Такія вынікі апытаньня, праведзенага ў сакавіку дасьледчым цэнтрам BEROC сярод дарослага гарадзкога насельніцтва Беларусі.
«Калі экстрапаляваць нашу выбарку на ўсё дарослае гарадзкое насельніцтва Беларусі, то атрымліваецца, што пакінуць краіну за год могуць ледзь не 85 тысяч чалавек. Гэта сьведчыць пра тое, што хваля эміграцыі не зьбіраецца спыняцца», — заявіла экспэртка BEROC Віялета Панасевіч на прэзэнтацыі дасьледаваньня 12 красавіка ў Вільні.
«Каля 33,9% апытаных лічаць, што з краіны выехала менш за 10 тысяч чалавек — гэта думка, скажам так, прыхільнікаў дзяржаўных СМІ», — адзначыла Панасевіч.
19,3% мяркуюць, што выехалі ад 10 да 50 тысяч, 15,4% — ад 50 да 100 тыс., 7,9% — ад 100 да 200 тыс.
«23,5% рэспандэнтаў упэўненыя, што зь Беларусі эмігравалі больш за 200 тысяч чалавек, — гэта выказалі прыхільнікі недзяржаўных СМІ», — заявіла экспэртка.
Дасьледчыкі цэнтру вывелі тыповы партрэт эмігранта апошніх трох гадоў:
«Зь сярэднім ці крыху вышэйшым за сярэдні даход, часьцей за ўсё са сфэры ІТ, аховы здароўя і будаўніцтва. Прычыны ад’езду: нізкі ўзровень даходу; жаданьне палепшыць якасьць жыцьця сваёй сямʼі; нестабільнасьць эканамічнай сытуацыі ў Беларусі».
«Каля 60% апытаных лічаць, што такі масавы адʼезд людзей за апошнія тры гады ўжо мае нэгатыўныя наступствы для краіны. Але ёсьць 15% апытаных, якія ня бачаць ніякіх праблем ад адʼезду суграмадзян за мяжу», — адзначыла Панасевіч.
Офіс Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН паведаміў, што зь Беларусі пасьля 2020 году эмігравала 100 тысяч чалавек. Іншыя крыніцы даюць лічбы ад 200 да 500 тысяч.