Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін наведвае М’янму з афіцыйным візытам праз тры тыдні пасьля перамоў у Менску Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка вайсковага ўраду гэтай краіны Мін Аўнг Глайнга, якога хоча арыштаваць Міжнародны крымінальны суд за ваенныя злачынствы.
Як вынікае з паведамленьня прэсавай службы беларускаага абароннага ведамства, Віктар Хрэнін прыехаў для ўдзелу ў вайсковым парадзе, «прымеркаваным да 80-й гадавіны стварэньня Ўзброеных сіл М’янмы».
«Месца міністра абароны Беларусі — на трыбуне побач зь міністрам абароны М’янмы генэралам Маўнг Маўнг Эй», — адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства абароны Беларусі.
У вайсковым ведамстве паведамілі, што Хрэнін напярэдадні наведаў музэй Узброеных сіл М’янмы, папрысутнічаў на парадзе і перадаў у падарунак кіраўніку вайсковага ўраду Мін Аўнг Глайнгу нядаўна выдадзеную кнігу пра Аляксандра Лукашэнку.
Незалежныя СМІ М’янмы, якія працуюць за межамі краіны, называюць Мін Аўнг Глайнга кіраўніком ваеннай хунты. У прыватнасьці, як паведаміла заснаванае ў 1993 годзе ў Тайляндзе групай м’янмскіх журналістаў у выгнаньні выданьне The Irrawaddy, 27 сакавіка ў 2021 годзе вайскоўцы забілі больш за 100 удзельнікаў мірных акцый пратэсту супраць дзяржаўнага перавароту.
«Гэты інцыдэнт стаў самым крывавым днём падаўленьня мірных пратэстоўцаў хунты з таго часу, як вайскоўцы захапілі ўладу ў дэмакратычна абранага ўраду», — адзначыла выданьне.
На сустрэчы з кіраўніком вайсковага ўраду М’янмы з Мін Аўнг Глайнгам міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што супраца Беларусі і М’янмы патрабуе «маштабнай перазагрузкі ўзаемадзеяньня».
«Наша задача — ня колькасьць, а якасьць», — заявіў ён.
Паводле яго, Беларусь і М’янму аб’ядноўвае імкненьне да шматпалярнай сыстэмы міжнародных дачыненьняў і незалежная зьнешняя палітыка.
«Нашы краіны пасьлядоўна і настойліва выступаюць супраць умяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаў і ўвядзеньня незаконных і несправядлівых санкцый», — працытавала Хрэніна прэсавая служба Мінабароны Беларусі.
Кіраўнік вайсковага ўраду Мін Аўнг Глайнг ў сваю чаргу заявіў, што хоча пачаць супрацу з абмену досьведам у падрыхтоўцы спэцыялістаў і запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць М’янму.
Па выніках перамоў зь міністрам абароны М'янмы бакі падпісалі пратакол аб умацаваньні вайсковага супрацоўніцтва.
На наступны дзень пасьля сьвяткаваньня ў М’янме адбыўся землятрус
28 сакавіка агенцтва Reuters паведаміла, што ў другім па велічыне горадзе М’янмы — Мандалай — у выніку моцнага землятрусу абрынуліся некалькі будынкаў.
Землятрус таксама закрануў і сталіцу Тайлянду Бангкок. Людзі пачалі выбягаць з дамоў у паніцы, таргі на біржы спынілі.
Геалягічная служба ЗША (USGS) паведаміла, што магутнасьць землятрусу, які адбыўся на глыбіні 10 кілямэтраў, склала 7,7 бала. Эпіцэнтар знаходзіўся прыкладна за 17,2 кілямэтра ад м’янмскага горада Мандалай, насельніцтва якога складае каля 1,5 мільёна чалавек.
Улады М’янмы не паведамляюць аб наступствах землятрусу.
Беларуская вайсковая дэлегацыя знаходзіцца ў сталіцы М’янмы Нейпьіда. Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што дэлегацыя ў выніку землятрусу не пацярпела.
Кітайскае інфармацыйнае агенцтва Сіньхуа паведаміла, што моцныя штуршкі адчуваліся і ў паўднёва-заходняй правінцыі Юньнань, якая мяжуе з Мʼянмай, але паведамленьняў аб ахвярах пакуль няма.
Чым вядомая М’янма
Мін Аўнг Глайнг ачоліў вайсковы ўрад М’янмы ў выніку перавароту ў жніўні 2021 году. Да гэтага ён камандаваў Узброенымі сіламі краіны. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт
М’янма (колішняя назва Бірма) — шматнацыянальная дзяржава ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, яна мяжуе з Індыяй, Банглядэшам, Кітаем, Лаосам і Тайляндам. У 2021 годзе ў краіне адбыўся вайсковы пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты. У краіне дагэтуль працягваецца грамадзянская вайна паміж вайсковай хунтай і этнічнымі ўзброенымі групоўкамі.
ЗША, Эўразьвяз і Канада ўвялі супраць М’янмы санкцыі за зьвяржэньне законнага кіраўніка краіны Аўнг Сан Су Чы.
Зь ліпеня 2024 году цяперашні госьць Лукашэнкі Мін Аўнг Глайнг адначасова выконвае абавязкі прэзыдэнта М’янмы — тады абвясьцілі, што прызначаны ў выніку захопу ўлады прэзыдэнт М’інг Сўэ праз стан здароўя ўзяў водпуск па хваробе і перадаў свае паўнамоцтвы прэм’ер-міністру.
27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт часовага прэзыдэнта М’янмы Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.
7 сакавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўніком вайсковага ўраду М’янмы Мін Аўнг Глайнгам, які прыяжджаў у Менск адразу пасьля перамоў у Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Форум