Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне так уразіла двухслойная туалетная папера ў лесьнічоўцы ў глушы!» Плюсы і мінусы жыцьця ў Эстоніі


Віцяблянка Кацярына жыве ў Эстоніі ад траўня 2021 году, працуе ў сфэры ІТ. Сваім досьведам пераезду і жыцьця ў гэтай балтыйскай краіне яна падзялілася са Свабодай у рамках праекту «Новая зямля».

«Я ехала зь Беларусі, а не ў Эстонію»

«У нейкі момант стала немагчыма знаходзіцца ў Беларусі, я баялася ўсяго. Памятаю момант, калі выразна адчула, што сапраўды трэба зьяжджаць. Я тады ляжала дома ў ваньне — і раптам адключылася сьвятло. Я акурат перад гэтым на „сутках“ на Акрэсьціна чула гісторыю ад дзяўчыны, якой таксама выключылі сьвятло, а калі яна выйшла ў пад’езд, яе схапілі. І я больш не змагла спакойна жыць. Таму мы і вырашылі зьехаць», — кажа Кацярына.

Па яе словах, дакладнага разуменьня, куды яна хоча ехаць, тады не было, як і не было краіны мары, дзе хацелася б жыць.

«Я ехала менавіта зь Беларусі, а не кудысьці канкрэтна. Мы думалі, дзе лягчэй знайсьці працу, дзе будзе менш стрэсу першы час. Знайшлі працу ў Эстоніі, атрымалі офэр і зьехалі па рэлакейту», — расказвае дзяўчына.

«Уразіла двухслойная туалетная папера ў лесьнічоўцы»

Кацярына нічога не чытала пра Эстонію, пакуль не атрымала канчатковага запрашэньня на працу, але і цяпер свае веды грунтоўнымі назваць яна ня можа.

«Адзінае, што я ведала дакладна, — тут шмат балотаў і расейцаў. Таксама чула пра электронны ўрад».

На месцы беларуска ўразілася, наколькі ў Эстоніі разьвіты мясцовы турызм, які разьлічаны менавіта на жыхароў краіны, а не на іншаземцаў.

«Ёсьць электронная мапа, на якой ты можаш выбраць любы від актыўнасьці і рэгіён. У Эстоніі ёсьць бясплатныя лесьнічоўкі зь мінімальным наборам посуду і мэблі, куды можна прыехаць і пажыць.

Мяне ўразіла, што ў такой лесьнічоўцы пасярод густога лесу ў прыбіральні на вуліцы ёсьць двухслойная туалетная папера! Гэта нібыта дробязь, але для мяне гэта так шмат значыла — яе ніхто ня крадзе, яна заўсёды ёсьць, і не кладуць самую танную. Гэта паказвае стаўленьне дзяржавы да людзей. Мяне гэта так уразіла».

«Электронны ўрад — гэта вельмі крута»

Кацярына вельмі хваліць эстонскі «электронны ўрад», які да пераезду здаваўся ёй зусім абстрактнай рэччу.

«Гэта сапраўды вельмі крута, не займае шмат часу, робіцца ў некалькі пстрычак у інтэрнэце, эканоміць час. Калі табе трэба падаць падатковую дэклярацыю, то ўсё робіш онлайн і падпісваеш электронным подпісам. Нікуды ня трэба ісьці і стаяць у чарзе. Можна напісаць паліцыі па нейкім пытаньні — і яны сапраўды табе адкажуць цягам сутак-двух. Прычым зробяць гэта не на „адвалі“, а дапамогуць. У Беларусі я б нават не пісала».

Што тычыцца мовы, то эстонскай беларуска пакуль ня вучыць. Хапае ангельскай і расейскай. У Таліне вельмі шмат людзей размаўляе па-расейску.

«Я па пераезьдзе старалася ва ўсіх пытацца па-ангельску, але часьцей за ўсё мне пачыналі адказваць па-расейску. Цяпер першапачаткова ўжо пытаюся па-расейску, а калі не разумеюць, то пераходжу на ангельскую.

Але эстонцы вельмі падтрымліваюць сваю мову, тут шмат школ па-эстонску, фільмаў. Моладзь уся гаворыць па-эстонску, а расейскую ведаюць слабей».

«Падрыхтавалася да 200 эўра камуналкі»

Кацярына разам са сваім хлопцам наймаюць двухпакаёвую кватэру (спальня і гасьцёўня) у цэнтры Таліна, плацяць за яе 450 эўра. Па словах дзяўчыны, гэта вельмі выгадная цана.

«Цэны ад пачатку вайны вырасьлі моцна. У нас не паднялі цану, бо добрыя стасункі з гаспадарамі. Але нам малаватая гэтая кватэра, таму я гляджу часам іншыя варыянты. Немагчыма нічога знайсьці таньней за 750 эўра. Гэта такая самая „двушка“, але крыху большая па мэтражы. Мы нібыта і хочам зьехаць, але гэта адразу плюс 300 эўра ў бюджэт, таму і застаёмся тут».

На ўскраіне гораду жыльлё можна знайсьці таньней, ад 500 эўра. Камуналка цяпер каля 100 эўра на месяц. Мінулай зімой плацілі 120–130 эўра.

«Я гэтай зімой падрыхтавалася да 200 эўра, але мне кажуць, што я вялікая аптымістка», — сьмяецца Кацярына.

«Павышэньне цэнаў адчуваюць нават айцішнікі»

«У Эстоніі інфляцыя за год складае каля 25%. Гэта вельмі адчуваецца, нават айцішнікамі. Я асабліва не глядзела на цэньнікі раней. Калі да вайны я набірала кошык у краме за 20 эўра, то цяпер ён будзе 40 эўра. Усё вельмі адчувальна ўзрасло ў цане», — кажа беларуска.

Яна прыводзіць цэны на некаторыя прадукты: кіляграм сьвініны — ад 7,5 эўра, яйкі — 2–2,5, літар малака — ад 1, яблыкі — ад 1, бананы — 1,4, вінаград — ад 2, бульба — 0,5, памідоры — 2,5 эўра.

«Раней паесьці ў кавярні можна было за 10 эўра на чалавека, цяпер гэта будзе 15. На дваіх вячэра цяпер абыдзецца мінімум у 35 эўра. Гэта без алькаголю, толькі асноўная страва. Кактэйлі каштуюць у раёне 10 эўра», — кажа Кацярына.

«Уразіла хуткая дапамога»

Дзяўчына кажа, што з мэдыцынай у Эстоніі шмат не сутыкалася. Страхоўку за яе плаціць праца.

«Калі ў мяне нешта ня так, то я зьвяртаюся да сямейнага ўрача, якому пішу на пошту і апісваю сымптомы. Ён тады патэлефануе і нешта параіць.

Мы аднойчы выклікалі хуткую на карпаратыве, гэта было ў чорта на рагах, дзяўчына перапіла алькаголю. Мяне вельмі ўразіла хуткая дапамога, у Менску людзі былі хамаватыя, а тут вельмі ветлівыя і паспачувалі.

Але чула ад знаёмага іншую гісторыю, у яго забалела вуха, перастаў чуць, яны паехалі ў хуткую дапамогу. Доктар будзе дасяжны празь дзьве гадзіны, адказалі там. Яны чакалі ад 10 вечара да 10 ранку — і ніхто ім не дапамог».

За стрыжку беларуска аддае 50 эўра. Кажа, што цана аднолькавая, як у майстрынь дома, гэтак і ў салёне.

«Я спачатку вельмі афігела ад цаны, але яна тут паўсюль адна. На манікюр у Таліне перастала хадзіць, я глядзела цэны — каля 25 эўра».

«Хачу адсюль пераехаць»

Кацярына кажа, што адразу па пераезьдзе лічыла Эстонію ледзьве не адной з найлепшых краін у сьвеце.

«Тут выдатная адукацыя, добрая мэдычная дапамога, электронны ўрад, тут вельмі ўтульна. Эстонцы любяць пабыць адны, але яны клясныя і ў соцыюме. Я абажаю мясцовыя балоты, клясная магчымасьць для вандровак».

Таксама беларуска падкрэсьлівае як плюс, што Эстонія вельмі адкрытая для стартапаў і іншых айцішных ініцыятываў.

«Эстонія вельмі свабодная, яна між дзьвюма цывілізацыямі. Тут няма кансэрватыўных штук, што геі — гэта кепска, але калега не баіцца зрабіць камплімэнт калезе, каб гэта не лічылася харасмэнтам. У такім балянсаваньні мне бачыцца вялікая свабода», — кажа Кацярына.

Тым ня менш яна лічыць, што з пачаткам вайны стаўленьне да беларусаў значна пагоршылася.

«Я хачу зьяжджаць адсюль. Я бачу, што да беларусаў пачалі ставіцца як да тэрарыстаў. Майму бацьку не далі візу, бо ён нібыта пагражае нацыянальнай бясьпецы краіны. Бацькам хлопца візу не далі абаім, з такой самай фармулёўкай. Калі я званіла ў міграцыю, то мне адказвалі, што вы беларуска, чакайце, што ў вас будуць праблемы. Такіх рэчаў вельмі шмат. У Беларусі твае правы прыцясьнялі, і тут таксама гэта робяць. Гэта непрыемна».

Усё ж Кацярына мяркуе, што гэта ідзе найперш ад чыноўнікаў, а не ад звычайных людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG