Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вінаватая Вэнэсуэле амаль 1,5 млрд даляраў, — матэрыялы расьсьледаваньня


Нафтаздабыча ў Вэнэсуэле. Ілюстрацыйнае фота
Нафтаздабыча ў Вэнэсуэле. Ілюстрацыйнае фота

Вялікая сума не заплачана дагэтуль за пастаўкі нафты яшчэ пры ўладзе Уга Чавэса ў 2010 годзе.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар сумесна з вэнэсуэльскім выданьнем Armando.Info і Цэнтрам расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці OCCRP знайшоў сакрэтныя дакумэнты, якія сьведчаць, што ў Беларусі перад Вэнэсуэлай ёсьць немалы доўг за пастаўкі нафты — амаль 1,5 млрд даляраў.

Як пішуць аўтары расьсьледаваньня, крыніца зь беларускіх дзяржаўных органаў перадала журналістам дакумэнты, зь якіх вынікае, што Беларусь да гэтага часу цалкам не разьлічылася за вэнэсуэльскую нафту, якую атрымала звыш 10 гадоў таму, яшчэ ў часы кіраваньня Уга Чавэса.

«У нас ёсьць копія дакумэнту, датаванага верасьнем 2015 году, які рыхтавалі да нарады прэм’ер-міністра Беларусі. Ён указвае, што беларускія ўлады зусім не зьбіралася вяртаць грошы. Там гаворыцца, што Менск вырашыў «разглядаць запазычанасьць не як беларускі доўг, а як дапамогу Баліварыянскай Рэспублікі Вэнэсуэла», — пішуць аўтары.

Дзяржаўная нафтагазавая кампанія Вэнэсуэлы PDVSA пакуль не адказала на запыт, ці патрабаваў Каракас вяртаньня грошай. Колькасьць пастаўленай нафты — 9 млн тон. Пастаўкі адбыліся ў 2010 годзе, пасьля таго як Расея не пайшла на саступкі Менску ў справе паставак нафты па льготных цэнах. Уга Чавэс тады вырашыў паставіць у Беларусь нафту. Цяпер генэральны дырэктар Беларускай нафтавай кампаніі Міхаіл Кастэчка заявіў журналістам, што ня ведае ні пра якую запазычанасьць.

Па кантракце «Беларуская нафтавая кампанія» купляла ў вэнэсуэльскай PDVSA 30 млн тон нафты гатунку «Санта Барбара» ці іншага гатунку па дамоўленасьці ў 2011–2013 гадах. Сыравіна паступала праз парты Чорнага і Балтыйскага мораў на беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку.

80% цаны нафты БНК аплачвала на рахунак PDVSA не пазьней за 35 каляндарных дзён з даты афармленьня накладной. А астатнія 20% акумуляваліся ў выглядзе абавязаньня пакупніка перад прадаўцом. Форму выкананьня абавязаньняў вызначалі ўрады Вэнэсуэлы і Беларусі. Але за нафту па зьніжцы Беларусь так і не заплаціла.

БРЦ піша, што абодва бакі захацелі скараціць выдаткі на пастаўку тавару, а таму прымянілі такую схему: вэнэсуэльская кампанія PDVSA прадавала «Санта Барбару» ў сваіх партах азэрбайджанскай кампаніі Socar, а на беларускія заводы замест «Санта Барбары» ішла азэрбайджанская нафта маркі «Азэры Лайт».

«З 2010 па 2012 год Беларусь купіла ў PDVSA больш за 9 млн тон сыравіны і заплаціла за іх каля $7 млрд. Потым у адносінах Лукашэнкі і Пуціна надышло пацяпленьне і Беларусь перастала купляць нафту ў Вэнэсуэлы. І доўг, які ўтварыўся паводле кантрактаў — 20% ад цаны нафты, або амаль $1,5 млрд, так за 10 гадоў і ня выплацілі», — гаворыцца ў матэрыяле.

Таксама Беларусь пабудавала ў штаце Барынас заводы па зборцы трактароў «Беларус» і грузавікоў МАЗ, аднак тэмпы і аб’ёмы іх працы аказаліся зусім ня тымі, на якія разьлічвалі вэнэсуэльскія ўлады. Акрамя таго, трактары МТЗ прадаваліся ў паўднёваамэрыканскую краіну па цане, прыкладна ў два разы вышэйшай за рынкавую. Значна даражэй, чым на Кубу, у Сальвадор і Нікарагуа.

Летась высьветлілася, што пабудаваныя заводы ўжо не працуюць, а на МТЗ і МАЗе адмовіліся што-кольвек камэнтаваць. Таксама ў расьсьледаваньні ёсьць і разьдзел пра жыльлёвае будаўніцтва, якое Беларусь вяла ў Вэнэсуэле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG