Паводле экспэрткі, Беларусь і Кітай могуць скарыстацца візытам як для пастаўкі зброі Расеі ў абыход санкцыяў, так і для стварэньня «антызаходняга фронту».
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнт размовы
— Як экспэртка ў міжнародных адносінах вы добра ведаеце, што афіцыйныя фармулёўкі мэтаў і зьместу такіх візытаў мала адлюстроўваюць іх галоўныя задачы. Мэта гэтага візыту заяўлена як «працяг шматгадовага курсу на пабудову дружалюбных адносін і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з КНР». Давайце перакладзем гэта на нармальную мову: што трэба Лукашэнку ад Кітаю?
— Лукашэнку патрэбны прарыў, у тым ліку дыпляматычны прарыў ізаляцыі. Гэта першы значны візыт за выключэньнем яго шматлікіх візытаў у Маскву. Яго прадстаўляюць як прарыў, але насамрэч ён такім ня ёсьць. Дачыненьні паміж Беларусьсю і Кітаем ня маюць такога значэньня для Кітаю, як гэта спрабуе падаць беларускі бок. У двухбаковых адносінах неапраўдана шмат рыторыкі, якая не адпавядае зьместу.
— Беларусь шмат гадоў была пасярэднікам у продажы зброі Расеяй розным краінам сьвету. Ва ўмовах вайны Расея ўжо не прадае, а купляе зброю. Ці не зьяўляецца гэты візыт спосабам дамовіцца з Кітаем пра пастаўкі праз Беларусь дронаў для расейскага войска ці іншай зброі? Якія могуць быць вайсковыя мэты гэтага візыту?
— Магчыма, што так яно і будзе. Пэўныя колы, найперш выведныя, падазраюць, што Беларусь і Кітай скарыстаюцца гэтым візытам для вырашэньня ў тым ліку і абыходу санкцый, магчыма, і для шляхоў паставак калі не летальнай зброі, то нейкіх яе частак. Гэта вайскова-прамысловае, вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва.
Але, як мне падаецца, візыт рыхтаваўся дастаткова даўно, і ён не ўлічвае апошніх павеваў, зьвязаных з пастаўкамі ўзбраеньняў, якія разглядаюцца на сёньня ў Кітаі і наконт якіх яшчэ не прынята канчатковае рашэньне. На фоне візыту Лукашэнкі ў Кітай цяпер праходзіць візыт дзяржаўнага сакратара Блінкена ў Цэнтральную Азію. Сёньня ён у Казахстане, дзе мае сустрэчу з кіраўнікамі МЗС цэнтральнаазіяцкіх краінаў...
Зыходзячы зь лёгікі, Кітай можа стаць пастаўніком складнікаў, якіх бракуе вайскова-прамысловаму комплексу як Расеі, так і Беларусі. Асабліва гэта тычыцца мікрасхемаў. Ня думаю, каб Беларусь дамаглася ашаламляльных вынікаў у гэтай сувязі, але цалкам магчыма, што тут будзе дапамога кітайцаў. Пагатоў Лукашэнка стала робіць акцэнт на тым, што Кітай цяпер найперш разглядаецца як крыніца пастаўкі тэхналёгіяў.
Другі кірунак: магчыма, гаворка ідзе пра стварэньне вайскова-прамысловых прадпрыемстваў ці ў рамках вайскова-прамысловых прадпрыемстваў стварэньне новых відаў прадукцыі. Тым больш, што досьвед такога кшталту вайсковай каапэрацыі ў вытворчасьці зброі ў Беларусі і Кітаю ёсьць. Я маю на ўвазе ракетны комплекс, дзе цягачы — беларускія, а ракеты — кітайскія.
Але ўсе гэтыя пляны могуць ня спраўдзіцца, бо Беларусь увесь час пад пагрозай санкцый і, што самае галоўнае, ужо ёсьць аб’ектам санкцыйнага ціску і абмежаваньняў. Я думаю, што Пэкін будзе ўзважваць, перш чым ісьці на дастаткова рызыкоўнае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Хаця, калі будзе такая магчымасьць, шэрая зона, то кітайцы гэтым скарыстаюцца. У гэтым сэнсе Кітай ня тая краіна, якая жорстка прытрымліваецца гэтых прынцыпаў.
— Я хацела зьвярнуць увагу на адну дэталь зь мінулага. Падчас пандэміі ковід-дысыдэнт Лукашэнка, які не здымаў маску нават у «чырвонай зоне» шпіталёў, надзеў рэсьпіратар на сустрэчы з кітайскім кіраўніцтвам і не здымаў яго вельмі доўга. На якія красамоўныя дэталі падчас гэтага візыту вы зьвярнулі ўвагу?
— Інтэрвію, якое ён даваў перад візытам кітайскім СМІ, было накіравана на тое, каб падкрэсьліць прыхільнасьць курсу Камуністычнай партыі ў Кітаі. Найперш гэта былі нязграбныя камплімэнты, але камплімэнты разьвіцьцю Кітаю, кітайскай мадэлі. Маўляў, Лукашэнка ці не адзін зь першых распазнаў, што Кітай будзе ў будучыні такім пасьпяховым. Другі момант у інтэрвію (красамоўная дэталь) — разьвіцьцё біятэхналягічнай галіны і стварэньне адпаведнай кампаніі. Не сакрэт, што ягоны малодшы сын Коля вучыцца па кітайскай праграме, і Лукашэнка падкрэсьлівае, што Кітай ёсьць тэхналягічна разьвітым лідэрам, што за Кітаем будучыня.
І трэці момант лягічны ўкладаецца ў лісьлівую пазыцыю — яго характарыстыка таго, што найбольш непакоіць Кітай, сэпаратызму. Пры гэтым яго не непакоіць сэпаратызм ва Ўкраіне, але непакоіць сэпаратызм у Кітаі. Ён казаў, што ЗША будуць выкарыстоўваць уйгураў, каб распаліць грамадзянскую вайну ў Кітаі. Тым самы ён падкрэсьлівае сваю занепакоенасьць тым, каб Кітай застаўся цэлым.
З пункту гледжаньня ўсходняй этыкі паводзінаў гэта вельмі нязграбныя камплімэнты, але кітайцы паблажліва ставяцца да таго, што кажа Лукашэнка. Такі неачэсаны прэзыдэнт з усходняй Эўропы, затое шчыры і ўвесь час на баку Кітая. Яны гэтую справу любяць. А ён нават разумее, што выглядае ня вельмі элегантна, але ён гуляе такога ўвальня, закадычнага сябра... І кітайцы да гэтага ставяцца добразычліва, але паблажліва.