Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія перавозчыкі абвінавачваюць беларускія ўлады ў вымаганьні грошай за праезд без чаргі


Фуры. Ілюстрацыйнае фота
Фуры. Ілюстрацыйнае фота

Кіроўцы польскіх грузавікоў заяўляюць, што сытуацыя з чэргамі на беларуска-польскай мяжы абвастрылася і «можа дайсьці да кровапраліцьця».

Пра гэта піша партал Wirtualna Polska. Перавозчыкі лічаць, што сталі «закладнікамі вайны ўзаемных санкцый», і абвінавачваюць беларускія ўлады ў вымаганьні грошай за праезд «без чаргі».

«Калі нашы службы ня возьмуцца за працу, каб упусьціць у Польшчу больш фур, я папярэджваю вас: тут будзе кровапраліцьце», — заявіў кіраўнік транспартнай кампаніі з Падляскага ваяводзтва Дарыюш, адзін з сотняў перавозчыкаў, якія затрымаліся ў заторы на пераходзе Казловічы (з польскага боку Кукурыкі).

Уладальнікі фур паведамілі журналістам, што «ня так даўно ў Менску кіроўцам прапаноўвалі купіць пропускі для „праезду без чаргі“ зь Беларусі ў Польшчу». Такі дазвол ад «беларускіх памежных службаў» каштуе «1900 эўра на адну машыну за год». Як сьцьвярджаюць кіроўцы, пропускі купілі каля 1,5 тысячы кампаній.

«Праблема ў тым, што грошы яны ўзялі, а пропуск чаргі не працуе. Мякка кажучы, нехта тут зарабіў 3 млн эўра», — заявіў суразмоўца парталу.

Чарга расьцягнулася на 20 км

Па словах кіроўцаў, 11 красавіка чарга расьцягнулася на 20 км і ў ёй стаяць «каля 300 польскіх кіроўцаў».

Яшчэ адзін перавозчык упэўнены, што «чарга была наўмысна створана беларусамі для аказаньня націску з мэтай паслабленьня санкцый, уведзеных Польшчай».

«Мы таксама чуем, што праца польскіх службаў пастаянна перарываецца. Магчыма, каб насаліць беларусам, ускладніць [ім] транспартаваньне тавараў», — сказаў ён.

На думку яшчэ аднаго кіроўцы, стаяньне ў чарзе на мяжы не прыносіць польскім кампаніям прыбытку.

«Калі так будзе працягвацца, мы зьбяромся», — падкрэсьліў суразмоўца.

«Згодна зь інфармацыяй беларускага боку, у чарзе стаіць 600 грузавых аўтамабіляў», — паведаміў прэс-сакратар Палаты падатковага ўпраўленьня ў Любліне Міхаіл Дзярусь. На яго думку, гэтай колькасьці занадта мала, каб утварыўся 20-кілямэтровы затор. У рэальнасьці ў ёй можа быць больш за тысячу фур.

Адной з прычын чаргі чыноўнік называе «велікодныя сьвяты і абмежаваньне колавага грузавога транспарту адным памежным пераходам».

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы лічыць, што «ўся адказнасьць за гэтую сытуацыю ляжыць на беларускім баку».

«Польшча падтрымлівае сваіх перавозчыкаў, у прыватнасьці ўвёўшы абмежаваньні руху для беларускіх грузавікоў, а таксама для транспартных сродкаў, якія не ўваходзяць у ЭЗ, на польска-беларускіх памежных пераходах», — заявіла ведамства.

На думку Асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў Польшчы, яшчэ адна прычына чэргаў у тым, што беларускія перавозчыкі абыходзяць санкцыі, уведзеныя 21 лютага Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі, і «пачалі масава рэгістраваць кампаніі ў Польшчы».

«У Варшаве і Беластоку пад аднымі адрасамі было зарэгістравана да 80-90 кампаній зь беларускім капіталам. Уладальнікі гэтых кампаній купляюць або арандуюць паўпрычэпы з польскімі нумарнымі знакамі, што дае магчымасьць ім абыходзіць абмежаваньні, уведзеныя міністэрствам», — зьвяртае ўвагу асацыяцыя.

Увядзеньне ўзаемных транспартных санкцый пачалося пасьля вынясеньня 8 лютага прысуду актывісту польскай меншасьці ў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі).

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG