Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блінкен: Кітай можа даць РФ дыпляматычнае прыкрыцьцё для працягу злачынстваў ва Ўкраіне


Энтані Блінкен прадстаўляе штогадовы даклад Дзярждэпартамэнту аб выкананьні правоў чалавека ў сьвеце, 20 сакавіка 2023
Энтані Блінкен прадстаўляе штогадовы даклад Дзярждэпартамэнту аб выкананьні правоў чалавека ў сьвеце, 20 сакавіка 2023

У панядзелак, прадстаўляючы ў Дзярждэпартамэнце даклад аб выкананьні правоў чалавека ў сьвеце за 2022 год, дзяржсакратар Энтані Блінкен адмыслова спыніўся на візыце кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна ў Маскву і прапановах Пэкіна па мірным урэгуляваньні ва Ўкраіне.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Як адзначыў Блінкен, ЗША чакаюць, што Кітай «можа выкарыстоўваць гэты візыт, каб паўтарыць заклікі да спыненьня агню ў рамках сваіх прапановаў аб перамір’і».

Дзяржсакратар падкрэсьліў, што «ЗША вітаюць любую ініцыятыву, якая дапаможа забясьпечыць справядлівы і трывалы мір, у тым ліку элемэнты, якія ЗША падтрымліваюць ужо даўно, уключаючы забесьпячэньне ядзернай бясьпекі, урэгуляваньне першачарговага крызісу і абарону грамадзянскіх асобаў».

Дзяржсакратар нагадаў, што «старшыня Сі прыехаў у Расею праз некалькі дзён пасьля таго, як Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Пуціна». Ён канстатаваў, што ў сувязі з гэтым крокам «можна меркаваць, што Кітай не адчувае сябе абавязаным ускладаць на Крэмль адказнасьць за зьверствы, учыненыя ва Ўкраіне. І замест таго, каб асудзіць іх, хутчэй падасьць дыпляматычнае прыкрыцьцё Расеі, каб яна працягвала ўчыняць падобныя злачынствы».

Як нагадаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЗША, Дзярждэпартамэнт лічыць, што падмуркам любога пляна спыненьня вайны супраць Украіны і ўсталяваньня справядлівага і трывалага міру «павінна быць адстойваньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў адпаведнасьці са Статутам ААН».

Акрамя таго, адзначыў дзяржсакратар, «заклік да спыненьня агню, які не прадугледжвае вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Украіны, фактычна азначаў бы ратыфікацыю расейскіх захопаў. Ён стаў бы прызнаньнем спробаў Расеі сілай захапіць тэрыторыю сувэрэннай дзяржавы. Гэта дазволіла б Расеі яшчэ больш умацаваць свае пазыцыі ва Ўкраіне».

Дзярждэпартамэнт лічыць, што «перамірʼе зараз, без доўгатэрміновага рашэньня, дала б Пуціну перадышку і магчымасьць перадысьлякаваць свае войскі, а затым аднавіць вайну ў больш выгадны для Расеі час», працягваў кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі.

«Сьвет, — падкрэсьліў ён, — не павінен быць уведзены ў зман ніякімі тактычнымі крокамі Расіі пры падтрымцы Кітая або любой іншай краіны, накіраванымі на замарожваньне вайны на расейскіх умовах. Падобны крок стаў бы парушэньнем Статуту ААН і парушэньнем волі 141 краіны, якая асудзіла вайну Расеі на Генэральнай Асамблеі ААН».

Дзяржсакратар нагадаў, што Ўкраіна, як адзін з бакоў канфлікту, ужо вылучыла формулу справядлівага міру і што калі Кітай падтрымлівае спыненьне вайны на аснове прынцыпаў Статуту ААН, то ён можа супрацоўнічаць з прэзыдэнтам Украіны на падставе гэтага пляну, а таксама выкарыстоўваць свой уплыў на Маскву, каб прымусіць Расею адвесьці свае войскі.

Па словах Блінкена, «анэксія Расеяй сувэрэннай украінскай тэрыторыі, у тым ліку тэрыторый, якія яна нават не кантралюе, і яе жорсткія напады на мірных жыхароў, ясна паказваюць, што прэзыдэнт Пуцін у цяперашні час не зацікаўлены ў такім міры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG