Такая інфармацыя зьявілася на сайце адзінага дзяржрэгістра. Рашэньне аб ліквідацыі было прынята ўласнікам, піша dev.by.
Афіцыйна кампанія распачала працэдуру ліквідацыі ў лістападзе мінулага году. Таксама кампанія зьнікла са сьпісу рэзыдэнтаў Парка высокіх тэхналёгій (увайшла ў Парк летам 2014 году).
Кампанію Verv (першапачаткова называлася Red Rock Apps) у 2013 годзе заснавала Любоў Пашкоўская разам з двума сузаснавальнікамі. Кампанія стварае мабільныя прыкладаньні ў катэгорыі Health and Fitness. У 2018 годзе Red Rock Apps стала ў сваім сэгмэнце выдаўцом, чые праграмы спампоўваліся найбольш (дадзеныя App Anie), і памяняла назву на Verv. Любоў Пашкоўская трапіла ў сьпіс найлепшых ІТ-бізнэсвумэн Эўропы па вэрсіі Forbes — «Europe’s Top 50 Women In Tech».
На той момант Verv уваходзіла ў топ стваральнікаў фітнэс-прыкладаньняў у Эўропе і ЗША, а колькасьць спампоўваньняў яе распрацовак перавышала аналягічныя паказчыкі Fitbit і Nike.
Таксама Verv уваходзіла ў топ-10 паблішэраў зь беларускімі каранямі па памеры выручкі. Як падлічыла Sensor Tower, па выніках 2021 году выручка Verv склала каля 13 мільёнаў даляраў. Прыкладаньні Verv спампавалі больш за 5 мільёнаў разоў.
На пачатку мінулага году Любоў Пашкоўская паведаміла, што сыходзіць з Verv. На той момант яна заставалася CEO кампаніі Predicted.io. Гэта маркетынгавая аналітычная плятформа, якая прагназуе выручку ад прыцягнутых карыстальнікаў.
У менскім офісе Verv раней працавалі каля 100 супрацоўнікаў. Цяпер у LinkedIn мы знайшлі профілі 55 чалавек, якія пазначылі ў якасьці актуальнага месца працы Verv. Толькі некалькі зь іх пазначылі Беларусь у якасьці сваёй лякацыі. Большасьць супрацоўнікаў цяпер у Польшчы.
Verv папоўніла сьпіс вядомых мабільных распрацоўшчыкаў зь беларускімі каранямі, якія ліквідуюць кампанію ў Беларусі. У гэтым сьпісе Flo, Wannaby, Playgendary, Vochi. Таксама зь Беларусі сышоў гігант геймдэву Playrix.