Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі разьлічваюць наладзіць фінальную зборку расейскіх вайсковых самалётаў Су-25


Су-25 ВПС Украіны.
Су-25 ВПС Украіны.

Амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітрый Круты ў інтэрвію дзяржаўнаму каналу «Беларусь 1» пракамэнтаваў вынікі паездкі Лукашэнкі да Пуціна і пасяджэньня Найвышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы.

Паводле Zerkalo. io, ён заявіў, што беларускія авіяцыйныя прадпрыемствы актыўна нарошчваюць расейскія замовы. Паводле яго слоў, улады ставяць задачу загрузіць авіяцыйныя прадпрыемствы да 2030 году.

«Мы ня толькі можам прапанаваць у гэтай частцы свае кампэтэнцыі і магчымасьці, мы ўжо актыўна гэтым усім займаемся. Казань, Ульянаўск, і вось наступная ў нас паездка будзе ўжо на ўзроўні ўрадавай дэлегацыі ў Іркуцк. Мы хочам, асабіста паразмаўляўшы, сфармаваць доўгатэрміновыя праграмы загрузкі двух нашых прадпрыемстваў — 407-га, („Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі“) і 558-га („Авіяцыйны рамонтны завод“ у Баранавічах) заводаў», — сказаў амбасадар.

Круты расказаў, што цяпер заводы працуюць па такіх расейскіх мадэлях самалётаў як: пасажырскі МС-21 (улады разьлічваюць, што змогуць вырабляць 1350 дэталяў да яго), вайскова-транспартны Іл-76 і самалёт дазапраўшчык Іл-78 (усяго больш за 2100 вырабаў), а таксама пасажырскі Ту-204.

Пакуль, паводле слоў Крутога, у пляне 700 вырабаў, на вытворчасьць якіх расейскі бок даў згоду.

«Гэта першая тактычная задача — загрузіць нашы заводы да 2030 году гэтай кампанэнтнай базай па тых напрамках, якія існуюць. Далей прэм’ер-міністар даручыў актыўна прыцягнуць да гэтай гісторыі ня толькі непасрэдна два нашыя профільныя прадпрыемствы, але таксама „Інтэграл“ і „Гарызонт“. Яны тут павінны знайсьці сваю нішу ў сфэры авіёнікі, мікрасхем, вадкакрысталічных панэляў. Яны цяпер таксама гэтым актыўна займаюцца», — заявіў Круты.

Ён таксама дадаў, што ўлады жадаюць стварыць фінальную зборку самалёта ў Беларусі.

«На сёньняшні дзень у прапрацоўцы Су-25. Адпаведная дакумэнтацыя цяпер вывучаецца, перадаецца расейскім бокам. Але прэм’ер-міністрам нават задача ставіцца больш жорстка: ад зборкі авіяцыйных рухавікоў — і выйсьці да фінішнай зборкі самалётаў. Гэта, вядома, супэрзадача, задача максымум», — сказаў Круты.

Паводле яго слоў, найбліжэйшым часам у Беларусь прыедзе расейскі віцэ-прэм’ер Дзяніс Мантураў. Круты лічыць, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца «на ўзроўні ўрадаў».

«Гэта будзе сапраўдным прарывам. І Беларусь пяройдзе на зусім іншы ўзровень у авіябудаваньні ў найбліжэйшыя гады», — мяркуе чыноўнік.

  • Беларусь, згодна са зьвесткамі Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня міру (SIPRI), з 2019 году захоўвае 20-е месца ў пераліку краін — экспартэраў вайсковага ўзбраеньня.
  • Паводле апошняй справаздачы, Беларусь у 2018–2022 гадах скараціла экспарт на 37% у параўнаньні з 2013–2017 гадамі. Асноўныя пастаўкі зброі Беларусь ажыцьцяўляла ў Сэрбію, Віетнам і Ўганду.
  • Адначасова Беларусь за апошнія пяць гадоў стала найбольшым пакупніком расейскай зброі, хоць увогуле Расея пагоршыла свае пазыцыі на міжнародным рынку зброі — яе экспартныя пастаўкі скараціліся на 31%, а 8 з 10 яе асноўных партнэраў скарацілі закупкі расейскай тэхнікі і зброі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG