Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон аб спыненьні дзеяньня дамовы зь Беларусьсю аб супрацы ў сфэры тэхнічнай абароны інфармацыі, падпісанай у студзені 2003 году ў Менску.
Да верасьня 2014 году апэратарамі рэалізацыі гэтай дамовы былі Служба бясьпекі Ўкраіны і Дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пра прэзыдэнце Беларусі, а пасьля падпісаньня пратаколу да яе паўнамоцнымі органамі сталі Дзяржаўная служба спэцыяльнай сувязі Ўкраіны і Апэрытыўна-аналітычны цэнтар пры Аляксандры Лукашэнку.
«Улічваючы рэаліі двухбаковых дачыненьняў і падтрымку Беларусьсю ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны, прыняцьце закону дазволіць абараніць нацыянальныя інтарэсы Ўкраіны ў сфэры тэхнічнай абароны інфармацыі і стане чарговы крокам для далейшай міжнароднай ізаляцыі Беларусі», — адзначалася ў абгрунтаваньні неабходнасьці выхаду Ўкраіны з гэтай дамовы.
Дамова рэгулявала дзейнасьць, накіраваную на папярэджаньне выцеку інфармацыі і несанкцыянаванага доступу да яе, парушэньню яе цэласнасьці або блякаваньню.
Згодна з гэтай дамовай, кожны бок гарантаваў, што ня будзе перадаваць інфармацыю з абмежаваным доступам іншым дзяржавам, юрыдычным ці фізычным асобам без пісьмовай згоды на гэта другога боку.
Гэтая дамова падпісвалася на пяць гадоў, а яе тэрмін падаўжаўся аўтаматычна. У 2023 годзе заканчваўся чарговы пяцігадовы тэрмін дзеяньня дакумэнту. Пасьля падпісаньня гэтага закону прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, Міністэрства замежных спраў Украіны паінфармуе беларускі бок аб выхадзе з дамовы. Яе дзеяньне будзе спынена не пазьней, чым праз шэсьць месяцаў пасьля гэтага паведамленьня ад украінскага боку.
З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, Украіна выйшла, дэнансавала або спыніла дзейнасьць больш за 20 пагадненьняў, дамоў, мэмарандумаў і пратаколаў, якія падпісваліся з урадам Беларусі з 1991 году.