«Тут добры клімат»
«Спачатку думала, што гэта будзе такая службовая выправа, таму перабралася ў Варшаву. Калі ж стала зразумела, што ўсё гэта надоўга, то прыняла рашэньне пераехаць туды, дзе мне падабаецца больш. Гішпанію выбрала, бо я ведаю гішпанскую мову і тут добры клімат. Польшча для мяне ня самая любімая краіна. Калі зьяжджаць надоўга, то лепш выбіраць нешта больш прывабнае для сябе».
Месцам для жыхарства Юлія выбрала Малагу, горад на самым поўдні краіны. Яна кажа, што некалькі разоў раней тут бывала, ведала мясьціны, а плюс да ўсяго журналістка паступіла ў магістратуру мясцовага ўнівэрсытэту. Цяпер яна ўжо скончыла вучобу, атрымала дыплём, але застаецца жыць у Гішпаніі.
«Бюракратычныя нюансы тут досыць складаныя, калі ты пераяжджаеш сюды не як айцішнік з кантрактам. Давялося прыкласьці шмат намаганьняў, каб застацца ў Гішпаніі легальна. Ад мігрантаў тут патрабуюць мець працоўны кантракт менавіта ў Гішпаніі. Калі яго ня маеш, то, часьцей за ўсё, сутыкаесься з адмовай», — кажа беларуска.
«Зімой зь сіестай яшчэ горш»
Юлія расказвае, што мэнталітэт гішпанцаў адрозьніваецца ад беларускага, яны вельмі вясёлыя і адкрытыя людзі. У цэлым, па назіраньнях журналісткі, гішпанцы добра ставяцца да мігрантаў. Асабліва калі тыя гавораць па-гішпанску. Беларуска ніводнага разу не сутыкалася з нэгатыўным стаўленьнем да сябе.
«Адзінае — яны зусім кепска ведаюць Беларусь, мне часта даводзілася ім тлумачыць, дзе гэта і што ў нас адбываецца. Людзі вельмі дабрадушныя, гэта прыемна. Гішпанцы гатовыя дапамагчы, нават калі ты аб гэтым ня просіш».
А вось мінусам Гішпаніі Юлія называе штодзённую сіесту, якая звычайна доўжыцца ад 14 да 18 гадзіны. У гэты час у горадзе вельмі мала што працуе.
«Трэба да гэтага прызвычаіцца. На поўдні сіеста — гэта лад жыцьця. Калі выйдзеш на вуліцу а трэцяй гадзіне, то пабачыш, што крамы, кавярні зачыненыя. Банкі тут працуюць толькі да 13:00. Гэта вельмі складана зразумець, як людзі жывуць з такім раскладам. Зімой справы зь сіестай яшчэ горшыя. Калі летам шмат турыстаў, крамы працуюць у нядзелю, а зімой такога ня будзе».
Ангельскую мову мясцовыя ведаюць слаба. Калі ў Барсэлёне і Мадрыдзе з гэтым прасьцей, то ў меншых гарадах часта ўзьнікаюць праблемы.
«Але ў Малазе жыве шмат беларускіх айцішнікаў, бо тут мае офіс EPAM. Большасьць зь іх не валодаюць гішпанскай мовай, але неяк жывуць. Усё магчыма».
«Калі ня плаціш арэнду, то цябе ня могуць выгнаць на вуліцу»
Юлія разам з сваім хлопцам-беларусам шукалі жытло ў Малазе шэсьць месяцаў, знайсьці яго не такая простая задача.
«Ёсьць патрабаваньне да кватарантаў — кантракт на працу ў Гішпаніі. Існуе закон, што гаспадар ня можа выгнаць на вуліцу чалавека, які ня плаціць арэнды. Таму гішпанцы вельмі сочаць за ўсім: ці ёсьць у вас грошы, рахунак, праца. Трэба паказаць заробак за апошнія паўгода. Мы з хлопцам працавалі на беларускі СМІ, які базуецца ў Варшаве. Было цяжка тлумачыць, хто мы такія, дзе працуем. Гэта ўсё для гішпанцаў гучала ня вельмі пераканаўча. Мы спачатку здымалі пакойчык».
Цяпер Юлія здымае аднапакаёвую кватэру за 600 эўра. Яна кажа, што гэта мінімальная цана, за якую ў Малазе можна знайсьці жытло. У буйнейшых гарадах арэнда яшчэ даражэйшая.
Камунальныя паслугі моцна залежаць ад сэзону. На поўдні Гішпаніі зусім няма цэнтральнага ацяпленьня. Тэмпэратура на вуліцы рэдка калі апускаецца ніжэй за +14 градусаў, а вось у кватэрах бывае холадна. Справа ў тым, што кватэры робяцца найперш з разьлікам, каб там не было сьпякотна ўлетку, таму яны маюць бэтонныя сьцены, плітку.
«Даводзіцца выкарыстоўваць кандыцыянэр ці абагравальнікі. Былі нават пратэсты ў краіне праз высокія цэны на электрычнасьць. Урад абяцаў зьніжаць. Сярэдні рахунак зімой на аднапакаёўку дзесьці 120 эўра, а летам — 70», — кажа Юлія.
«Прадуктовы кошык каштуе, як у Беларусі»
Беларуска кажа, што сярэдні прадуктовы кошык у Гішпаніі абыходзіцца не даражэй, чым у Беларусі. Каб закупіцца харчамі на некалькі дзён, трэба аддаць каля 40-50 эўра.
«Хлеб і малако даражэйшыя, цэны пачынаюцца ад 1 эўра. Але таньнейшымі выходзяць садавіна і гародніна, рыба. Кіляграм памідораў — 2 эўра, морква — 85 цэнтаў, перцы — 1,85 эўра. Кіляграм манга — 2 эўра, яблыкі — 1,7 эўра».
За паўкіляграма курынага філе беларуска аддае ў сярэднім 3-4 эўра. Сьняданак з кавай абыдзецца ў горадзе прыкладна ў 10-12 эўра, вячэра зь віном — каля 20 эўра на чалавека. Але ў горадзе шмат кавярняў на любы гаманец.
«Страхоўка пакрывае ўсё»
Юлія хваліць гішпанскую мэдыцыну. Кажа, што яна бясплатная для ўсіх грамадзян і людзей, якія маюць дазвол на жыхарства, аднак амаль усе афармляюць яшчэ прыватную мэдыцынскую страхоўку. Беларусцы параілі таксама так зрабіць, каб было менш праблем зь легалізацыяй.
«Я плачу 40 эўра на месяц. Страхоўка пакрывае, здаецца, усё. Я зьвярталася па звычайныя кансультацыі да лекараў, карысталася хуткай дапамогай — і за гэта нічога не плаціла і не даплочвала. Абслугоўваньне вельмі камфортнае, праз мабільную праграму запісваесься да лекара, чакаць доўга не даводзіцца. Сэрвіс вельмі якасны».
Пры гэтым, кажа Юлія, чэргаў у шпіталях не бывае, але пачакаць лекара прыходзіцца. Чаканьне — звычайная для Гішпаніі справа. Стаматалягічныя паслугі таксама ўваходзяць у страхоўку, але беларуска пакуль гэтым не карысталася.
«Зрабілі бясплатнымі цягнікі»
«Цэны на мужчынскую стрыжку пачынаюцца ад 8 эўра — гэта даволі танна. Жаночыя каштуюць ад 15. Але беларускі і ўкраінкі шукаюць сваіх жа майстроў. За манікюр трэба аддаць недзе 20-25 эўра, я хаджу да ўкраінак. У іх, магчыма, нават даражэй, але сэрвіс непараўнальна лепшы за мясцовы», — кажа Юлія.
За хатні інтэрнэт яна аддае 30 эўра на месяц, на мабільную сувязь — 10. Кажа, што хуткасьць інтэрнэту ў краіне вельмі высокая.
Ёсьць таксама прыемныя моманты, зьвязаныя з грамадзкім транспартам. Пасьля пратэстаў людзей супраць высокіх цэнаў на электрычнасьць урад зрабіў зьніжкі на праезд у грамадзкім транспарце.
«Дзесяць паездак каштавалі раней 8 эўра, а цяпер 5. Сталі бясплатнымі паездкі на цягніках на кароткія дыстанцыі. Абяцаюць таксама зрабіць бясплатнымі аўтобусы на далёкія дыстанцыі, каб людзі менш карысталіся аўтамабілямі», — расказвае Юлія.
«Трэба мець плян перад пераездам»
Беларуска кажа, што апошнім часам у Малазе значна пабольшала людзей з нашага рэгіёну. Ад пачатку вайны паехалі людзі з Украіны, а калі пачалася мабілізацыя ў Расеі, то зьявіліся і расейцы.
«Амаль заўжды ў грамадзкім транспарце чуеш расейскую ці ўкраінскую мовы. У беларускай суполцы ў нас каля 250 чалавек. Гішпанія знаходзіцца далёка ад нашага рэгіёну. Калі гэта журналісцкая ці актывісцкая суполка, то ведаюць пра сытуацыю ў нас. Падчас маёй вучобы аднагрупнікі ведалі пра міграцыйны крызіс на мяжы. У Малазе вісяць украінскія сьцягі на мэрыі».
Але пры гэтым навінаў з вайны ва Ўкраіне ў СМІ становіцца ўсё меней, таму многія гішпанцы думаюць, што баявыя дзеяньні ўжо скончыліся. Гэта ня вельмі падабаецца ўкраінцам.
«Тут вельмі добры клімат, разнастайная прырода, шмат магчымасьцяў для вандровак, вельмі сонечна. Але трэба мець нейкі плян перад пераездам. Я б параіла сюды некалькі разоў прыехаць да пераезду, шмат каму мэнталітэт гішпанцаў не падыходзіць. Тут вельмі спакойнае жыцьцё, ніхто не сьпяшаецца нікуды. Шмат што адкладаецца на заўтра. Трэба прадумаць пытаньні з рэлякацыяй і працай, калі гэта не айцішнікі. Тут добра, але ёсьць нюансы», — падсумоўвае Юлія.