісу

З улікам усіх гэтых чыньнікаў Эўразьвяз, гледзячы па ўсім, прыме рашэньне ў адпаведнасьці са сваімі традыцыямі — пагодзіцца на кампраміс. Кампрамісную формулу напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў МЗС прапанавалі Нямеччына і Францыя, а потым і Чэхія — разарваць зь Беларусьсю і Расеяй дамовы аб лібэралізацыі візавага рэжыму.

Варта нагадаць, што Беларусь яшчэ летась у аднабаковым парадку выйшла з гэтай дамовы, дэнансаваўшы пагадненьне з ЭЗ аб рэадмісіі — аб вяртаньні ўцекачоў. Гэтай дэнансацыяй Лукашэнка летась скарыстаўся напоўніцу, арганізаваўшы маштабны міграцыйны крызіс у ЭЗ. Але Эўразьвяз тады ў якасьці жэсту добрай волі ня стаў адмаўляцца ад сваіх абавязаньняў у межах дамовы, якую са свайго боку скасаваў Менск.

У практычным пляне адмова ЭЗ ад дамоваў аб лібэралізацыі візавага рэжыму зь Беларусьсю і Расеяй будзе азначаць падвышэньне цаны кароткатэрміновай шэнгенскай візы для грамадзян гэтых краін з 35 эўра да 80 эўра.

Дагэтуль, дарэчы, невідавочна, што адпаведная мера будзе прынятая ня толькі адносна Расеі, але і адносна Беларусі. Адносна Расеі яна будзе прынятая напэўна, адносна Беларусі — пакуль ёсьць некаторая інтрыга. У іншых абмежавальных мерах ЭЗ часам практыкуе аднолькавы іх узровень адносна Беларусі і Расеі, часам адносна Беларусі гэтыя меры лагаднейшыя.

Магчымае таксама ўвядзеньне візавых забаронаў для пэўных катэгорый грамадзян, функцыянальна зьвязаных з рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна, а адпаведна і з вайной, — для чыноўнікаў і дэпутатаў. Шматлікія пакеты санкцый ЭЗ уводзілі такія візавыя абмежаваньні адносна пэўных пэрсаналій. Цяпер, ня выключана, яны будуць распаўсюджаныя на цэлыя катэгорыі грамадзян Беларусі і Расеі.

У выніку ніводзін з бакоў эўрапейскай візавай спрэчкі ня будзе цалкам задаволены, але і не пацярпіць поўнай паразы. І ў выніку адзінства Зьвязу будзе захаванае.

Рашэньне будзе прынятае толькі на працягу сёньняшняга і заўтрашняга дня, але некаторыя яго наступствы можна прадбачыць.

Неапошняя кропка

Сама гэтая дыскусія задасьць новы кантэкст. І візы расейцам і беларусам будзе атрымліваць у любым выпадку складаней. І з прычыны ня толькі фармальных рашэньняў, якія будуць прынятыя, а з кантэксту. Консульскія супрацоўнікі дзяржаў ЭЗ, нават тых, якія не ўвядуць візавую забарону, будуць адчуваць новую атмасфэру і разумець, што любы сумнеў варта разглядаць не на карысьць прэтэндэнта на атрыманьне візы, што спакайней і правільней будзе адмовіць, чым даць.

Падчас дыскусіі, якая разгарэлася напярэдадні нарады міністраў у Празе, выказваліся прапановы стварыць больш дакладны і эфэктыўны мэханізм разьдзяленьня тых, хто ратуецца ад перасьледу, і тых, хто хоча проста прыемна пабавіць час у Эўропе. Тут ёсьць свае тонкасьці і дэталі. Скажам, сваякі палітуцекачоў, якія жывуць у Эўропе, могуць наведаць сваіх родных, толькі атрымаўшы турыстычныя візы.

Так што вынікам нарады кіраўнікоў МЗС у Празе можа стаць распрацоўка, удакладненьне такога мэханізму. Бо так выглядае, што цяперашні кампраміс — гэта не апошняя кропка ў эўрапейскай візавай спрэчцы.

Бо вайна працягваецца, украінцаў працягваюць забіваць, украінскія гарады — руйнаваць. І, адпаведна, нянавісьць узмацняецца надалей. А візавая забарона — мера калі не эфэктыўная, дык прынамсі эфэктная. І недарагая, у адрозьненьне ад некаторых іншых. Але і пазбаўляць магчымасьці ўцёкаў у Эўропу тых расейцаў і беларусаў, якіх перасьледуюць іх рэжымы, у тым ліку і за антываенны пратэст, — гэта і сапраўды несправядліва і амаральна.

Але пачакаем, што вырашаць міністры.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG