Беларусь з паказчыкам 2,03% заняла чацьвёртае месца па росьце спажывецкіх цэн за студзень — люты 2023 году сярод краінаў былога СССР, сьведчыць праведзены BPN аналіз нацыянальных органаў статыстыкі (па выніках студзеня было 0,76% і 10-е месца).
У першай тройцы — Кіргізстан (3%), Азэрбайджан (2,5%) і Казахстан (2,3%). Менш, чым у Беларусі, цэны павялічыліся ў Армэніі, Украіне (па 1,5%), Літве, Малдове (па 1,4%), Узбэкістане (1,36%), Расеі, Эстоніі (па 1,3%), Латвіі (1,1%), Таджыкістане (0,9%) і Грузіі (0,4%). Сярэдняя інфляцыя склала 1,57% (за студзень — люты мінулага году — 2,28%).
Па росьце цэн у лютым Беларусь таксама была чацьвёртай (1,26%). У лідэрах — Азэрбайджан, Кіргізстан (па 1,5%) і Казахстан (1,3%). Менш, чым у Беларусі, цэны павялічыліся ў Малдове (0,95%), Літве, Украіне (па 0,7%), Латвіі, Эстоніі (па 0,6%), Узбэкістане (0,54%), Расеі (0,46%), Таджыкістане (0,4%), Грузіі (0,3%) і Армэніі (0,1%). Сярэдняя інфляцыя ў лютым 2023 году склала 0,74% (у лютым 2022-га — 1,12%).
Па-ранейшаму не публікуе зьвесткі аб дынаміцы цэнаў Туркмэністан. У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое мае ўласную фінансавую сыстэму, кошты за студзень — люты павялічыліся на 1,75%.
У 2022 годзе спажывецкія кошты ў Беларусі вырасьлі на 12,83% (дзявятае месца на тэрыторыі былога СССР), у 2021-м — на 9,97% (таксама дзявятае), у 2020-м — на 7,36% (пятае), у 2019-м — на 4,73% (шостае), у 2018-м — на 5,64% (трэцяе), у 2017-м — на 4,59% (дзявятае).