Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія: рашэньні Польшчы і Вугоршчыны пра забарону на імпарт украінскага збожжа — непрымальныя


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Эўракамісія заявіла аб недапушчальнасці аднабаковых захадаў у сфэры гандлю пасьля таго, як Польшча а ўслед за ёй і Вугоршчына аб’явілі аб увядзеньні часовай забароны на імпарт украінскага збожжа і іншай сельгаспрадукцыі з Украіны да канца чэрвеня гэтага года.

Рашэньне ў Варшаве і Будапэшце зьвязалі з неабходнасьцю абараніць свой аграсэктар. Пры гэтым, як вынікае з заявы міністра па справах разьвіцьця і тэхналёгій Польшчы Вальдэмара Буды, забарона будзе закранаць і транзыт харчаваньня, які пачаў дзейнічаць у суботу ўвечары. Буда адзначыў, што з украінскім бокам у далейшым будуць праведзены перагаворы аб стварэньні сыстэмы, якая гарантуе, што тавары будуць толькі праходзіць праз польскую тэрыторыю, але не трапляць на мясцовы рынак.

«Важна падкрэсьліць, што гандлёвая палітыка знаходзіцца ў выключнай кампэтэнцыі ЭЗ, і таму аднабаковыя дзеяньні непрымальныя», — гаворыцца ў распаўсюджаным у нядзелю камэнтарыі Эўракамісіі. Там таксама падкрэсьлілі, што «у цяжкія часы вельмі важна каардынаваць і ўзгадняць усе рашэньні ўнутры ЭЗ».

У сувязі з тым, што ў выніку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну аказаліся заблякаваныя некаторыя чарнаморскія парты, вялікая колькасьць украінскага збожжа пачала назапашвацца ў краінах Цэнтральнай Эўропы. Гэта прывяло да зьніжэньня коштаў і ўдарыла па продажах мясцовых вытворцаў.

У Польшчы сытуацыя аказалася няпростай у палітычным пляне для кіруючай кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» у год выбараў. Незадаволенасьць выказваюць жыхары сельскіх раёнаў, дзе падтрымка партыі звычайна высокая, адзначае агенцтва Reuters.

Міністэрства харчаваньня і аграрнай палітыкі Ўкраіны заявіла ў суботу, што забарона Польшчы супярэчыць двухбаковым пагадненьням па экспарце. Ведамства заклікала да перамоваў па ўрэгуляваньні пытаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG