Аляксандар Лукашэнка лічыць, што на Захадзе зь яго хочуць зрабіць падобны вобраз злачынцы і «крыважэрнага крывапіўца». «Для чаго? Калі прыстрэляць, каб там радаваліся, што забілі нягодніка». Так ён адрэагаваў на інфармацыю пра тое, што ў Нямеччыне супраць яго падалі зыск паводле абвінавачваньняў у злачынствах супраць чалавечнасьці. Відэа ягонай прамовы выйшла на «Беларусь-1».
«Ну, памятаеце Мілошавіча, майго добрага сябра? Я кажу: „Слабадан, глядзі“. — „Я паеду, дакажу“. Паехаў у Гаагу, яго там задушылі ў камэры. Ну, вось судзілі, разумееце? Я ж гэта бачыў, гэта на маіх вачах было з маім добрым таварышам, якога я папярэджваў».
«Муамар Кадафі. Слухайце, ну каму ён перашкаджаў? Я яго таксама добра ведаў, ён прыяжджаў да нас. Ну, жыў ён у гэтай палатцы, яму гэта падабалася — ну, хай жыве. Не ў палацах жа жыў. Не спадабаўся. Бо ён Афрыку пачаў падымаць. Ён за кошт сваіх грошай знайшоў падземнае возера, пачаў гэтую ваду прэсную пампаваць. Ён хацеў падняць Афрыку. А калянізатарам гэта не патрэбна. У глыбіню глядзіце».
«Ці Садам Хусэйн, які каля мільёна нам на бібліятэку грошай вылучыў. Ну, проста падараваў. Тады сама людзі нейкія грошы ахвяравалі. А ён мільён прэзэнтаваў, проста людзі нашыя гэтага ня бачаць».
«Уга Чавэс. Калі нам было зусім няўсьцерп, ён нам на мільёны даляраў падараваў нафту, ён выратаваў нашу краіну. Памёр. Разумееце, вось іхная палітыка. Але яны ж іх рыхтавалі. Ну, ладна Садам Хусэйн там пачаў вайну з Іранам, пачаў з Кувэйтам. Я ж не ваяваў супраць каго б там ні было. І яны свае інтарэсы пільнавалі, яны выразалі іх. Спачатку трэба падрыхтаваць грамадзкую думку», — сказаў Лукашэнка.