Ганчарэнка тлумачыць, чаму прызнаньне тэрыторыі Беларусі часова акупаванай Расеяй важна як для Ўкраіны, так і для Беларусі. А Класкоўскі разглядае дывэрсію ў Мачулішчах як адну са знакавых і сымбалічных падзеяў для беларусаў у гэтай вайне.
Глядзець штодзённы эфір «Падзея і Камэнтар» на канале Свабода Premium 12 красавіка цалкам
Тут фрагмэнты размовы
- Амэрыканская тэлекампанія NBC паведаміла пра атрыманьне больш як 50 сакрэтных амэрыканскіх дакумэнтаў, якія тычацца вайны Расеі супраць Украіны, у тым ліку пра інцыдэнт з нападам бесьпілётнікаў на расейскі самалёт на аэрадроме ў Мачулішчах. Выданьне падкрэсьліла, што «ўкраінскія агенты праводзілі атакі зь бесьпілётнікаў у Беларусі і Расеі, насуперак жаданьням ЗША і Захаду»(канец цытаты). Паводле NBC, якая спасылаецца на зьлітыя дакумэнты, супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны нібыта прызналі, што іхныя агенты ў Беларусі «не падпарадкаваліся загадам і напалі на расейскі самалёт на беларускім аэрадроме 26 лютага».
Каму можа быць выгадна абнародаваньне такой інфармацыі?
Аляксандар Класкоўскі: Мы ня можам на 100% быць упэўненыя, што гэтыя дакумэнты, некаторыя ці ўсе, — сапраўдныя. Тым больш што было паведамленьне пра фальшаваньне часткі гэтых дакумэнтаў у нейкіх прарасейскіх каналах, калі там нейкія лічбы былі падробленыя... Таму ўсе развагі на гэтую тэму павінны быць дастаткова асьцярожныя. Цяжка адназначна сказаць, каму гэта магло быць выгадна, бо гэта можа быць выгадна адразу некалькім бакам.
Пачынаючы з той жа Амэрыкі, у якой ёсьць праціўнікі цяперашняй адміністрацыі. Ёсьць сярод амэрыканскіх палітыкаў прыхільнікі залагоджваньня сытуацыі шляхам кампрамісаў, аж да нейкіх тэрытарыяльных саступак Маскве, каб залагодзіць Пуціна. І ня выключана, што і гэтыя людзі маглі быць зацікаўленыя ў тым, каб цяперашнюю адміністрацыю скампрамэтаваць, яе палітыку датычна Ўкраіны.
Гэта можа быць і расейскаму боку выгадна, пачынаючы ад таго, што, маўляў, у Пэнтагоне поўны бардак, трапляюць у сеціва сакрэтныя дакумэнты, і Ўкраіна ня слухаецца, амэрыканцы адно кажуць, а ў Кіеве іншае рашэньне прымаюць.
Нарэшце, гэта можа быць выгадна і Аляксандру Лукашэнку, таму што ён з высокіх трыбунаў неаднойчы даводзіў, і як з пасланьнем выступаў, якія хцівыя, якія падступныя гэтыя ўкраінцы, што яны плятуць інтрыгі пастаянна, што іхнае СБУ закідае пачкамі агентаў у Беларусь і мы іх не пасьпяваем лавіць, і гэтак далей. Праўда, калі на тое пайшло, калі за чыстую манэту прымаць тое, што ў зьлітых дакумэнтах ёсьць датычна дывэрсіі ў Мачулішчах, то тады Лукашэнка мусіць выбачыцца перад украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, таму што ён яго абразіў, як вядома. З вуснаў Лукашэнкі прагучала, што без дазволу, без адмашкі Зяленскага такія акцыі, такія дывэрсіі не праводзяцца.
А тут вынікае з гэтых дакумэнтаў, што нібыта гэта быў, так бы мовіць, эксцэс выканаўцы, на нейкім узроўні проста было самавольства. Задача была проста назіраць за гэтым самалётам, а вырашылі, чаму б не бамбануць, калі нашыя дроны так падлятаюць і маюць такую магчымасьць. Але да канца мы ня хутка даведаемся, хто сапраўды стаяў за гэтым зьлівам.
Якая імавернасьць таго, што ўкраінскія спэцслужбы мелі дачыненьне да дывэрсіі?
Аляксей Ганчарэнка: Я не прадстаўнік украінскіх спэцслужбаў, у мяне няма інфармацыі. А калі б я яе меў, то ня меў бы права яе распаўсюджваць. Але ў мяне яе няма, і я не магу сказаць, кім гэта арганізоўвалася — ці беларускім падпольлем, ці ўкраінскімі спэцслужбамі з дапамогай беларускага падпольля, ці яшчэ кімсьці. Я ня ведаю, але магу сказаць адно. Украіна мае поўнае права атакаваць які-небудзь аб’ект на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі, таму што гэта краіны-агрэсары, на жаль, абедзьве. І лукашэнкаўскі рэжым цалкам марыянэткавы ў адносінах да пуцінскага. Украінцаў забіваюць ужо чатырнаццаты месяц. У нас ёсьць абсалютна поўнае права атакаваць любыя абʼекты на іх тэрыторыях.
Што да рэакцыі на зьлівы, то, шчыра кажучы, я ня бачу тут падставы, чаму Ўкраіна мае тут рэагаваць і тлумачыць. Я веру ў Беларусь, веру, што ў Беларусі ёсьць падпольле, людзі, якія разумеюць, што сёньня Беларусь фактычна акупаваная, якія разумеюць, што перамога Ўкраіны — шлях да свабоды Беларусі. Таму я перакананы, што гэтыя людзі абсалютна здольныя праводзіць акцыі самастойна. Спадзяюся, што такіх акцый будзе больш, лукашэнкаўскі рэжым мае быць павалены. Гэта ў інтарэсах і народу Беларусі, і народу Ўкраіны таксама.
- Сакрэтныя дакумэнты, якія тычацца, у прыватнасьці, украінскага контранаступу, а таксама паставак зброі, колькасьці войскаў ды іншага, зьявіліся ў сеціве ў сакавіку. Ананімныя чыноўнікі Пэнтагону прызналіся прэсе, што дакумэнты могуць быць сапраўдныя. У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны выцек назвалі «фаташопам». У Кіеве таксама не выключаюць, што выцек можа быць расейскай апэрацыяй. Некаторыя вайсковыя блогеры, наадварот, мяркуюць, што гэта частка інфармацыйнай апэрацыі Захаду, мэта якой — падмануць расейскае камандаваньне. Масква, камэнтуючы выцек, заявіла, што ў яе «няма ані найменшых сумневаў» у прамой або ўскоснай уцягнутасьці ЗША і NATO ў канфлікт ва Ўкраіне.