Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек са сталі», аскетычны ў турэмным жыцьці, іграў панк-рок. 8 фактаў пра палітвязьня Анджэя Пачобута, якому споўнілася 50 гадоў


Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

16 красавіка 1973 году нарадзіўся Анджэй Пачобут, журналіст, публіцыст і блогер з Горадні, актывіст Саюзу палякаў на Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. У 50-ты дзень нараджэньня ён знаходзіцца за кратамі.

Сабралі восем важных фактаў пра Анджэя Пачобута.

1. Выхаваны ў польскай традыцыі

Бацька і маці Анджэя — палякі, паходзяць зь Бераставіцкага раёну Горадзенскай вобласьці. У Вялікай Бераставіцы нарадзіўся і сам Анджэй. Анджэй вызнае сябе палякам, які жыве ў Беларусі.

Анджэй Пачобут у дзяцінстве
Анджэй Пачобут у дзяцінстве

У дзяцінстве ён не любіў польскую, размаўляў па-расейску. Аднак потым зацікавіўся польскай мовай, культурай, гісторыяй. Асабліва, калі пабачыў дакумэнты пра сваіх продкаў. Самы далёкі вядомы продак роду Пачобутаў — Мікалай Пачобут-Адляніцкі, які нарадзіўся ў 1536 годзе.

Анджэй вывучаў тое, што датычыла польскасьці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Шануе польскую гісторыю, прыкладам, лічыць жаўнераў Арміі Краёвай узорам для перайманьня.

Сябар Анджэя і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі расказаў Свабодзе, што Анджэй шмат чаго ведае пра польскасьць, Горадню і ня толькі, зь ім цікава размаўляць, спрачацца на розныя тэмы.

Дрэва роду Пачобутаў
Дрэва роду Пачобутаў

Аднак сваякі Анджэя падкрэсьліваюць, што ён ніколі ня быў нацыяналістам, паважаў беларусаў і беларускую мову. На яго ў дзяцінстве аказала вялікі ўплыў бабуля-беларуска, яны зь ёй цёпла сябравалі.

Анджэй жанаты, мае з жонкай двое дзяцей, якія хадзілі ў «польскую» школу. Дзеці звычайна гавораць зь дзедам (бацькам Анджэя) па-польску. Анджэй з малодшым сынам таксама заўсёды гаворыць на польскай мове, якую лічыць роднай. На ёй жа піша яму лісты з турмы, аднак іх не прапускаў цэнзар. Бацькі Анджэя цяпер жывуць у Горадні.

2. Іграў у панк-рок-гурце

Родны брат Анджэя Стас Пачобут больш вядомы як музыкант. У 1993 годзе браты разам стварылі панк-рок-гурт Deviation. У іхных песень была палітычная афарбоўка анархічнага зьместу, у тэкстах крытыкавалі фашызм і таталітарызм, а таксама Аляксандра Лукашэнку.

«На якой ён іграў гітары? Хутчэй на бубне. У яго слыху няма», — раней іранічна выказвалася пра музычныя здольнасьці сына маці.

«Гэта былі ў пэўным сэнсе для маладога хлопца лякальныя зоркі, якія сьпявалі ў асноўным па-беларуску — гэта таксама тады было калі не прыкметай багемнасьці, то пэўнай элітарнасьці», — раней расказваў «Прэс-клюбу» пра гурт Deviation цяперашні палітвязень Павал Мажэйка.

3. Марыў стаць адвакатам

Анджэй скончыў юрыдычны факультэт у Горадні. Марыў стаць адвакатам. Вучыўся на «выдатна», але перад выпускам атрымаў адну «чацьвёрку» і праз гэта не атрымаў чырвонага дыплёма.

«Ён ужо тады быў прыкметны. Ягоная думка часта разыходзілася з думкай іншых», — расказваў раней пра Анджэя бацька Станіслаў.

Чатыры гады пасьля ўнівэрсытэту Анджэй выкладаў права ў політэхнічным каледжы ў Горадні і тэхнікуме права і бізнэсу. Зарабляў няшмат. Спрабаваў уладкавацца на працу на мясакамбінат — не ўзялі.

4. Стаяў ля вытокаў горадзенскай журналістыкі ў незалежнай Беларусі

Пачобут прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе па сьлядах бацькі. Неўзабаве пасьля ягонага прыходу закрылася незалежная горадзенская газэта «Пагоня». Потым яны разам зь Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам стварылі газэту «Дзень». Але і яна выходзіла нядоўга, яе вымусілі закрыцца.

«Вы не баіцеся мяне браць? Калі я прыходжу ў газэту, дык яна закрываецца», — жартаваў пасьля гэтага Анджэй.

Журналісты Анджэй Пачобут, Андрэй Мялешка, Вітаўт Руднік стаяць каля горадзенскага аблвыканкаму ў падтрымку Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якіх пасадзілі ў «справе журналістаў», 2002 год
Журналісты Анджэй Пачобут, Андрэй Мялешка, Вітаўт Руднік стаяць каля горадзенскага аблвыканкаму ў падтрымку Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якіх пасадзілі ў «справе журналістаў», 2002 год

Ён пісаў для газэтаў «Местное время», «Народная воля», польскамоўнай газэты Саюзу палякаў Беларусі «Głos z-nad Niemna», буйнога польскага выданьня «Gazeta Wyborcza».

У 2021 годзе Пачобута другі раз прызналі Журналістам году ў Польшчы (першы раз быў у 2011-м).

5. Любіць Горадню і Нёман

Большую частку жыцьця Анджэй пражыў у Горадні. Ён любіць гэтую зямлю настолькі, што адмовіўся выехаць зь Беларусі ўзамен на вызваленьне.

«Я вельмі люблю Нёман. Ён такі розны: ад вузкага ручайка да проста-такі марскіх шыротаў... Увогуле прырода — гэта тое, чаго не хапае», — пісаў у лістах Анджэй.

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Пакуль Пачобут сядзеў на «Валадарцы», то стараўся займацца спортам па некалькі гадзін у дзень. Камэра была цесная, таму даводзілася хадзіць амаль на месцы.

«Я сабе выдумаў так: кожны крок — гэта крок у кірунку Горадні. Гэта вельмі матывуе. Кожны крок — і ты бліжэй да дому. Зразумела, што вывезьлі мяне далёка, а вывезуць яшчэ далей, але калі не здавацца і крочыць, то раней ці пазьней дойдзеш да хаты, да нашага каралеўскага гораду», — прыдумаў Анджэй.

6. Моцна схуднеў падчас мінулай адседкі

Цяперашні арышт Анджэя — ужо трэці ў крымінальных справах.

У 2010 годзе ён сядзеў «суткі» пасьля Плошчы. У 2011 і 2012 гадах на яго заводзілі крымінальныя справы за «абразу Лукашэнкі» і «паклёп на Лукашэнку». Тады ён правёў пад вартай каля чатырох месяцаў.

Калі Анджэй вызваліўся 10 гадоў таму, яго цяжка было пазнаць, настолькі ён зьмяніўся. Ён тады абвяшчаў у турме сухую галадоўку і моцна схуднеў.

«Раней ён любіў есьці салодкае, булачкі, піць салодкую ваду. Потым ён казаў мне: „Ведаеш, я зразумеў, што магу спакойна абыходзіцца бяз гэтага ўсяго“. Ён памяняў свой густ. Раней жыў для таго, каб есьці, а цяпер есьць для таго, каб падтрымліваць сябе. Ён узяўся за сябе, шмат хадзіў», — расказвалі ягоныя бацькі.

Падчас цяперашняга зьняволеньня Анджэя стала вядома аб праблемах з сэрцам, якія абвастраюцца падчас летняй сьпёкі, таксама пра захворваньне страўніка. Ён амаль нічога ня можа есьці. Падчас гэтага зьняволеньня журналіст таксама ўжо моцна схуднеў.

Цяпер Анджэй аскетычны ў сваім турэмным жыцьці. Барыс Гарэцкі пэўны час насіў перадачы ў турму для калегі. Ён адзначыў, што Анджэй заўжды прасіў не прыносіць шмат. Яму стараліся найперш перадаваць сьвежую гародніну.

«Думаю, прычына менавіта ў аскетызьме, а не ў фізычных асаблівасьцях Анджэя», — думае Барыс.

«Сяджу ў Пішчалаўскім замку і адчуваю сябе графам Монтэ-Крыста. Нягледзячы на тое, што зь першага арышту прайшло ўжо 10 гадоў, хутка ўспомніў рэжым. Хутка адаптаваўся», — пісаў Анджэй да бацькоў у пачатку адседкі.

7. Адмовіўся прасіць памілаваньня

Першапачаткова затрыманых у «польскай справе» было пяцёра. Усе сябры Саюзу палякаў Беларусі з розных беларускіх гарадоў на чале са старшынёй СПБ Анжалікай Борыс.

У траўні 2021 году, праз два месяцы пасьля затрыманьня, стала вядома пра вызваленьне зь СІЗА трох фігурантак справы ўзамен на выезд зь Беларусі. Іх адвезьлі зь вязьніцы да польскай мяжы і высадзілі. Гэтаму папярэднічалі перамовы з абвінавачанымі праз польскага консула.

Пазьней стала вядома, што Анджэю прапаноўвалі падобны плян, але ён адмовіўся.

«Ніякія памілаваньні мне не патрэбныя. Зьвяртацца ці прасіцца я не зьбіраюся. Нават калі будуць ціснуць. У такіх справах, як мая, падобныя паводзіны былі б амаральнымі і ня годнымі памяці герояў Арміі Краёвай», — тлумачыў раней у лістах свой выбар Пачобут.

Анджэй Пачобут ля суду ў Горадні. 23 верасьня 2013 году
Анджэй Пачобут ля суду ў Горадні. 23 верасьня 2013 году

«Ён будзе паміраць, але будзе трымацца свайго», — казаў раней пра Анджэя бацька Станіслаў.

Калегі называюць Пачобута «чалавекам са сталі» і «прыкладам непахіснасьці».

Намесьнік галоўнага рэдактара Gazety Wyborczej Роман Імельскі часта размаўляў з Пачобутам пра падзеі ў Беларусі.

«Я ад пачатку ведаў, што Анджэй ня пойдзе ні на якую дамову з уладамі. Я таксама быў перакананы, што ўлады будуць яму такое прапаноўваць. Анджэя нельга выкінуць сілай, яму нельга прапанаваць такі кампраміс. Анджэй — чалавек каштоўнасьцяў, нязломны чалавек. Я падкрэсьліваю, нязломны чалавек. Яму баліць сэрца за дабро дзяржавы, у якой ён нарадзіўся. Хоць ён паляк, але грамадзянін Беларусі. Анджэй хоча, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай», — сказаў Імельскі.

8. Праз прысуд яму ўлады Польшчы закрылі памежны пераход зь Беларусьсю

Памежны пераход Баброўнікі (польска-беларуская мяжа). 10 лютага, 2023 году
Памежны пераход Баброўнікі (польска-беларуская мяжа). 10 лютага, 2023 году

Міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі заявіў, што пераход «Баброўнікі» будзе закрыты да вызваленьня з турмы журналіста і прадстаўніка польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута.

«Як толькі Пачобут будзе вызвалены, на наступны дзень мы адкрыем пераход „Баброўнікі“», — сказаў Марыюш Камінскі на прэсавай канфэрэнцыі 23 сакавіка, паведаміла беларуская служба Польскага радыё.

Міністар дадаў, што «беларускаму боку высланы выразны сыгнал» у гэтым пытаньні. Камінскі таксама падкрэсьліў, што на кожныя дзеяньні беларускага рэжыму, накіраваныя супраць Польшчы і палякаў у Беларусі, Варшава адкажа «адэкватна і цьвёрда».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG