Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэзыдэнт Косава заявіў у Гааскім судзе аб сваёй невінаватасьці


Хашым Тачы ў Гааскім судзе
Хашым Тачы ў Гааскім судзе

Былы прэзыдэнт часткова прызнанай рэспублікі Косава Хашым Тачы заявіў пра сваю невінаватасьць у забойствах і катаваньнях падчас збройнага канфлікту ў былой Югаславіі.

Трэцяга красавіка ў Гаазе пачаліся слуханьні ў справе аб ваенных злачынствах у Косаве.

«Я абсалютна невінаваты», — заявіў Тачы ў судзе. Трое іншых абвінавачаных — Якуп Красьнічы, Кадры Веселі і Рэджэп Сэлімі — віну таксама не прызналі.

Тачы, Веселі, Красьнічы і Селімі ўваходзілі ў кіраўніцтва Вызваленчай арміі Косава (ВАК) — ваенізаванага аб’яднаньня косаўскіх альбанцаў, якія ваеннымі мэтадамі дамагаліся незалежнасьці ад Югаславіі ў канцы 1990-х гадоў. Апэрацыі югаслаўскай арміі і сэрбскай паліцыі ў мяцежным Косаве суправаджаліся масавымі парушэньнямі правоў чалавека. Падчас канфлікту загінулі каля 13 тысяч чалавек, пераважна этнічных альбанцаў з Косава. Яшчэ каля мільёна альбанцаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

Пракуроры лічаць, што былыя сэпаратысты таксама нясуць адказнасьць за ваенныя злачынствы. На іх як на лідэраў ВАК ускладаецца віна за сотні забойстваў і незаконных затрыманьняў у Косаве і паўночнай Альбаніі ў 1998–1999 гадах.

Па словах пракурора, ВАК праводзіла «выразную і відавочную палітыку перасьледу калябарацыяністаў і меркаваных здраднікаў, уключаючы палітычных апанэнтаў». «Ніхто не стаіць вышэй за закон, нават у ваенны час», — дадаў ён.

5 лістапада 2020 года Гааскі суд зацьвердзіў абвінавачаньне Тачы ў злачынствах супраць чалавечнасьці і ваенных злачынствах. У той жа дзень палітык сышоў з прэзыдэнцкай пасады ў Косаве і быў узяты пад варту.

У нядзелю, 2 красавіка, у Косаве прайшлі масавыя мітынгі ў падтрымку абвінавачаных. Пратэстоўцы лічаць Гааскі суд «несправядлівым» і разглядаюць трыбунал як спробу перапісаць гісторыю барацьбы Косава за незалежнасьць.

Косава, дзе пражываюць у асноўным этнічныя альбанцы, абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі ў 2008 годзе. Яе прызнаюць, паводле розных ацэнак, ад 94 да крыху больш як ста дзяржаваў, у тым ліку ЗША і большая частка дзяржаваў ЭЗ, але не Расея, Беларусь, Індыя і Кітай.

У лютым 2023 году лідэры Сэрбіі і Косава падтрымалі прапанаванае Эўразьвязам пагадненьне «Аб шляху да нармалізацыі адносінаў». Аднак Бялград на ўзроўні афіцыйнай рыторыкі не дапускае магчымасьці прызнаньня незалежнасьці Косава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG