Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад росту цэнаў пачынаеш эканоміць». У Беларусі зьнізіліся заробкі ў ІТ-сфэры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Таксама ў грашах страцілі мэдыкі і гандляры. Глядзім, як зьніжаюцца заробкі.

Згодна са статыстыкай Белстату аб сярэдніх заробках за люты, самыя высокія зь іх усё яшчэ ў ІТ-сфэры — 6421 рубель за месяц. На другім месцы — фінансы і страхаваньне (2998,9 рубля), на трэцім — прамысловасьць (1807 рублёў).

Заробкі ў ІТ-сфэры Беларусі за апошні месяц вырасьлі на 403 рублі, у сфэры фінансаў і страхаваньня зьнізіліся на 133, у сфэры прамысловасьці ўпалі на 33 рублі.

Аднак у рэальным вымярэньні (з папраўкай на рост цэнаў) заробак у некаторых сфэрах зьніжаецца. Паводле праекту «Кошт ураду», які мае доступ да пашыранай статыстыкі, выглядае гэта наступным чынам:

  • ІТ — мінус 32,9% за год
  • Ахова здароўя — мінус 5,3% за год
  • Гандаль і рамонт аўтамабіляў — мінус 1% за год
  • За год у некаторых сфэрах назіраўся рост у рэальных заробках:
  • Фінансы і страхаваньне — плюс 3,2%
  • Прамысловасьць — плюс 3,4%
  • Транспарт — плюс 6,2%
  • Будаўніцтва — плюс 0,8%
  • Сельская гаспадарка — плюс 5,7%
  • Адукацыя — плюс 3%.

«Ад росту цэнаў пачынаеш эканоміць»

Адзін з прадстаўнікоў ІТ-сфэры, які працуе ў Беларусі, расказаў Свабодзе, што «ня страціў у заробку, але пачаў эканоміць».

«Пры ўліку, што заробак у мяне не ўпаў, ад росту цэнаў адчуў, што пачынаю эканоміць. Больш стаў эканоміць на паходах у кавярні і бары, на ежы не эканомлю. Аднак адчувальна падаражэлі звыклыя прадукты: гародніна, садавіна, мяса. Прадукты таксама сталі горшымі па якасьці», — расказаў супрацоўнік ІТ-сфэры.

Суразмоўца зьвязвае падзеньне рэальных заробкаў у ІТ з ад’ездам мэнэнджмэнту і «топаў» кампаній: іхныя заробкі былі вышэйшымі, што і адбілася на статыстыцы.

«Мне здаецца, што падзеньне сярэдняга заробку зьвязана з рэлякацыяй кіраўнікоў і вядучых супрацоўнікаў. Зараз усе кампаніі замарозілі рост заробкаў. Атрымліваецца, што сэнс шукаць новае нешта ёсьць толькі тады, калі твой праект закрываюць. Цяпер кампаніі радзей прапаноўваюць рэлякацыю старым супрацоўнікам, бо ўсе, хто хацеў, ужо пераехалі. А вось пры прыёме на працу першае пытаньне задаюць пра рэлякацыю. Раней пры рэлякацыі прапаноўвалі выплату бонусаў, цяпер такое стала радзей сустракацца», — кажа суразмоўца.

«Найбольшае падзеньне заробкаў у Менску»

Падзеньне рэальных заробкаў у ІТ-сфэры зьвязанае ня толькі з ад’ездам спэцыялістаў з высокімі заробкамі, але і з курсам даляра. Гэта адзначае экспэртка дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

«Выехалі спэцыялісты з высокімі заробкамі, а таксама трэба ўлічваць, што ў ІТ-заробкі прывязаныя да даляра. Летась у лютым быў скачок курсу, сёлета скачка курсу не было. Гэта магло паўплываць. Таксама летась з пачаткам рэлякацыі маглі быць бонусы і даплаты. Галіна цяпер у Беларусі не расьце. Зьніжэньне заробкаў найбольш адчуваюць на сябе жыхары Менску, бо нават у Менскай вобласьці ёсьць рост. А Менск прасеў больш як на 13% у лютым», — кажа Анастасія Лузгіна.

Таксама яна дадае, што ў прамысловасьці праселі галіны, якія падпалі пад санкцыі. Гэта нафтаперапрацоўка, хімічная вытворчасьць, дрэваапрацоўка. Сёлета беларускі ўрад хоча павысіць рэальныя даходы людзей на 4,1%.

«У бюджэтнікаў заўважаны рост у рэальных заробках. Прамысловасьць, сфэра паслуг — тут усё залежыць ад працы гэтых галінаў. Стымуляцыя эканамічнага росту будзе праходзіць паралельна з ростам заробкаў. Гэта залежыць таксама ад бізнэс-актыўнасьці ў Беларусі. Нэгатыўны эфэкт могуць аказаць новыя санкцыі, а таксама інфляцыя», — гаворыць Анастасія Лузгіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG