Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАРГ: Інфляцыя ў лютым адпавядае сярэднім значэньням за апошнія 10 гадоў


Грошы. Ілюстрацыйнае фота
Грошы. Ілюстрацыйнае фота

Паказчыкі месячнай інфляцыі, зафіксаваныя ў лютым, адпавядаюць сярэднім значэньням за апошнія дзесяць гадоў (з 2013-га па 2022-і). Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 16 сакавіка справаздачы Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ).

«У лютым інфляцыя, як правіла, складала ад 0,5 да 2,9% за месяц. У сярэднім за мінулыя дзесяць гадоў — 1,5%», — паведамляе ведамства.

МАРГ зазначае, што ў лютым «некаторы ціск на інфляцыю» аказала падаражаньне садавіны і агародніны (пераважна імпартных), якое склала 7,8% у адносінах да аналягічнага пэрыяду мінулага году.

«Замаруджваньню гадавой інфляцыі працягвае садзейнічаць цэнавае рэгуляваньне на ўнутраным рынку, скарачэньне гадавога індэксу спажывецкіх цэн (ІСЦ) у РФ — асноўным гандлёвым партнэры [Беларусі], умацаваньне беларускага рубля да расейскага, а таксама зьніжэньне цэн на сыравінныя тавары на сусьветных рынках», — сьцьвярджае ведамства.

Спэцыялісты МАРГ зьвяртаюць увагу, што ў Расеі гадавы рост цэнаў у лютым склаў 11% (11,8% на канец студзеня). Пры гэтым у адносінах да студзеня інфляцыя зафіксавана на ўзроўні 0,5%.

Умацаваньне беларускага рубля да расейскага адзначаецца са жніўня 2022 году, гаворыцца ў справаздачы ведамства. За люты адносна ліпеня мінулага году беларуская валюта ўмацавалася да кошыка асноўных валют прыкладна на 7,7%, гэта адбылося за кошт умацаваньня да расейскага рубля на 15,6%.

«Пры гэтым да даляра ЗША беларускі рубель за названы пэрыяд аслабеў на 5,9%, да кітайскана юаня — на 4,5%», — удакладняе МАРГ.

Паводле дадзеных ведамства, сусьветныя цэны на харчы ў другім месяцы 2023-га зьнізіліся на 9, 7% у гадавым вымярэньні.

«Як вынік станоўчага ўплыву вонкавых фактараў у лютым працягнулася тэндэнцыя да запаволеньня гадавога прыросту цэн на большасьць тавараў крытычнага імпарту», — зазначаецца справаздачы.

Дадатковае дэзынфляцыйнае ўзьдзеяньне, паводле ацэнак МАРГ, працягвае аказваць «запаволеньне гадавога прыросту цэн вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі», якое назіраецца з кастрычніка 2022 году, а таксама прамысловай прадукцыі (зь леташняга траўня).

«Як вынік, прырост спажывецкіх цэнаў на мяса і мясапрадукты скараціўся на 1,1 працэнтнага пункта да 7,7% у гадавым вымярэньні, хлеб і хлебабулачныя вырабы — на 0,6 працэнтнага пункта да 13,4%, малако і малочныя прадукты — на 0,4 працэнтнага пункта да 12,2%», — сьцьвярджае міністэрства.

У лютым рост цэнаў на прадукцыю сельскай гаспадаркі замарудзіўся на 1,7 працэнтнага пункта ў параўнаньні са студзенем і склаў 19,6% ў гадавым вымярэньні, на спажывецкія тавары — на 1,3 працэнтнага пункта да 11,4%.

Паводле заключэньня МАРГ, у другім месяцы асноўны ўплыў на месячную інфляцыю (каля 60 працэнтаў ад усяго прыросту ІСЦ) аказалі тры фактары: падаражаньне пераважна імпартнай агародніны і садавіны, павелічэньне цэнаў на падакцызныя тавары, а таксама плянавае павышэньне тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі.

Садавіна за справаздачны месяц падаражэла на 3,6%, гародніна — на 10,6%.

«Зьніжэньню месячнай інфляцыі садзейнічала патаньненьне мяса і мясапрадуктаў (0,3%), алею і тлушчаў (0,3%), тавараў бакалейнай групы і некаторых нехарчовых тавараў (тканін, адзеньня, абутку, бытавых электратавараў, тэлевізараў, будаўнічых матэрыялаў), парфумэрна-касмэтычных тавараў). Патаньненьне гэтых тавараў сумарна абумовіла каля 0,1 працэнтнага пункта зьніжэньня ІСЦ», — гаворыцца ў справаздачы.

Пры гэтым у рамках «пастаянна рэгуляванага цэнаўтварэння» ў лютым у параўнаньні са студзенем «плянава павышаны тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі на 6,6 працэнта», заяўляюць у МАРГ. Акрамя гэтага, адзначаецца «павелічэньне цэнаў на тытунёвыя вырабы (0,6%) і гарэлку (7,4%)», акрамя таго, на 0,6% падаражэлі лекі.

«Астатнія цэны і тарыфы не падвышаліся», — сьцьвярджае ведамства.

«Устаноўлены 131 факт невыкананьня патрабаваньняў нарматыўных прававых актаў, накіравана 36 прадпісаньняў (рэкамэндацый) аб устараненьні парушэньняў, меры адміністрацыйнай адказнасьці і прафіляктычнага характару прыменены ў дачыненьні да 90 вінаватых асоб, штрафныя санкцыі па разгледжаных адміністрацыйных справах склалі 670,5 тыс. рублёў», — прыводзіць лічбы міністэрства.

Паводле даных Белстату, спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў лютым 2023 года ў параўнаньні са студзенем вырасьлі на 1,3%, з пачатку года — на 2%, за апошнія 12 месяцаў — на 11,7%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG