Дзявятага лістапада ў Гаазе пачынаюцца першыя публічныя слуханьні ў справе былога прэзыдэнта часткова прызнанага Косава Хашыма Тачы, якога арыштавалі ў Гаазе 6 лістапада пасьля таго, як яго абвясьцілі падазраваным у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці. За дзень да арышту Тачы пайшоў у адстаўку з пасады прэзыдэнта.
Тэлеканал «Настоящее время» апавядае гісторыю канфлікту ў Косаве і чаму падазраваных пачалі называць праз 20 гадоў пасьля заканчэньня канфлікту.
Што адбылося
Косаўская спэцпракуратура ў Гаазе яшчэ ўлетку 2020 выставіла абвінавачаньне супраць Хашыма Тачы, былога старшыні косаўскага парлямэнту Кадры Вэсэлі і яшчэ некалькіх высокапастаўленых чыноўнікаў. Іх падазраюць у дачыненьні да забойстваў каля ста чалавек, выкраданьняў, перасьледу і катаваньняў людзей падчас або пасьля завяршэньня збройнага канфлікту ў Косаве.
Паводле зьвестак сьледзтва, ахвярамі злачынстваў былі прадстаўнікі розных этнічных груп, у тым ліку косаўскія альбанцы, сэрбы, ромы і іншыя. Сярод ахвяраў таксама ўказваюць некалькі палітычных апанэнтаў, адзначае балканская служба Радыё Свабода.
Сам Тачы і яго паплечнікі адмаўляюць якое-небудзь дачыненьне да пунктаў абвінавачаньня. Пакідаючы прэзыдэнцкую пасаду, ён сказаў, што робіць гэта, каб «абараніць недатыкальнасьць прэзыдэнцтва Косава» і захаваць гістарычную праўду пра тое, хто быў вінаватым, а хто ахвярай у канфлікце.
Незадоўга да арышту Тачы ў Прышціне пры садзейнічаньні сіл бясьпекі місіі ЭЗ для падтрыманьня законнасьці затрымалі былога сьпікера парлямэнта Косава Якупа Красьнічы і былога дэпутата парлямэнту з Камітэту міжнародных спраў і бясьпекі Рэджэпа Селімі — таксама на запыт гаагскай спэцпракуратуры.
У заяве спэцпракуратуры таксама адзначаецца, што Тачы і Вэсэлі значна перашкаджалі працы ведамства, не ішлі на кантакт, а таксама ўпотай рыхтавалі рэформу судовай сыстэмы, пасьля якой іх арышт быў бы немагчымы.
Чаму Тачы стаў падазраваным
Косава — горны рэгіён паміж Сэрбіяй, Македоніяй, Альбаніяй і Чарнагорыяй, які сэрбы лічаць важным для сябе гістарычным месцам. Але да канца мінулага стагодзьдзя альбанцы склалі большую частку насельніцтва гэтага рэгіёну. У 1989 годзе, незадоўга да пачатку югаслаўскай вайны, рэгіён пазбавілі аўтаномнага статусу, а этнічных альбанцаў пачалі звальняць зь дзяржаўных органаў, і гэта выклікала масавую незадаволенасьць жыхароў.
Для супрацьстаяньня цэнтральнай уладзе частка косаўскіх альбанцаў аб’ядналася ў ваенізаваную арганізацыю «Вызваленчая армія Косава» (ВАК). Паводле зьвестак Гаагскага трыбуналу, гэта адбылося ў сярэдзіне 1990-х, але дакладная дата яе стварэньня невядомая. Спачатку ўдзельнікі арганізацыі дзейнічалі партызанскімі мэтадамі, у некаторых краінах яе прызналі тэрарыстычнай групоўкай. Байцы ВАК нападалі на югаслаўскіх паліцыянтаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў, якіх падазравалі ў зьдзеках з альбанцаў.
Хашым Тачы, Кадры Вэселі, Якуп Красьнічы і Рэджэп Сэлімі ўваходзілі ў кіраўніцтва ВАК на працягу ўсяго канфлікту. Спэцпракуратура ў Гаазе заявіла, што яны асабіста адказныя за многія злачынствы супраць чалавечнасьці. Тачы займаў пазыцыю кіраўніка палітычнага крыла ВАК і быў галоўным перамоўнікам падчас заключных стадый канфлікту.
Апэрацыі сэрбскай паліцыі і югаслаўскай арміі ў рэгіёне суправаджаліся масавымі парушэньнямі правоў чалавека. Вясной 1999 году сілы NATO прынялі рашэньне аб маштабным бамбаваньні Бялграду, каб спыніць гвалт на тэрыторыі былой Югаславіі. Тады Сэрбія страціла кантроль над тэрыторыяй Косава, у рэгіён увялі міратворчую місію ААН, а частка міжнароднай супольнасьці падтрымала ВАК.
У 2008 годзе Косава ў аднабаковым парадку абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі. Дзяржаву прызналі 116 краін сьвету, сярод якіх ЗША, Канада, Аўстралія, Турэччына, Вялікая Брытанія і 22 з 27 краін ЭЗ (сярод іх Францыя і Нямеччына). Незалежнасьць Косава, акрамя Сэрбіі, не прызнаюць Расея, Кітай і пяць краін ЭЗ, у прыватнасьці Гішпанія і Славаччына.
Як праходзіла расьсьледаваньне
У першыя гады пасьля заканчэньня канфлікту расьсьледаваньнем ваенных злачынстваў і фармаваньнем часовых органаў улады займалася спэцыяльная місія ААН. Тады таксама быў створаны Міжнародны трыбунал для былой Югаславіі ў Гаазе, афіцыйна ён скончыў сваю працу ў канцы 2017 году.
Усяго за мінулыя 20 гадоў былі зробленыя чатыры спробы расьсьледаваць ваенныя злачынствы ў Косаве, у якіх падазравалі членаў ВАК. Міжнародныя сьледчыя змаглі дапытаць звыш дзясятка былых байцоў і камандзіраў ВАК, а таксама семʼі некаторых пацярпелых. На допыты выклікалі нават былога начальніка вайсковай паліцыі ВАК Назіфа Мэхмэці і вядомых камандзіраў Рустэма Мустафу Рэмі і Самі Луштаку. Ім і раней выстаўлялі абвінавачаньні ў ваенных злачынствах, але ў выніку ўсіх траіх суд апраўдаў.
У 2011 годзе ПАРЭ прадставіла спэцыяльны даклад аб ваенных злачынствах у Косаве, заснаваны на сабраных сьведчаньнях і заключэньні былога генэральнага пракурора Міжнароднага трыбуналу для Югаславіі. У ім сьцьвярджалася, што ўдзельнікі Вызваленчай арміі Косава ў канцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў былі датычныя да наркагандлю, гандлю органамі ваеннапалонных, а таксама выкраданьня і забойстваў людзей, якія не падтрымлівалі ВАК. У дакладзе гаворыцца, што пракуроры змаглі ўстанавіць ня менш за 500 імёнаў людзей, якія прапалі бязь вестак у час канфлікту.
У дакладзе таксама сьцьвярджалася, што міжнародныя органы, якія павінны былі наладзіць стабільнасьць у рэгіёне ў пасьляваенны пэрыяд, амаль цалкам даверыліся ВАК і не правялі належнага расьсьледаваньня злачынстваў, заплюшчвалі вочы на доказы, а ў некаторых выпадках доказы былі наўмысна зьнішчаныя.
«Тое, што гэтыя парушэньні правоў чалавека адбываліся ў кантэксьце жорсткага канфлікту, ня можа служыць апраўданьнем адмовы ад расьсьледаваньня і суду над людзьмі, якія зьдзейсьнілі гэтыя злачынствы. Адно правасудзьдзе для пераможцаў і іншае для тых, хто прайграў — так быць не павінна», — гаворыцца ў дакладзе.
Празь недахоп фінансаваньня і боязь у прадузятасьці бакоў канфлікту Спэцыяльны міжнародны трыбунал для Косава быў створаны ў Нідэрляндах толькі ў 2015 годзе, праз чатыры гады пасьля прэзэнтацыі дакладу ПАРЭ. Нягледзячы на тое, што трыбунал разьмешчаны ў Гаазе, ён фармальна зьяўляецца часткай косаўскай прававой сыстэмы. Яго працу цяпер фінансуюць ЭЗ, ЗША, Канада, Нарвэгія, Швайцарыя і Турэччына. Трыбунал займаецца расьсьледаваньнем злачынстваў з пачатку 1998 году па канец 2000, ужо пасьля заканчэньня вайны.
Амаль пяць гадоў пасьля стварэньня трыбуналу для Косава пракуроры не апавяшчалі ніякіх вынікаў сьледзтва. Але першая інфармацыя пра падазраваных зьявілася ўлетку 2020 году — імі сталі прэзыдэнт Косава Хашым Тачы і яго былыя паплечнікі з ВАК.