Колькасьць іншаземцаў, легальна ўладкаваных на працу ў Польшчы, перавысіла 1 мільён чалавек. Большая частка зь іх — украінцы, аднак найбольш актыўны прырост міграцыі апошнім часам забясьпечваюць грамадзяне Беларусі, паведамляе польскае выданьне Gazeta.pl.
Да канца сакавіка 2023 года ў Польшчы былі легальна працаўладкаваныя і выплачвалі ўнёскі ў ZUS (дзяржаўны орган, які адказвае за пэнсійнае і мэдыцынскае страхаваньне, аналяг беларускага Фонду сацабароны) 1 073 366 іншаземцаў. За мінулы год гэты лічба вырасла больш як на 141 тысячу, а за паўгода — больш як на 28 тысяч чалавек.
Самая шматлікая група працоўных мігрантаў у Польшчы — украінцы: іх у сыстэме ZUS налічылі 745 тысяч чалавек, гэта значыць амаль 70% усіх працаўладкаваных іншаземцаў.
У сакавіку колькасьць іншаземцаў, зарэгістраваных у ZUS, пасьля зімняй паўзы павялічылася на 10 тысяч чалавек — і гэты прырост у асноўным забясьпечылі мігранты зь Беларусі.
З кастрычніка 2022-га па сакавік 2023-га беларусаў, якія легальна працуюць у Польшчы, стала больш на 17,5 тысячы чалавек — цяпер іх колькасьць складае 116 тысяч, а значыць, беларусы на другім месцы па колькасці платнікаў страхавых узносаў пасьля ўкраінцаў. Усяго за год колькасьць беларусаў, якія афіцыйна працуюць у Польшчы, вырасла на 37,7 тысячы.
Спэцыялісты беларускага інстытуту «Палітычная сфэра» адзначаюць, што ўстойлівы рост міграцыі беларусаў у Польшчу пачаўся ў 2017 годзе. Асноўнымі фактарамі гэтых працэсаў сталі пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, а таксама зьмякчэньне міграцыйнага заканадаўства і правілаў працаўладкаваньня ў краінах Эўразьвязу.
Беларускіх мужчын, якія працуюць у Польшчы, прыкметна больш, чым жанчын (72% супраць 28%).
У асноўным беларускія грамадзяне заняты на рабочых спэцыяльнасьцях. 34,4% працуюць у сфэры транспарту і лягістыкі, 23,6% — будаўніцтва, 17,6% — у апрацоўчай прамысловасьці.
Большасьць беларусаў мігруюць у Польшчу ў актыўным працаздольным узросьце: 34,47% прыпадае на катэгорыю 25–34 гады, 28,29% — 35–44.