Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтныя амэрыканскія дакумэнты сьведчаць пра датычнасьць Украіны да атакі на расейскі самалёт у Мачулішчах, — NBC


Інцыдэнт з расейскім самалётам-радарам адбыўся 26 лютага
Інцыдэнт з расейскім самалётам-радарам адбыўся 26 лютага

Тэлекампанія NBC падкрэсьліла, што «ўкраінскія агенты праводзілі атакі з бесьпілётнікаў у Беларусі і Расеі, насуперак жаданьням ЗША і Захаду».

Амэрыканская тэлекампанія NBC паведаміла аб атрыманьні больш як 50 амэрыканскіх дакумэнтаў, якія датычаць расейскай вайны ва Ўкраіне, а таксама аб як мінімум двух інцыдэнтах, зьвязаных з нападам бесьпілётнікаў на расейскі самалёт на беларускім аэрадроме ў Мачулішчах і на газакампрэсарную станцыю ў Падмаскоўі.

Выданьне падкрэсьліла, што «ўкраінскія агенты праводзілі атакі зь бесьпілётнікаў у Беларусі і Расеі, насуперак жаданьням ЗША і Захаду».

Паводле выданьня, якое спасылаецца на зьлітыя дакумэнты, супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны нібыта прызналі, што іхныя агенты ў Беларусі «не падпарадкаваліся загадам і напалі на расейскі самалёт назіраньня на беларускім аэрадроме 26 лютага».

Аналягічны інцыдэнт адбыўся праз два дні ў Расеі з ударам бесьпілётніка па газакампрэсарнай станцыі ў Падмаскоўі.

Сакрэтныя амэрыканскія дакумэнты, якія датычацца ўкраінскага контранаступу, паставак зброі, колькасьці войскаў, а таксама Блізкага Ўсходу і Кітая, зьявіліся ў сеціве ў сакавіку.

Ананімныя чыноўнікі Пэнтагону прызналіся прэсе, што дакумэнты могуць быць сапраўднымі. У выніку Кіеў нібыта вымушаны быў зьмяніць некаторыя свае ваенныя пляны з прычыны выцеку сакрэтных амэрыканскіх дакумэнтаў.

У частцы дакумэнтаў падрабязна апісваецца падрыхтоўка і рыштунак для новых брыгад, якія Ўкраіна рыхтуе да наступу, у прыватнасьці пералічаны ўсе танкі, бронемашыны і прылады, перададзеныя Ўкраіне заходнімі саюзьнікамі. Пры гэтым адзначаецца, што «тэрміны паставак тэхнікі акажуць уплыў на працэс падрыхтоўкі і гатоўнасьць» брыгад. Ёсьць там і аналіз скарачэньня магчымасьцяў СПА Ўкраіны.

Пэнтагон пачаў праверку гэтага выцеку. Ва Ўкраіне не камэнтуюць датычнасьці сваіх спэцслужбаў да інцыдэнту ў Мачулішчах.

Лукашэнка 7 сакавіка расказаў пра затрыманьне нібыта «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных памагатых», якія маюць дачыненьне да спробы дывэрсіі ў дачыненьні да самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Пазьней у гэты ж дзень дзяржаўная тэлевізія паказала кадры затрыманьня і допыту галоўнага падазраванага, грамадзяніна Ўкраіны Мікалая Швеца. Мужчына заявіў, што ён з дапамогай двух дронаў падарваў самалёт, працаваў разам з СБУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG