Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне больш ня дзейнічае спрошчаная сыстэма легалізацыі беларускіх работнікаў ІТ-сфэры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сьнежні 2021 году ўрад Украіны падоўжыў дзеяньне сваёй пастановы на год, да 31 сьнежня 2022 году. З 1 студзеня 2023 году дакумэнт страціў юрыдычную моц.

Урад Украіны не прадоўжыў дзеяньне сваёй пастановы, якая прадугледжвала спрошчаную працэдуру легалізацыі для грамадзян Беларусі, спэцыялістаў у сфэры інфармацыйных тэхналёгій.

Пастанову ўхвалілі 23 сьнежня 2020 году на падставе адпаведнага ўказу прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ад 2 кастрычніка 2020 году. У ім вялося выключна аб грамадзянах Беларусі і аб прэфэрэнцыях пры аплаце падаткаў і легалізацыі высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якіх патрабуе ўкраінская эканоміка.

Тады пасьля масавых акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў шмат кампаній у сфэры інфармацыйных тэхналёгій і іхных супрацоўнікаў пераехалі ва Ўкраіну, некаторыя зь іх уцякалі ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі.

У сьнежні 2021 году ўрад Украіны падоўжыў дзеяньне сваёй пастановы на год, да 31 сьнежня 2022 году. Адпаведна, з 1 студзеня 2023 году дакумэнт страціў юрыдычную моц.

Адметна, што ўказ № 420/2020, падпісаны Ўладзімірам Зяленскім, «Аб некаторых захадах для прыцягненьня прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь», дзейнічае дагэтуль. Але цяпер ім фактычна немагчыма скарыстацца, бо адсутнічае нарматыўная база для яго рэалізацыі. Гэтыя функцыі выконвала пастанова ўраду.

У сакавіку 2023 году стала вядома, што ва Ўкраіне падатковымі перавагамі ў ІТ-сэктары скарысталіся толькі дзьве кампаніі, якія маюць уласьнікаў зь Беларусі. Гэта кампаніі Perevaga Technology (бэнэфецыяр беларус Андрэй Басак) і DataMola (бэнэфіцыяр беларус Максім Заранок). Толькі гэтыя дзьве ІТ-кампаніі засталіся ў рэестры прадпрыемстваў – рэзыдэнтаў праекту «Дія.City», створанага для актывізацыі разьвіцьця ІТ-сэктару з асаблівай падатковай сыстэмай.

У сьнежні 2020 году Міністэрства лічбавай трансфармацыі Ўкраіны паведамляла, што ва Ўкраіну пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020-га пераехалі каля 40 ІТ-кампаніяў і больш як 2000 фрылянсэраў зь Беларусі. Тады ж ва Ўкраіне стварылі адмысловы праект падтрымкі беларускіх спэцыялістаў ІТ-сэктару, распрацаваны супольна з ІТ-асацыяцыямі, міністэрствамі эканомікі і замежных справаў.

Каб заахвоціць беларускіх ІТ-спэцыялістаў да пераезду ва Ўкраіну, Міністэрства лічбавай трансфармацыі ініцыявала замацаваньне на заканадаўчым узроўні выбару спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня нават без дазволу на часовае або сталае жыхарства, а таксама магчымасьці быць на тэрыторыі Ўкраіны больш за 90 дзён без дазволу на жыхарства.

У пачатку кастрычніка 2020 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ № 420/2020 «Аб некаторых захадах для прыцягненьня прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія ёсьць грамадзянамі Рэспублікі Беларусі». На яго падставе ўрад Украіны распрацаваў адпаведныя мэханізмы рэалізацыі гэтага дакумэнту.

Беларускі бок назваў гэты дакумэнт недружалюбным і дыскрымінацыйным крокам, а МЗС Беларусі ўручыў ноту ўкраінскаму амбасадару з прычыны таго, што Ўкраіна прыняла гэты ўказ «у парушэньне агульнапрынятых праўных нормаў распаўсюджвае сваё дзеяньне выключна на грамадзян суседняй дзяржавы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG