Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны пачаў дэнансацыю дамовы зь Беларусьсю аб пэнсійным забесьпячэньні


Будынак Кабінэту міністраў Украіны. Архіўнае фота
Будынак Кабінэту міністраў Украіны. Архіўнае фота

Ад пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, украінскі ўрад скасаваў, дэнансаваў, спыніў дзейнасьць або выйшаў з больш як 20 двухбаковых пагадненьняў, дамоў і мэмарандумаў.

Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў праект закону, які прадугледжвае дэнансацыю дамовы зь Беларусьсю аб гарантыях правоў грамадзян у сфэры пэнсійнага забесьпячэньня.

Дамову падпісалі ў Кіеве 14 сьнежня 1995 году. Гэты дакумэнт рэгулюе пытаньне дзяржаўнага пэнсійнага забесьпячэньня грамадзян, якія стала пражывалі або пераехалі на сталае пражываньне ў краіны-падпісанты. У прыватнасьці, мова ішла аб налічэньні пэнсій па ўзросьце, па інваліднасьці, за выслугу гадоў і ў выпадку страты кармільца.

Цяпер гэты праект закону павінна разгледзець і ўхваліць Вярхоўная Рада Ўкраіны. Дамова страціць юрыдычную моц праз шэсьць месяцаў пасьля таго дня, калі Беларусь атрымае паведамленьне Ўкраіны аб яе дэнансацыі.

Апроч таго, украінскі ўрад спыніў дзеяньне дамовы аб супрацы зь Беларусьсю ў сфэры турызму. Дакумэнт падпісалі 16 лютага 2006 году ў Менску. Ён падпісваўся на пяць гадоў і кожны раз аўтаматычна працягваўся на такі ж тэрмін. У той жа час у тэксьце дакумэнта прадугледжана норма, паводле якой «спыненьне дзеяньня дамовы не адаб’ецца на выкананьні праектаў і праграм у сфэры турызму, ухваленых у пэрыяд дзеяньня гэтай дамовы, калі бакі не дамовяцца аб іншым».

У канцы сакавіка ўрад Украіны ўзгадніў праект указу прэзыдэнта аб спыненьні памежнай супрацы краіны зь Беларусьсю і Расеяй, і такім чынам пачаў унутраную працэдуру выхаду з мэмарандуму аб супрацы ў ахове дзяржаўных межаў Украіны, Беларусі і Расеі, падпісанага ў Маскве 15 красавіка 1994 году.

На падставе гэтага дакумэнту пазьней былі распрацаваныя ўсе двухбаковыя пагадненьні аб памежнай супрацы Ўкраіны і Беларусі. Так Украіна цалкам спыніла ўсю памежную супрацу зь Беларусьсю.

Ад пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, украінскі ўрад скасаваў, дэнансаваў, спыніў дзейнасьць або выйшаў з больш як 20 двухбаковых пагадненьняў, дамоваў і мэмарандумаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG