Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія рахункі паміж братамі? Што стаіць за скандалам вакол беларускага доўгу Вэнэсуэле


Прэзыдэнт Венесуэлы Уга Чавес (зьлева) падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, 24 ліпеня 2006
Прэзыдэнт Венесуэлы Уга Чавес (зьлева) падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, 24 ліпеня 2006

Цягам усяго пэрыяду праўленьня Лукашэнкі эканамічныя адносіны Беларусі зь іншымі дзяржавамі ў значнай ступені будаваліся не на камэрцыйнай глебе, а на палітычных дамоўленасьцях паміж кіраўнікамі ці ўрадамі. Адзін з найбольш адметных прыкладаў — дачыненьні з Вэнэсуэлай.

Сьцісла:

  • Найбольш удавалася заключаць дамовы «па паняцьцях», будаваць «шэрыя», непразрыстыя схемы з дыктатарскімі рэжымамі-ізгоямі.
  • На такім неэканамічным грунце стаяць беларуска-расейскія эканамічныя адносіны.
  • Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс абменьваліся эканамічнымі падарункамі, грошы надта не лічылі.
  • Эканамічныя дачыненьні з Вэнэсуэлай у значнай ступені будаваліся на бартэрнай аснове, на ўзаемазаліках.
  • Скандал з доўгам Вэнэсуэле — не адзінкавы ў замежнаэканамічных дачыненьнях афіцыйнага Менску.

Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар выпусьціў расьсьледаваньне, зь якога вынікае, што Беларусь вінаватая Вэнэсуэле каля 1,5 мільярда даляраў за пастаўкі нафты, якія былі яшчэ ў часы Уга Чавэса. І беларускія ўлады не зьбіраліся вяртаць Вэнэсуэле гэтыя грошы.

Чамусьці гэтая інфармацыя мала зьдзівіла. Бо цягам усяго пэрыяду праўленьня Лукашэнкі эканамічныя адносіны Беларусі зь іншымі дзяржавамі ў значнай ступені будаваліся не на камэрцыйнай глебе, а на палітычных дамоўленасьцях паміж кіраўнікамі ці ўрадамі. Найперш гэта тычылася краін, як цяпер кажуць, глябальнага Поўдня. Найбольш удавалася заключаць падобныя дамовы «па паняцьцях», будаваць такія «шэрыя», непразрыстыя схемы з дыктатарскімі рэжымамі-ізгоямі.

Уласна кажучы, на такім неэканамічным грунце стаяць беларуска-расейскія эканамічныя адносіны. З самага пачатку палітыкі інтэграцыі гаспадарчыя сувязі паміж Беларусьсю і Расеяй — не ўзаемавыгадныя дачыненьні эканамічных партнэраў, а як бы дадаткак да палітычных стасункаў, нешта падпарадкаванае ім. Гандаль грунтуецца не на рынкавых прынцыпах, а на «палітычных коштах». Асабліва гэта тычыцца цэнаў на энэргарэсурсы. Таму ў беларуска-расейскіх дачыненьнях і здараюцца рэгулярна «эканамічныя войны»: газавая, нафтавая, малочная і інш. (Дарэчы, што вельмі адметна, у адносінах з заходнімі краінамі ў Беларусі няма «эканамічных войнаў», толькі палітычныя канфлікты).

Варта зьвярнуць увагу, як часта Менск наведваюць губэрнатары расейскіх рэгіёнаў дзеля наладжваньня эканамічных стасункаў. Напрыклад, на мінулым тыдні прыяжджаў кіраўнік Татарстану Рустам Мініханаў. Чаму дзеля заключэньня камэрцыйных кантрактаў прыяжджаюць ня ўласьнікі гаспадарчых суб’ектаў, а губэрнатары? Бо гандаль адбываецца часта за бюджэтныя грошы, з усімі вядомымі расейскімі заганамі: «расьпілы», «адкаты» і інш.

Калі вяртацца да дачыненьняў Беларусі з Вэнэсуэлай, то сяброўства двух рэжымаў узьнікла на аснове ідэалёгіі антыамэрыканізму і антыімпэрыялізму. Узаемным візытам Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса заўсёды спадарожнічалі вялізныя прапагандысцкія кампаніі. Адносіны былі абвешчаны «братэрскімі», было заяўлена аб «стратэгічным партнэрстве». А якія рахункі паміж братамі? Таму кіраўнікі абменьваліся падарункамі, а грошы асабліва не лічылі. Не выпадкова ў дакумэнце беларускага ўраду ад 2015 году запісана, што варта «разглядаць запазычанасьць не як беларускі доўг, а як дапамогу Баліварыянскай Рэспублікі Вэнэсуэла». Асабліва з улікам таго, што Уга Чавэс шмат дапамагаў іншым краінам-сябрам па антыімпэрыялістычнай барацьбе (Кубе ды інш.), не зважаючы на грашовыя рахункі.

Але ў гэтай гісторыі з доўгам ёсьць яшчэ адзін аспэкт, на які дасьледнікі не зьвярнулі значнай увагі. Былы вэнэсуэльскі міністар, да якога зьвярнуліся па камэнтар, узгадвае, што пры абмеркаваньні праекту з пастаўкай у Беларусь вэнэсуэльскай нафты «ідэя заключалася ў тым, каб частку аплаты за нафту абмяняць на працу, якую беларусы выконвалі ў Вэнэсуэле: узводзілі будынкі ў Фуэртэ-Тыюна, прывозілі абсталяваньне для звадкаванага газу для аўтамабіляў і іншыя рэчы».

То бок эканамічныя дачыненьні ў значнай ступені грунтаваліся на бартэрнай аснове, на ўзаемазаліках. А бартэр — гэта такая сумнеўная схема, дзе ня дзейнічаюць рынкавыя цэны: яна стварае вялізную прастору для карупцыі. І цяжка дакладна вызначыць, хто каму вінен. Можа, вэнэсуэльскі бок таму і не пераводзіць праблему доўгу ў публічную прастору, што атачэньне і нашчадкі Чавэса датычныя да карупцыйных схемаў?

З 2013 году Вэнэсуэла ўступіла ў пэрыяд вострага эканамічнага крызісу. Эканамічныя адносіны паміж Менскам і Каракасам фактычна спыніліся. Гандлёвы абарот паміж краінамі скараціўся з 580 млн даляраў у 2012 годзе да 2 млн у 2021 г. Ад вэнэсуэльскага праекту, такім чынам, нічога не засталося.

Дарэчы, падобны заганны стыль замежнаэканамічных адносін афіцыйнага Менску, калі гандлёвыя дачыненьні будуюцца на аснове палітычных дамоўленасьцяў, — гэта хутчэй норма, чым выключэньне. І практычна заўсёды ён выяўляе сваю неэфэктыўнасьць. Шматлікія замежныя візыты Лукашэнкі ў былыя гады, ягоныя перамовы з тамтэйшымі кіраўнікамі амаль не давалі (і цяпер не даюць) ніякага выніку ў сэнсе росту экспарту, гандлёвага абароту. Больш за тое, найлепшы гандаль у Беларусі быў (калі вынесьці за дужкі Расею і Ўкраіну) з краінамі ЭЗ, куды Лукашэнка якраз амаль не выяжджаў.

Скандал з доўгам Вэнэсуэле — не адзінкавы ў замежнаэканамічных дачыненьнях афіцыйнага Менску. Былі значныя праблемы з кітайскімі праектамі на тэрыторыі Беларусі. Скончылася крахам ідэя збудаваць у Абчаку пад Менскам завод іранскіх аўтамабіляў «Саманд». Бясслаўна сканаў праект сумеснай здабычы нафты на іранскім радовішчы Джуфэйр. Скандалам завяршылася будаўніцтва беларускім бокам Гарлыцкага калійнага горнаруднага комплексу ў Туркмэністане.

Мяркую, што пасьля сыходу Лукашэнкі падобныя шкілеты з шафы пачнуць вывальвацца адзін за адным.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG