«Гэты пакет вайсковай дапамогі ўключае больш боепрыпасаў для прадастаўленых ЗША HIMARS і гаўбіц, якія Ўкраіна так эфэктыўна выкарыстоўвае для абароны, а таксама боепрыпасы для баявых машын пяхоты Bradley, бронетэхнікі, выбуховых боепрыпасаў і абсталяваньня, а таксама іншыя сродкі тэхнічнага абслугоўваньня, навучаньня і падтрымкі», — заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Гэтыя сродкі, па словах Блінкена, перадаюцца Ўкраіне з амэрыканскіх запасаў у якасьці экстранай дапамогі. На іх пастаўку не патрэбная ўхвала Кангрэсу.
У гадавіну расейскага ўварваньня — 24 лютага — адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна абвясьціла аб дадатковым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне ў памеры 2 мільярдаў даляраў. У яго ўваходзяць, у тым ліку, дадатковыя боепрыпасы для кіраваных ракетных артылерыйскіх комплексаў (HIMARS), дадатковыя 155-мм артылерыйскія снарады і іншае.
Паводле зьвестак Мінфіну ЗША, на сёньняшні дзень Злучаныя Штаты далі Ўкраіне дапамогу у памеры амаль 50 мільярдаў даляраў у галіне бясьпекі, а таксама эканамічнай і гуманітарнай падтрымкі.